“Спакушэнне Скарыны”: падарожжа ў часе ад XVI да XXI стагоддзя

- 15:02Вышэйшая школа

Напрыканцы кастрычніка ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны будзе праходзіць рэспубліканскі форум “Скарына і наш час”, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У праграме мерапрыемства — міжнародная навуковая канферэнцыя, інтэрактыўныя пляцоўкі і экспазіцыі, экскурсіі, а таксама ўніверсітэцкая прэм’ера спектакля “Спакушэнне Скарыны” па п’есе загадчыка кафедры беларускай літаратуры, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Штэйнера. Пастаноўку ўжо рэпеціруюць маладыя артысты Народнага студэнцкага тэатра-студыі “Если бы…” пад кіраўніцтвам рэжысёра Сяргея Зянькова.

П’еса прафесара Штэйнера “Мудрости зачало и конецъ…, або Спакушэнне Францыска Скарыны” была апублікавана ў 2012 годзе і ў той жа час пастаўлена на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра рэжысёрам Багданам Арлоўскім. Гэта важны элемент беларускай драматургічнай Скарыніяны, якая налічвае сёння ўжо некалькі дзясяткаў сцэнічных твораў. Водгук на п’есу Івана Фёдаравіча напісала доктар філалагічных навук, прафесар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II Беата Сівэк, якая рыхтуецца выступіць з дакладам на міжнароднай навуковай канферэнцыі ў ГДУ.

“П’еса Івана Штэйнера “Мудрости зачало и конецъ…” паказвае асобу Францыска Скарыны цалкам інакш, чым вядомыя нам літаратурныя тэксты. Выкарыстаная драматургам творчая стратэгія нагадвае раманны метад пунктаў гледжання і дае магчымасць прадставіць асобныя сітуацыі, здарэнні, дзеючых асоб з розных перспектыў, — піша ў сваім даследаванні Беата Сівэк. — Пра дзейнасць Францыска Скарыны мы даведваемся з вуснаў чатырох герояў п’есы: славутага лекара Парацэльса, Марціна Лютэра, Эразма Ратэрдамскага і Вольнага мастака. Кожны з гэтых персанажаў дае крыху іншае бачанне беларускага асветніка, але іх выказванні, сабраныя разам, ствараюць багаты і інтрыгоўны вобраз Скарыны, дазваляюць паразважаць пра тое, што з гэтага ўсяго засталося сёння”.

Вобраз дапаўняецца выказваннямі самога Скарыны, які ўпэўнены ў сваёй жыццёвай місіі і неабходнасці яе рэалізацыі. У сёмай з’яве п’есы ён гаворыць: “Сапраўды, трэба выдаваць царкоўныя кнігі на маёй роднай мове. Хай кожны з людзей паспалітых будзе мець магчымасць успрыняць словы Боскія. І першай кнігай, якую я выдам, будзе славуты “Псалтыр”. Гэта незвычайная кніга, і ўсе па ёй будуць вучыцца чытаць. “Псалтыр” — гэта лякарства душэўнае, магічны сродак лячэння і ачышчэння чалавека, папярэджанне розных няшчасцяў. Кнігу чытаюць над цяжкахворым, калі лічаць, што чалавек пакутуе ад нячыстай сілы. Чыталі яе і над нябожчыкам. Па ёй гадалі, варажылі. Вось якую ролю адыгрывала кніга ў свядомасці нашай. А потым я паспрабую перакласці на старабеларускую мову ўсе ці амаль усе кнігі Бібліі”.

“Постаць Скарыны я паказаў на фоне гісторыка-культурнага жыцця ВКЛ і ўсёй Еўропы пачатку XVI стагоддзя, у акружэнні такіх дзеячаў Адраджэння, як Марцін Лютэр, Эразм Ратэрдамскі, Франсуа Рабле, Парацэльс. Гэтай п’есай мусіў паставіць дыягназ сучаснасці, нашай ідэнтычнасці, сістэме каштоўнасцей, прыярытэтаў. Ці былі людзі гатовы ўспрыняць асветніцкую дзейнасць Скарыны? Магчыма, ідэя даць беларусам кнігу на роднай мове апярэдзіла час”, — разважае Іван Фёдаравіч.

Рэжысёр народнага студэнцкага тэатра-студыі “Если бы…” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Зянькоў патлумачыў, чым п’еса “Спакушэнне Францыска Скарыны” зацікавіла моладзь: “Сумяшчэнне часавых пластоў ад XVI да XXI стагоддзя выяўляецца ў выхадах на сучаснасць. Вобразы і рэаліі мадэрнізаваны, выкарыстоўваецца сучасная лексіка, жарганізмы і нават амерыканізмы. Дзеянне няспынна змяняе сваю жанравую прыроду, паслядоўна ператвараецца ў дыскусію, перформанс, што вельмі прываблівае маладых артыстаў. Я вельмі ўдзячны лёсу, што ён звёў мяне з прафесарам Штэйнерам”.

Вынікам працы творчага тандэма пісьменніка, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Штэйнера і рэжысёра Народнага студэнцкага тэатра Сяргея Зянькова стане ўніверсітэцкая прэм’ера спектакля “Спакушэнне Скарыны” падчас правядзення рэспубліканскага форуму “Скарына і наш час”. Аднак гэта не адзіная іх сумесная работа. У вераснёвым нумары часопіса “Нёман” была надрукавана вольная п’еса аўтараў Сяргея Зянькова і Івана Штэйнера “Юшка из буквиц печатных…”, таксама прысвечаная жыццю і дзейнасці знакамітага першадрукара.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.