У магістратуры — новыя стандарты

- 11:51Вышэйшая школа, Рознае

Сёлета магістратура педагагічнага ўніверсітэта адзначае дваццаты выпуск магістрантаў. Дваццаць гадоў — гэта толькі пятая частка ад стагадовага юбілею ўніверсітэта, але даволі значная і важкая. Тым больш што магістр у перакладзе з лацінскай (magister) — настаўнік. Пра перспектывы развіцця магістратуры педуніверсітэта расказаў першы прарэктар Аляксандр Іванавіч АНДАРАЛА.

Як вядома, магістратура — гэта другая ступень вышэйшай прафесійнай адукацыі і прадастаўляе куды больш магчымасцей для спецыялізацыі і кар’ернага росту.
Пад гэтыя педагагічныя спецыяльнасці ў 2013 годзе распрацавалі пяць адукацыйных стандартаў для магістратуры. Гэта першае пакаленне стандартаў для гэтай ступені навучання. Рэалізацыя адукацыйных праграм па падрыхтоўцы магістрантаў у педуніверсітэце з’яўляецца важнай прыступкай у сістэме пераемнасці падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб самога педагагічнага ўніверсітэта і іншых устаноў сістэмы вышэйшай адукацыі.
У сувязі з гэтым ў магістратуры БДПУ ўвесь час абнаўляецца пералік спецыяльнасцей. Напрыклад, у гэтым годзе з’явілася спецыяльнасць “Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя”. Адукацыйны стандарт для гэтай спецыяльнасці распрацоўваўся разам са спецыялістамі БДУ. Год назад з’явіўся “Адукацыйны менеджмент”. Гэтую спецыяльнасць могуць атрымаць усе, хто ўжо мае кваліфікацыю выкладчыка. Спецыялісты доўга працавалі над вучэбным планам для гэтай дысцыпліны, затое цяпер прапануюцца змястоўныя прадметы, неабходныя кіраўніку ў сістэме адукацыі.
Акрамя таго, сённяшнія правілы паступлення ў магістратуру даюць магчымасць паступіць на любую спецыяльнасць, не зважаючы на тую, якую вы атрымалі на першай ступені навучання ва ўніверсітэце. Калі раней, напрыклад, вы вучыліся па спецыялнасці “Фізіка”, то і ў магістратуру маглі паступаць толькі на фізіку. Цяпер ў БДПУ кіруюцца прынцыпам — навучанне без межаў. Неабходна толькі здаць дадатковыя экзамены. Ёсць магістранты з гістарычнай і першай медыцынскай адукацыяй, а цяпер яны вывучаюць псіхалогію, яшчэ ёсць філолаг, які зараз вывучае гісторыю.
Магістрантамі ў асноўным становяцца выпускнікі педагагічнага ўніверсітэта, але, як заўважыў Аляксандр Іванавіч Андарала, у магістратуру БДПУ імя Максіма Танка паступаюць выпускнікі БДУ, лінгвістычнага ўніверсітэта, Баранавіцкага ўніверсітэта, Віцебскага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Квота на паступленне распаўсюджваецца толькі на бюджэтныя месцы.
Калі гаварыць пра магістрантаў-замежнікаў, то сярод іх папулярнымі з’яўляюцца такія спецыяльнасці, як зноў-такі “Псіхалогія”, “Мовазнаўства” (рускае), “Музычнае мастацтва”, якое вывучаецца ў межах “Тэорыі і методыкі навучання і выхавання”. Дарэчы, музычнае мастацтва цікавіць і студэнтаў-замежнікаў першай ступені. Напрыклад, цяпер у аспірантуры педагагічнага ўніверсітэта вучыцца кітаянка, якая вывучала музычнае мастацтва з 1 курса. Другая кітаянка ў гэтым годзе стала магістранткай па спецыяльнасці “Фізіка”. А магістрантаў арабскага паходжання больш цікавіць фізічная культура, таму, паступаючы ў магістратуру, яны выбіраюць спецыяльнасць “Тэорыя і методыка фізічнага выхавання, спартыўнай трэніроўкі, аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры”. Акрамя таго, яны цікавяцца выяўленчым мастацтвам, якое зноў-такі вывучаецца ў межах “Тэорыі і методыкі навучання і выхавання”.
Атрымліваць паглыбленыя веды магістрантам дапамагаюць высокакваліфікаваныя ўніверсітэцкія выкладчыкі — дацэнты і прафесары. Прадстаўнікі прафесарскага корпуса з’яўляюцца і кіраўнікамі магістарскіх дысертацый.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.