З рагачоўскага рога ўсяго многа

- 11:22Родная земля, Рознае

Чароўны рог (той самы, з якога ўсяго многа) настолькі шчодра надзяліў Рагачоўскую зямлю гістарычнай і прыроднай спадчынай, што, здаецца, не хопіць і цэлага жыцця, каб наведаць усе яе адметныя куточкі. Вас цікавяць помнікі архітэктуры — калі ласка, вуліцы Рагачова запрашаюць; вам хочацца падняцца на старажытныя гарадзішчы і адтуль, з высокіх дняпроўскіх берагоў, палюбавацца былымі ўладаннямі радзімічаў і дрыгавічоў — і гэта рэальна. А можа, вы шукаеце “клёвыя” мясціны, дзе жыве сапраўднае рыбацкае шчасце? Тады вам таксама да берагоў Дняпра і Друці, у край, дзе гаспадарыць усё той жа чароўны і загадкавы рог.

Прыемныя сустрэчы

Кожнага рагачоўскага госця, які вырашыць развеяцца з дарогі і прагуляцца па цэнтральнай вуліцы Леніна, чакае некалькі цікавых сустрэч. Першая такая сустрэча з вялікай выявай цёмна-шэрага рога, які паважна разлёгся на жоўта-залацістым гербавым фоне побач з надпісам “Рагачоў 1142”, абудзецца адразу на аўтавакзале, каля месца стаянкі аўтобусаў. Наступная, ужо зусім неспадзяваная сустрэча чакае праз метраў дваццаць, на ганку магазіна “Спатканне”, дзе каля вывескі-назвы таксама красуецца старадаўні герб. Далей — яшчэ цікавей. Аказваецца, у прадуктовым магазіне можна не толькі набыць хлеб і да хлеба, але і паспрабаваць, так бы мовіць, краязнаўчага пажытку: на вітрынах, побач з традыцыйнымі малюнкамі каўбас і батонаў, змешчаны плакаты з інфармацыяй пра біяграфіі знакамітых землякоў.
Яшчэ некалькі краязнаўча-магазінных цікавых рэчаў чакае на рагу вуліц Леніна і Кірава: гэта вывескі “Дняпроўскі”, “Рагачоўскі”, а таксама “Мадэрн” (менавіта так называўся тэатр, пабудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя на сродкі сям’і мецэнатаў Рагачова Ёлшыных). Але і гэта не ўсё. Насупраць “Мадэрна” — вялікі білборд з надпісам “70-годдзе вызвалення Рагачова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, каля якога на ўскрайку парку Цымермана размясціўся Рагачоўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Вызначыць яго будынак вельмі проста: указальнікамі стануць прадметы адкрытай экспазіцыі музея “Лёс салдата”, а менавіта рэшткі самалёта-штурмавіка ІЛ-2, якія ляжаць каля самага ганка.

Сотні лёсаў

Рэшткі кабіны, рухавікоў, шасі нібыта магніт прыцягваюць увагу прахожых, прымушаюць спыніцца, заглянуць у будынак цэнтра і затрымацца там мінімум на гадзіну: менавіта столькі патрэбна для больш-менш дэталёвага знаёмства з багатай экспазіцыяй музея “Лёс салдата” — самага маштабнага з музеяў баявой славы сістэмы адукацыі краіны. Высокі статус пацвярджаюць рэгулярныя прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах музеяў устаноў адукацыі.
— Асновай экспазіцыі, адкрытай у 1994 годзе, сталі гістарычныя крыніцы, знойдзеныя ў архівах Беларусі, Расіі, і паднятыя з зямлі ўзбраенне, вузлы савецкіх самалётаў ЯК-1, ІЛ-2 юнымі разведчыкамі ваеннай славы сённяшняга Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага будаўнічага ліцэя імя П.Я.Галавачова. На працягу 20 гадоў яго навучэнцы пад кіраўніцтвам Марата Рыгоравіча Гаравога вялі раскопкі на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай, Кіеўскай абласцей на месцах падзення савецкіх самалётаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, устанаўлівалі імёны загінуўшых лётчыкаў і салдат. Месцы пошукаў пазначаны на спецыяльнай карце. Чаму яны зацікавіліся гэтай тэматыкай? Справа ў тым, што да вайны там вучыўся двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Якаўлевіч Галавачоў, які ў гады вайны здзейсніў два паветраныя тараны. Менавіта з даследавання подзвігу і біяграфіі знакамітага выпускніка і пачалася работа, — расказвае кіраўнік музея дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Генадзь Васільевіч Цітовіч.
У выніку актыўных пошукаў юныя разведчыкі ваеннай славы вярнулі з забыцця больш за 100 імёнаў абаронцаў Айчыны. Зацікаўленасць і апантанасць навучэнцаў усяляк падтрымлівалася партыйнымі органамі. У арганізацыі пошукаў на тэрыторыі Рагачоўскага раёна дапамогу аказваў райкам партыі, райвыканкам, аўтапарк № 9 Рагачова. Праводзіў кансультацыі для юных разведчыкаў і першы інструктар лётчыка-касманаўта Юрыя Аляксеевіча Гагарына, жыхар Гомеля, Герой Савецкага Саюза Рыгор Кірылавіч Дзенісенка. У 1988 годзе за актыўную пошукавую работу гомельскія разведчыкі ваеннай славы атрымалі прэмію імя Ленінскага камсамола (а гэта каля 10 тысяч рублёў) і перадалі яе на патрэбы гомельскага дзіцячага дома.
Сярод экспанатаў музея не толькі асабістыя рэчы лётчыкаў (напрыклад, баявы шлемафон Анатоля Дзмітрыевіча Кузняцова), пехацінцаў, фрагменты самалётаў. Цікавымі з’яўляюцца інструменты, з дапамогай якіх навучэнцы вялі пошукі. Побач з абмундзіраваннем салдат Чырвонай Арміі ў экспазіцыі прадстаўлена спецыяльная форма юных разведчыкаў з шаўронамі, якую яны апраналі на выпадак ганаровага перапахавання салдат. Усяго ў музеі захоўваецца больш за 6 тысяч экспанатаў. Прычым экспазіцыя пастаянна папаўняецца. Частка знойдзеных прадметаў нярэдка перадаецца ў школьныя музеі раёна. Экспазіцыя карыстаецца папулярнасцю не толькі ў жыхароў горада і раёна, але і ў гасцей санаторыя “Прыдняпроўскі”.

Творчы прытулак

Дзякуючы арыгінальнаму афармленню экспазіцыі, можна завочна прайсціся па брукаваных тратуарах былой вуліцы Быхаўскай (сённяшняй Леніна), каля будынка жаночай гімназіі, Земскай управы, дома купца Беленькага, сабора Аляксандра Неўскага, касцёла Святога Антонія, наведаць гандлёвыя рады — выявы ўсіх гэтых помнікаў архітэктуры стварыў на сцяне музейнай залы мастак рагачоўскі краязнаўца Уладзімір Ільіч Паладзенка. На жаль, многія будынкі згінулі ў віхуры часу.
Старыя вуліцы і завулкі Рагачова прыводзяць да самых цікавых і нечаканых мясцін. Калі звярнуць з вуліцы Леніна на вуліцу Чкалава, то нельга не заўважыць адметны аднапавярховы драўляны дом з тыповым для Падняпроўя дахам. Гэты дом яшчэ ў 1914 годзе пабудаваў дзед Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча Васіль Юльянавіч Грынкевіч, і менавіта гэты дом, як сведчыць памятная шыльда, многія гады быў для пісьменніка творчым прытулкам, як для Купалы — Акопы, як для Пушкіна — Болдзіна. Тут ствараліся “Каласы пад сярпом тваім”, аповесць “Ладдзя роспачы”, апавяданне “Паром на бурнай рацэ”. Дарэчы, твор “Паром на бурнай рацэ” для сям’і Караткевіча аўтабіяграфічны. Па словах Генадзя Васільевіча, прадзед пісьменніка афіцэр Фама Міхайлавіч Грыневіч за ўдзел у паўстанні быў прыгавораны да смяротнага пакарання, аднак, дзякуючы хадайніцтву яго жонкі перад генерал-губернатарам Мураўёвым, вышэйшая мера пакарання была заменена катаргай.
Жанчына, нібыта зязюля, ляцела з каштоўным лістом у Рагачоў, аднак на пераправе праз Дняпро каля Быхава яе затрымала паліцыя. Гэта цяпер мабільнікі, інтэрнэт, а раней адсутнасць гэтых звычайных для нас сродкаў сувязі каштавала Фаме Грыневічу жыцця. Жонка не паспела своечасова прывезці пісьмо ў кавалерыйскі полк, і арыштанты былі расстраляны. Цяпер на тым месцы, якое знаходзіцца каля старых яўрэйскіх могілак, ідзе актыўнае будаўніцтва жылых дамоў. На жаль, завітаць у пакой пісьменніка, пасядзець за яго сталом, паглядзець у тое самае акно, святло якога натхняла Уладзіміра Сямёнавіча, не атрымалася. Сённяшні гаспадар не вельмі рады гасцям. Аднак, дзякуючы Генадзю Васільевічу, усё ж атрымалася некалькі хвілін пастаяць у сенцах, паслухаць цішыню старых маўклівых сцен. Эх, выдатны музей атрымаўся б! Аднак сёння пра гэта пакуль што можна толькі марыць.
Сярод іншых караткевічавых мясцін Рагачова старыя праваслаўныя могілкі. На іх ускрайку, пад высокай сасной, магіла бабулі пісьменніка Людмілы Антонаўны Барысевіч. “Непадалёк ад ледзь жывой капліцы, // Над бабчынай магілаю старой, // Як слёзы залацістыя, жывіца // Цячэ з параненых магутных хвой”. Ледзь жывая капліца, пра якую піша пісьменнік, і цяпер стаіць на могілках. Дакладней тры: адна з іх пабудавана на сродкі Ёлшыных у 1895 годзе.

Паміж Дняпром і Друццю

Адкуль пайшло арыгінальнае і адметнае “Рагачоў”, здагадаецца нават першакласнік. Уся таямніца крыецца ў корані “рог”. Аднак пра які рог думалі першыя рагачоўцы, калі давалі назву свайму паселішчу? Можа, гэта той незвычайны, чароўны рог, які вядомы нам з народнай казкі “З рога ўсяго многа”? А можа, гэта рог дамашняй жывёліны, якую некалі масава разводзілі мясцовыя жыхары? Ці ўсё ж рог, які ўтварае Друць пры ўпадзенні ў Дняпро? Меркаванняў многа, аднак найбольш верагодным, навукова апраўданым з’яўляецца апошняе. Іншая гістарычна апраўданая версія сведчыць пра тое, што назва райцэнтра пайшла ад балцкага слова “рогас”, якое абазначае свяцілішча, святыню. Рэшткі аднаго з такіх свяцілішчаў знаходзяцца непадалёк ад вёскі Ходасавічы, на беразе возера Добрае (былая назва Святое).

Археалагічная праўда

Падчас камандзіровак, сустрэч з педагогамі-музейшчыкамі нярэдка даводзіцца чуць цікавыя і амаль неверагодныя гісторыі. Асабліва распаўсюджаны аповеды пра тое, як прадметы з археалагічных раздзелаў экспазіцыі трапляюць у музей літаральна з паверхні гарадзішчаў. Рэшткі керамікі, прылад працы (ды што там гаварыць, нават жаночыя ўпрыгажэнні!), калі верыць настаўнікам-краязнаўцам, часта ляжаць сярод травы і, нібыта грыбы, чакаюць, калі нехта падыдзе і пакладзе іх у краязнаўчы кошык. Да такіх аповедаў заўсёды ставіўся скептычна, пакуль не наведаў музей Збароўскага ясляў-сада — базавай школы імя К.Н.Осіпава.
— Наш музей быў адкрыты ў 1987 годзе. На той час асноўным кірункам яго дзейнасці быў ваенна-патрыятычны. Экспазіцыя знаёміла наведвальнікаў з успамінамі ветэранаў, баявым шляхам збароўцаў, а таксама байцоў 63-га стралковага корпуса, што ўдзельнічалі ў ліпені 1941 года ў наступальнай аперацыі, у выніку якой ад нямецка-фашысцкіх войск былі вызвалены гарады Рагачоў, Жлобін, а таксама некаторыя сельскія населеныя пункты, — расказвае кіраўнік музея Андрэй Іванавіч Чарняўскі.
Пасля гэтых слоў падумалася, што настаўнік біялогіі і хіміі памыліўся. Сапраўды, можа ўсё ж такі не 1941-ы, а 1944-ы. Аднак Андрэй Іванавіч, напэўна, па вачах убачыў мае сумненні, таму ўдакладніў:
— Так, менавіта ў 1941 годзе. Раней пра гэта амаль не пісалася ў падручніках па гісторыі. Аднак факт застаецца фактам. Калі Чырвоная Армія ў цэлым адступала, асобныя яе часткі пачалі ад нашай вёскі контрнаступленне ў кірунку Рагачова. Такім чынам 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наш раён мог справядліва святкаваць яшчэ тры гады назад. У тым далёкім 1941-м ураджэнец Збарова Кірыл Нікіфаравіч Осіпаў, імя якога і носіць наша школа, вывеў з акружэння 5 тысяч чалавек, за што атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.
З нядаўняга часу экспазіцыя пачала папаўняцца прадметамі этнаграфіі, археалогіі. Пошукі вядуцца даволі актыўна, і цяпер археалагічная музейная калекцыя па колькасці прадметаў роўная, а то і пераўзыходзіць ваенны раздзел, матэрыялы якога збіраюцца амаль 30 гадоў.
— Займацца археалогіяй мы пачалі невыпадкова: у ваколіцах вёскі багата гарадзішчаў. Разам з навучэнцамі мы дапамагаем праводзіць раскопкі супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ігару Мікалаевічу Язэпенку, Мікалаю Мікалаевічу Крывальцэвічу і іншым. Амаль усе археалагічныя прадметы знойдзены на паверхні зямлі. Падчас адной з апошніх экскурсій за тры гадзіны мы знайшлі каля 15 асколкаў ад бранзалетаў, якімі ўпрыгожваліся жанчыны каля 800 гадоў назад. І гэта не гаворачы пра шматлікія рэшткі керамікі і прылад працы. У выніку пошукаў ствараюцца даследчыя работы. Адна з апошніх — “Гісторыя прыдняпроўскай вёскі Збароў. Ад старажытнасці да 1940 года”, — паведаміў Андрэй Іванавіч.
Калі каштоўная археалагічная калекцыя, якая стане ўпрыгажэннем любога школьнага музея, была знойдзена ўсяго за 3 гадзіны, то, напэўна, хвілін дзесяць будзе дастаткова для таго, каб пакласці ў кішэню хаця б 2-3 асколкі старажытнага глінянага збана або кавалачкі вострага апрацаванага крэмнію. З гэтай мэтай і рушыла наша археалагічная кампанія, у якую ўваходзілі Генадзь Васільевіч Цітовіч і вадзіцель аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Мікалай Аркадзьевіч Лазарэнка, на высокі бераг Дняпра, да археалагічнага помніка перыяду ранняга Сярэднявечча. Тыя дзесяць хвілін, на працягу якіх мы аглядалі гарадзішча, развеялі мае ранейшыя сумненні. Цяпер дакладна ведаю, што настаўнікі-краязнаўцы — гэта не рыбакі, якія любяць упрыгожваць свае аповеды пра памеры ўлову. Аматары мінулага роднай зямлі — людзі слова. Толькі некалькі хвілін спатрэбілася на тое, каб знайсці ў траве, на ўзбочыне палявой дарогі, якая ўецца каля гарадзішча, няхай і невялікую, але сапраўдную археалагічную калекцыю: некалькі ўзораў керамікі і каменных прылад працы. Кераміку мы вызначылі па частках характэрных узораў, а прылады працы — па апрацаваным камені.
Непадалёк ад помніка археалогіі, таксама на высокім дняпроўскім беразе, знаходзіцца яшчэ адзін помнік рэспубліканскага значэння, праўда, ужо прыроды — геалагічнае агаленне “Збарова”. Калі акуратна, трымаючыся за разгалістае карэнне, спусціцца да вады, то можна здзейсніць своеасаблівае падарожжа ў часе і прасачыць, як фарміравалася на працягу тысячагоддзяў паверхня зямной кары. На гэтае месца любяць прыходзіць не толькі тыя, хто адпачывае ў санаторыі “Прыдняпроўскі”. Высокі бераг Дняпра аблюбавалі і юныя турысты. Менавіта тут праводзяцца раённыя спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагаборстве, а таксама зборы рагачоўскай каманды напярэдадні абласнога турзлёту.
І гарадзішча ранняга Сярэднявечча, і геалагічнае агаленне “Збарова” — усё гэта пункты турыстычна-краязнаўчага маршруту “Далінаю князёў”, распрацаванага Генадзем Васільевічам Цітовічам. Па гэтым маршруце праводзяцца экскурсіі для турыстычных груп не толькі з устаноў адукацыі раёна, але і вобласці, краіны. Абавязковымі месцамі наведвання з’яўляюцца старажытнае Ходасавіцкае свяцілішча, малюнак рэканструкцыі якога быў змешчаны некалі ў школьных падручніках па гісторыі СССР, а таксама вёска Лучын, якая, згодна з Іпацьеўскім летапісам, старэйшая за Рагачоў на 7 гадоў.

Гарадзішча за гарадзішчам, валун за валуном

Калі пра вандроўку па Гродзеншчыне можна коратка сказаць “узгорак за ўзгоркам”, пра Віцебшчыну — “возера за возерам”, то пра Рагачоўшчыну — “гарадзішча за гарадзішчам”. І гэта нядзіўна, бо па шчыльнасці размяшчэння помнікаў археалогіі Рагачоўскі раён, напэўна, стаіць на першым месцы ў краіне. Што ні край — то звычай, а для Рагачоўшчыны — што ні вёска — то гарадзішча. Асабліва многа помнікаў археалогіі ў ваколіцах вёсак Ходасавічы, Гадзілавічы, Вішанькі. Збароў — гарадзішча ранняга Сярэднявечча, Ходасавічы — паганскае свяцілішча, а вось Лучын — цэлы археалагічны комплекс. Аднак не толькі гэтым комплексам славіцца вёска з мілагучнай назвай. У ваколіцах Лучына шмат валуноў, даследаваннем якіх разам з навучэнцамі займаецца настаўніца гісторыі Святлана Іванаўна Варыкава.
Каменная гісторыя вёскі пачынаецца адразу каля ўвахода ў будынак Лучынскай сярэдняй школы, дзе настаўнікаў і вучняў, нібыта вахцёр, кожны дзень сустракае вялікі камень. “А вы ведаеце, што наша школа была адкрыта яшчэ ў 1875 годзе?” — нібыта пытае ў гасцей пан-валун. “Так-так, менавіта 139 гадоў назад тут пачаліся першыя заняткі”, — працягваецца незвычайная гутарка. Камень унікальны не толькі сваімі памерамі і металічнай шыльдай, на якой пазначана дата заснавання Лучынскай школы. Унізе, на левым баку пана-валуна пад ружовай фарбай — некалькі літар старадаўняга алфавіта. Нерасшыфраваны надпіс сведчыць пра тое, што гэты камень, як і яго знакамітыя барысавы браты, абазначаў межы княства, у дадзеным выпадку — Смаленскага і Турава-Пінскага. Магчыма, што ён паказваў і кірунак воднага шляху “з варагаў у грэкі”, адно з адгалінаванняў якога пралягала праз тэрыторыю сучаснага Рагачоўскага раёна.
— Раней гэты камень ляжаў каля Свята-Міхайлаўскай царквы, закладзенай у ХІІ стагоддзі па загадзе смаленскага князя. Потым ён прапісаўся каля ганка старой школы. Даследавалі мы валуны і на старых могілках, дзе зрабілі шмат цікавых адкрыццяў. Напрыклад, высветлілі, што на камень, пастаўлены на магіле цяжарнай жанчыны, наносілі адзін знак, на магіле заможнага чалавека — іншы і г.д. У выніку даследаванняў была напісана работа “Гісторыя ў камянях вёскі Лучын”, — расказвае настаўніца гісторыі.
Валуны — хоць і асноўны, але не адзіны аб’ект даследавання лучынскіх краязнаўцаў. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алены Ула-дзіміраўны Малюковай і настаўніцы гісторыі Святланы Іванаўны Варыкавай экспазіцыі этнаграфічнага і гісторыка-краязнаўчага музейных куткоў папаўняюцца прадметамі побыту, народнага строю, старымі фотаздымкамі, рэчамі, якія завіталі ў ХХІ стагоддзе з мінулых эпох.

Сімвал краю

Чароўны рог шчодра надзяліў маляўнічую Рагачоўшчыну помнікамі гісторыі, прыроды, архітэктуры. Зусім нядаўна каля будынка Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната з’явіўся і помнік знакамітаму, любімаму многімі беларусамі (тым больш кожным рагачоўцам) згушчанаму малаку. Думаецца, што чарговым адмысловым архітэктурным рашэннем стане ўсталяванне на цэнтральнай плошчы Рагачова бронзавага сімвала краю — таго самага рога, з якога ўсяго многа.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.