С.У.Абламейка: “Пагадзіцеся, вельмі нядрэнна вучыцца ў другім універсітэце СНД”

- 12:31Вышэйшая школа, Рознае
Мы ўжо паведамлялі, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заняў другое месца ў рэйтынгу ўніверсітэтаў краін СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі (прапусціўшы наперад толькі МДУ імя М.В.Ламаносава).
Вынікі рэйтынгу былі агучаны “Інтэрфаксам” у канцы 2013 года і адразу сталі галоўнай навіной у галіне адукацыі. А для БДУ другое месца з’явілася сапраўдным падарункам і да Новага года, і да дня нараджэння.
Пра тое, ці чакалі ва ўніверсітэце такое высокае месца ў рэйтынгу і што яно абяцае ўніверсітэту ў будучыні, нам расказаў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Уладзіміравіч АБЛАМЕЙКА.

— У гэтым рэйтынгу БДУ абышоў Кіеўскі, Вільнюскі, Новасібірскі ўніверсітэты, РУДН і іншыя прызнаныя навуковыя і адукацыйныя цэнтры. Сёння пра гэта пішуць усе расійскія ўніверсітэты: мы — на такім-та месцы, а ў тройцы лідараў МДУ імя М.В.Ламаносава, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт. Гэта вельмі прыемна.
Хтосьці, вядома, можа паспрачацца з вынікамі згаданага рэйтынгу, і мы самі, напэўна, ацанілі б сябе больш сціпла (хаця і ў міжнародных рэйтынгах БДУ ўваходзіць у першую пяцёрку або дзясятку ўніверсітэтаў СНД). Але ніхто не можа западозрыць “Інтэрфакс” у прадузятасці ці лабіраванні інтарэсаў БДУ.
Як усе аўтарытэтныя рэйтынгавыя агенцтвы, “Інтэрфакс” абгрунтаваў сваю пазіцыю: паведаміў, якія крытэрыі выкарыстоўваліся пры складанні рэйтынгу, дзе браліся даныя, колькі анкет было разаслана экспертам і г.д. І такі рэйтынг, безумоўна, карыстаецца павагай.
Выніковыя месцы вызначаліся з улікам адукацыйнай, навуковай і міжнароднай дзейнасці ўніверсітэтаў. Што да навуковай дзейнасці, то ацаніць яе даволі проста: па колькасці і якасці навуковых публікацый. І калі замежныя рэйтынгавыя агенцтвы звычайна бяруць пад увагу толькі англамоўныя публікацыі, то “Інтэрфакс” улічваў і рускамоўныя.
Адукацыйныя дасягненні ацаніць больш складана. Але “Інтэрфакс” зрабіў маштабнае апытанне экспертаў, вучоных і работадаўцаў. З аднаго боку, тут ёсць момант суб’ектыўнасці, але, з другога, гэты працэс нагадвае тайнае галасаванне пры выбары акадэмікаў: вельмі вялікае значэнне мае добрая рэпутацыя.

— Што, акрамя задавальнення, значыць для БДУ гэтае другое месца?
— Безумоўна, аўтарытэт сярод іншых універсітэтаў. Сёння ўся Расія абмяркоўвае вынікі, бо гэта першы сур’ёзны рэйтынг на постсавецкай прасторы. І нас не маглі не заўважыць, мы атрымалі вельмі шмат віншаванняў.
Вядома, расце міжнародная рэпутацыя БДУ. Мы спадзяёмся, што гэта прывядзе да далейшага росту цікавасці да ўніверсітэта замежных студэнтаў.
Сёлета мы набралі рэкордную для БДУ колькасць замежных студэнтаў — 1152. З кожным годам гэтая лічба расце, і на гэта ўплываюць у тым ліку рэйтынгі. Калі мы запытваемся ў замежнікаў, чаму яны выбралі БДУ, яны адказваюць, што тут і якасць адукацыі на ўзроўні, і кошт прымальны, і краіна спакойная, і месца ўніверсітэта ў свеце — высокае.
Пасля таго, як два гады назад Міністэрства адукацыі Беларусі дазволіла грамадзянам краін ЕўрАзЭС паступаць у беларускія ўніверсітэты на тых жа ўмовах, што і замежныя грамадзяне, да нас стала прыязджаць усё больш і больш студэнтаў з Расіі, Казахстана і іншых краін. Рэзананс рэйтынгу, праведзенага “Інтэрфаксам”, даволі вялікі, бацькі абітурыентаў таксама пра гэта чытаюць, і, пагадзіцеся, паехаць вучыцца ў другі ўніверсітэт СНД вельмі нядрэнна. Тым больш, што кошт навучання ў нас не вышэйшы, чым у Расіі.

— Крытэрыі ўсіх рэйтынгаў загадзя вядомыя, і можна, узмацніўшы работу ў пэўным напрамку, падняцца на некалькі пунктаў у тым ці іншым рэйтынгу. У вас ёсць пэўная стратэгія прасоўвання ўніверсітэта?
— Так, яшчэ некалькі гадоў назад мы стварылі рабочую групу, якая гэтым займаецца. Проста працаваць і чакаць, што цябе ўбачаць і ацэняць, недастаткова. Неабходна ўсё больш і больш паглыбляцца ў інфармацыйную прастору: змяшчаць у інтэрнэце не толькі навуковыя публікацыі, але і адукацыйныя курсы, праграмы, і ўвогуле ўсё, што праводзіць універсітэт. Бо сучасная моладзь ацэньвае нас менавіта ў інтэрнэце.
Сёння мы патрабуем, каб у кожнага выкладчыка было электроннае партфоліа. І хоць гэта няпроста — ствараць курсы лекцый, лабараторныя і практычныя работы ў электронным выглядзе, выкладваць іх у інтэрнэце і ўзаемадзейнічаць там са студэнтамі, — але менавіта такой работы мы чакаем ад нашых выкладчыкаў. Ад гэтага залежыць імідж сучаснага ўніверсітэта. І гэта ўплывае не толькі на рэйтынгі, але на культуру навукі і адукацыі ўвогуле.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.