Калі пачынаць думаць аб сваім працаўладкаванні?

- 13:17Вышэйшая школа

Мець добрую працу — чым не пахвальнае імкненне маладога чалавека? Аднак што для гэтага трэба? Ад каго чакаць дапамогі? Ці, можа, спадзявацца толькі на сябе?
Менавіта такія пытанні ўзнімаліся падчас круглага стала “Працаўладкаванне моладзі ў сучасных умовах”, які праходзіў у рамках дня кар’еры БДУ. На абмеркаванне былі запрошаны як прадстаўнікі ўніверсітэта, так і студэнты, работадаўцы і эксперты.

Рэалізм ніколі не пашкодзіць

“Праблема працаўладкавання моладзі ў свеце сёння вельмі актуальная. Дзякуючы таму, што ў нас захавана мадэль размеркавання, нашы студэнты маюць магчымасць законна атрымаць першае працоўнае месца. Працоўныя месцы мы дапамагаем знайсці і “платнікам”, — расказала Наталля Тамашаўна Няпеўная, начальнік упраўлення кадраў БДУ. — Праўда, у многіх няма разумення таго, што трэба пачынаць практычна з нуля. Моладзь хоча атрымаць усё і адразу”.
Не сказаць аб амбіцыйнасці маладых людзей, якія адразу хочуць займаць высокія пасады, не маглі і работадаўцы. “У моладзі амбіцыі не даганяюць кампетэнцыі. Нядаўнім выпускнікам прапаноўваецца праца згодна з тымі кампетэнцыямі, якія яны набылі ва ўніверсітэце”, — адзначыў Генадзь Макееў, намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце з персаналам Белінвестбанка.

Толькі б не ў рэгіён…

“З боку работадаўцаў, з боку нашай кампаніі настаў час біць трывогу. Праблема ў тым, што нашы заводы знаходзяцца ў рэгіёнах — у Шклове і Пружанах. Сталічныя студэнты ні за якія грошы, ні за якія сацыяльныя пакеты не хочуць туды ехаць”, — расказала Вольга Белышава, спецыяліст па падборы персаналу прадпрыемства “ДанонБел”.
Прадстаўніца кампаніі не згодна з уяўным меркаваннем аб незапатрабаванасці інжынераў, якіх, па яе словах, для рэгіёна амаль нерэальна знайсці.
“Мы ездзім па рэгіянальных універсітэтах, гутарым са студэнтамі, з дэканамі, са свайго боку робім усё магчымае, каб да нас прыязджалі выпускнікі, у тым ліку па размеркаванні”, — адзначыла Вольга Белышава.

Вопыт — усё?

Генадзь Макееў, намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце з персаналам Белінвестбанка, не згодны з думкай аб вызначальнай ролі вопыту пры найманні на работу.
“Магчыма, прэтэндэнт вёў праекты ва ўніверсітэце, быў старастам. Для мяне гэта таксама важна”, — адзначыў прадстаўнік Белінвестбанка.
Нядаўняму студэнту могуць залічыцца і курсавыя, і дыпломныя работы, безумоўна, калі яны звязаны з месцам работы, куды прыйшоў уладкоўвацца малады чалавек.
“Калі студэнт, які прайшоў у нас практыку, напіша якасную дыпломную работу, у яго будуць прыярытэты перад іншымі”, — рэзюмаваў Генадзь Макееў.

Універсітэт — студэнту ці студэнт — універсітэту?

“Калі студэнт хоча стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, ён будзе старацца вучыцца, хадзіць на форумы, канферэнцыі. Ён знойдзе добрую практыку, дзе будзе не перакладваць паперкі, а насамрэч практыкавацца”, — адзначыў Яўген Харук, старшыня Студэнцкай асамблеі БДУ.
Безумоўна, падобная актыўнасць дапаможа маладым людзям. Аднак без добрых выкладчыкаў будзе, мякка кажучы, цяжкавата. Як адзначыў Сяргей Маркаў, дацэнт кафедры метадаў аптымальнага кіравання ФПМІ і адначасова дырэктар Цэнтра кампетэнцый па ІТ на базе ФПМІ, выкладчыкі павінны не проста даваць тэарэтычныя веды, яны павінны разумець прадпрыемствы, навуку, бізнес.
Дарэчы, цікавыя лічбы прывяло ўпраўленне кадраў БДУ. Так, за апошнія гады ў ПВТ, такое прывабнае для моладзі месца працы, размеркаваліся не болей за 140 чалавек. І гэта пры тым, што праграмістамі могуць працаваць выпускнікі некалькіх факультэтаў.
“Праблема не ў тым, што мы кагосьці не падрыхтавалі. Зараз практычна дзве трэці выпускнікоў школ вучацца ва ўніверсітэце. Многія не здольны ўспрымаць тую інфармацыю, якая даецца ва ўніверсітэце. Многа каго мы адлічваем”, — расказаў Алег Людчык, намеснік дэкана факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ.

Што ты будзеш рабіць заўтра? Кім ты станеш праз 5 гадоў?

Безумоўна, дзе будзе працаваць малады чалавек, у многім залежыць ад яго самога. Дабівацца жаданага дапаможа і планаванне ўласнай кар’еры, упэўнены работадаўцы.
“У студэнтаў першых курсаў павінна быць сфарміравана разуменне, чаго яны хочуць. Трэба рабіць кароткатэрміновыя, доўгатэрміновыя планы, глядзець на перспектыву. Добра планаваць на 5 гадоў наперад. Аднак не кожны можа спланаваць нават сваё заўтра”, — упэўнены Генадзь Макееў.
Як расказаў Аляксандр Бобр, намеснік дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, універсітэцкія кафедра педагогікі і праблем развіцця адукацыі і кафедра псіхалогіі на ўсіх факультэтах ужо на першых курсах праводзяць заняткі па стратэгіі прафесійнай кар’еры. Гэта, упэўнены ў вышэйшай навучальнай установе, дапаможа студэнтам раней вызначыцца са сваёй будучыняй.

Выпускнікі складаюць толькі 1% ад беспрацоўных

Абмеркаванне праблем працаўладкавання моладзі не магло абысціся і без статыстыкі. Як расказала Марына Сцяпанаўна Шахловіч, начальнік аддзела праграм садзейнічання занятасці насельніцтва ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Мінгарвыканкама, выпускнікі — гэта малая доля тых, хто звяртаецца ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва. Іх колькасць не перавышае 1% ад агульнага складу беспрацоўных.
У меншай ступені гэта выпускнікі, якія атрымалі вышэйшую адукацыю. Большасць тых, хто звяртаецца, скончыла каледжы і тэхнікумы. Менавіта іх цяжэй працаўладкаваць, таму што ў іх няма ні вышэйшай адукацыі, ні вопыту работы.
Дарэчы, найбольшая колькасць свабодных рабочых месцаў сканцэнтравана ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльных паслуг, будаўніцтва, прамысловасці, транспарту і сувязі. Дзяржаўная служба занятасці насельніцтва фарміруе банк вакансій, прагледзець які можа кожны.

Святлана ШЫЯН.