Міжнародны вопыт: разняволенасць, дысцыпліна і заахвочванне

- 14:33Якасць адукацыі

Таццяна Валер’еўна працуе настаўніцай адзінаццаць гадоў, сем з іх прысвяціла навучанню ліцэістаў Барысава. Педагог выкарыстоўвае любую магчымасць для самаадукацыі і самаразвіцця. Так, у мінулым годзе яна прадставіла родны ліцэй на міжнароднай арэне: стала адным з трох беларускіх педагогаў, якім пашчасціла прайсці стажыроўку па праграме “Павышэнне педагагічнага майстэрства” ў ЗША.

Каб трапіць у праграму, трэба было прайсці адбор, які складаўся з 4 этапаў: запаўненне анлайн-анкеты, субяседаванне, тэсціраванне і адбор прадстаўнікамі галаўнога офіса ў Вашынгтоне. Жадаючых з Беларусі было каля 80 чалавек.

— Конкурсны адбор аказаўся даволі складаным. Самым доўгім этапам было запаўненне анлайн-анкеты. Пасля адбылося субяседаванне па Skype з прадстаўнікамі Пасольства ЗША ў Беларусі, на пытанні якіх я адказвала на працягу 20 хвілін. Да здачы стандартызаванага тэста на веданне англійскай мовы TOEFL  дайшлі толькі 8 чалавек. Вынікі тэстаў і анкету прадстаўнікі пасольства адправілі ў галаўны офіс у Вашынгтон, дзе і адабралі трох ­удзельнікаў стажыроўкі, — расказвае настаўніца.

Адразу пасля прыезду ў Амерыку Таццяна Валер’еўна прыняла ўдзел у кірмашы адукацыі краін — удзельніц праграмы.

— З сабой мы прывезлі плакаты аб адукацыі і культуры Беларусі, сувеніры і прысмакі, апрануты былі ў нацыянальныя строі. Кірмаш стаў добрай нагодай пазнаёміцца з сістэмай адукацыі іншых краін і пагутарыць з замежнымі калегамі. Мяне ўразіла тое, што ў Сенегале, Паўднёвай Афрыцы, Вялікабрытаніі ў класе вучыцца па 40—70 вучняў. А замежныя калегі здзіўляліся таму, што ў нашых школах у групах па англійскай мове вучыцца 6—8 чалавек. Аказалася, у многіх краінах гэтая лічба як мінімум удвая большая. У Беларусі выкладанне замежнай мовы пачынаецца з 3 класа, а за мяжой, як правіла, з 5 або 7, — падзялілася ўражаннямі Таццяна Валер’еўна.

Пасля ўдзельнікаў праграмы адправілі вучыцца ў розных штатах. Настаўніца прайшла 180 гадзін інтэнсіўных заняткаў у вядучай вышэйшай навучальнай установе краіны — Універсітэце Джорджа Мэйсана (штат Вірджынія). Вучоба, як прыгадвае настаўніца, была дастаткова напружанай і інтэнсіўнай: стажоры займаліся на працягу ўсяго дня, дадому таксама атрымлівалі работу — чыталі кнігі, рыхтавалі адказы на пытанні і ўласнае партфоліа, якое напрыканцы абаранялі як вынік навучання па праграме.

Два тыдні праходзіла практыка ў школе, якая вучыць па мадэлі міжнароднага бакалаўрыята Holmes Middle School. Таццяне Валер’еўне давялося працаваць з падлеткамі — навучэнцамі 6 і 8 класаў. Настаўніца мела магчымасць наведаць любы ўрок у школе, акрамя гэтага, завітала на бацькоўскі сход, некалькі пазакласных мерапрыемстваў, а таксама дала шэраг урокаў для дзяцей, якія вывучаюць англійскую мову як замежную, — эмігрантаў. Яшчэ да паездкі ў Амерыку ліцэісты Таццяны Валер’еўны напісалі лісты амерыканскім навучэнцам пра сябе і пра беларускую сістэму адукацыі. З гэтых лістоў вучні амерыканскай школы даведаліся, што ў ліцэі ўрокі доўжацца 45 хвілін, а перапынкі —10—20. У Амерыцы ж усё інакш: урокі — паўтары гадзіны, а перапынкі паміж імі — 3 хвіліны.

— Заўважыла, што амерыканскія навучэнцы больш разняволеныя, упэўненыя ў сабе. З лёгкасцю мо­гуць дазволіць сабе паласавацца нечым падчас урока, што для мяне як для педагога непрымальна. Тым не менш дысцыпліна ў класе, напэўна, нават больш строгая, чым у нас: мабільныя тэлефоны школьнікі пакідаюць у спецыяльных шафах, выйсці без неабходнасці падчас урока нельга — настаўнік павінен падпісаць вучню спецыяльную паперку ў дзённіку і праставіць дату і час, калі ён выйшаў і калі зайшоў назад. Школьнікі, як і мае ліцэісты, прывычныя да работы ў групах, парах, яны шмат аналізуюць, дыскутуюць, — расказала ўдзельніца стажыроўкі. — Настаўніца, на ўроках якой я прысутнічала, прадэманстравала бясцэнны вопыт зносін з падлеткамі, які я абавязкова выкарыстаю ў сваёй практыцы. Для заахвочвання і матывацыі дзяцей у арсенале педагога былі спецыяльныя купоны з прызамі, была распрацавана сістэма спаборніцтва. У класе размя­шчаўся стэнд з прозвішчамі вучняў, куды настаўнік за добрае выкананне задання прымацоўваў насуп­раць прозвішча вучня смайлікі ці адзнакі. Такім чынам, вучань наглядна бачыў, як ён працаваў на працягу месяца і як яго вынікі працы адрозніваюцца ад іншых. Дарэчы, дадатковыя смайлікі вучням выдаваліся тады, калі, напрыклад, на працягу тыдня яны не атрымлівалі ніводнай дрэннай адзнакі. Дзякуючы такому падыходу, у дзяцей павышаецца матывацыя і цікавасць да ведаў, а значыць, і паспяховасць.

Яшчэ адна адметная рыса амерыканскай адукацыі, якую падкрэсліла настаўніца, — шмат самастойнай работы і мінімум дамашніх заданняў. Калі яны і ёсць, усё выконваецца ў школе пасля ўрокаў. Псіхалагічнай разгрузцы ўдзяляецца ў амерыканскіх школах шмат увагі, за кожным класам замацаваны псіхолаг, дзеці выконваюць разнастайныя псіхалагічныя практыкаванні на выкід адмоўных эмоцый.

У родным ліцэі на працягу некалькіх гадоў Таццяна Валер’еўна арганізоўвае сустрэчы-семінары з амерыканскімі выкладчыкамі, якія прыбылі працаваць у беларускія ўніверсітэты. Як удзельніцу праграмы яе час ад часу запрашаюць на разнастайныя мерапрыемствы і сустрэчы з замежнымі калегамі ў Пасольства ЗША ў Беларусі. Акрамя таго, выпускнікі амерыканскіх праграм маюць права на атрыманне гранта на правядзенне форумаў, майстэрань, канферэнцый.

— Зараз працую над тым, каб трапіць ва ўдзельнікі пяцідзённай канферэнцыі ў Брайтане (Вялікабрытанія), на якую трэба падрыхтаваць прамову па глабальнай праблеме і растлумачыць, як буду працаваць над гэтай праблемай у сваёй навучальнай установе. Выбрала тэму аховы навакольнага асяроддзя. Спа­дзяюся прайсці адбор і ў красавіку трапіць на мера­прыемства, — дзеліцца планамі настаўніца.

Таццяна Валер’еўна запазычыла ў сваіх замежных калег шмат эфектыўных гульнявых прыёмаў на развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі, якія прымяняе на сваіх уроках. Некалькі самых цікавых педагог прапанавала чытачам “Настаўніцкай”.

“Давайце пазнаёмімся”

Дзелім ліст А4 напалам і робім таблічку або “палатку”, якую ставім на парту. На адным баку таблічкі пішам імя, горад, узрост — любую інфармацыю пра сябе. Далей унізе пішам прыметнікі, якія характарызуюць нас, і вусна прадстаўляем сябе, выкарыстоўваючы інфармацыю з таблічкі.

“Крыжыкі-нулікі”

Кожнаму вучню раздаецца схема пытанняў па любой тэме. Навучэнцы ходзяць па класе і задаюць адно пытанне кожнаму па гарызанталі, вертыкалі або дыяганалі. Калі суразмоўца адказвае “так”, ён ставіць подпіс пад адказам або піша сваё імя. Нельга задаваць два пытанні ў адным шэрагу аднаму вучню. Выйграе той, хто мае большую колькасць сцвярджальных адказаў альбо цалкам запоўненую схему.

Узор схемы:

1. Who has at least two brothers or sisters? 2. Who is someone who can fluently speak two languages other than English? 3. Who has read a book during the last 24 hours? What is he/she reading?
How many siblings? Languages: Book:
4. Who has been to more than 4 countries? 5. Who has met someone famous? 6. Who has a pet at home?
Which countries? Who they met? What kind of pet?
7. Who has been a teacher the same number of years as you? 8. Who has taught three or more different grade levels? 9. Who has children at home?
How many years?

“Мой сакрэт”

Кожны навучэнец на асобнай паперцы піша свой сакрэт або тую інфармацыю, якой хоча падзяліцца з іншымі, пра якую ніхто не ведае. Напрыклад: “Я ўмею…”, “У мяне ёсць…”. Сакрэты змешваюць і выцягваюць па адным. Настаўнік дае 2 хвіліны, каб навучэнцы задалі адно аднаму навадныя пытанні аб атрыманым сакрэце. Вучні чытаюць сакрэты ўголас і выказваюць меркаванне, каму ён належыць.

“3-2-1”

Вучні знаёмяцца з тэкстам, падрыхтаваным для іх настаўнікам. На падставе прачытанага або праслуханага тэксту трэба вызначыць 3 асноўныя моманты. Назваць 2 дэталі кожнага моманту. Задаць 1 пытанне, якое больш за ўсё цікавіць.

“Чаму і таму што”

Кожны навучэнец атрымлівае па 2 чыстыя аркушы паперы. На першым аркушы кожны піша пытанне, якое пачынаецца з “Чаму..?”. На другім аркушы кожны піша адказ, які пачынаецца з “Таму што…”. Усе лісткі збіраюць у асобныя скрыначкі (адна — для “Чаму..?”, другая — для “Таму што…”) і змешваюць. Кожны навучэнец выцягвае па 2 розныя паперкі і чытае ўголас. Калі ёсць памылкі, выпраўляе іх.

“Задай пытанне!”

Клас дзеліцца на дзве каманды і становіцца ў дзве лініі. Настаўнік задае тэму, на якую павінны гучаць пытанні. Вучні задаюць адно аднаму толькі пытанні. Калі навучэнец адказвае на пытанне, ён выбывае з гульні. Выйграе тая каманда, у якой застаецца больш навучэнцаў.

“Так” ці “не”

Кожны навучэнец атрымлівае 10 маленькіх лісткоў паперы, манет або фішак. Настаўнік задае тэму пытанняў. Навучэнцы падыходзяць адно да аднаго і задаюць суразмоўцам агульныя пытанні, якія патрабуюць адказу “так” ці “не”. Нельга адказваць“так” ці “не”. Калі навучэнец адказвае “так” ці “не”, ён аддае суразмоўцу 1 лісток (манету ці фішку). Выйграе той, хто напрыканцы гульні мае большую колькасць лісткоў (фішак ці манет).

“Выдуманы і праўдзівы”

Кожны навучэнец атрымлівае арыгінальны, або праўдзівы, тэкст (напрыклад,  азначэнне тэрміна, прыказкі і інш.). Вучні чытаюць тэкст і ў групах або парах прыдумваюць два выдуманыя. Вучні прадстаў­ляюць тры тэксты перад класам, а астатнія гала­суюць за тое, які з іх усё ж праўдзівы. Выйграе тая група, якая мае найменшую колькасць галасоў за праўдзівы тэкст.

Падрыхтавала Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва Таццяны ІБРАГІМАВАЙ.