Таццяна Валер’еўна працуе настаўніцай адзінаццаць гадоў, сем з іх прысвяціла навучанню ліцэістаў Барысава. Педагог выкарыстоўвае любую магчымасць для самаадукацыі і самаразвіцця. Так, у мінулым годзе яна прадставіла родны ліцэй на міжнароднай арэне: стала адным з трох беларускіх педагогаў, якім пашчасціла прайсці стажыроўку па праграме “Павышэнне педагагічнага майстэрства” ў ЗША.
Каб трапіць у праграму, трэба было прайсці адбор, які складаўся з 4 этапаў: запаўненне анлайн-анкеты, субяседаванне, тэсціраванне і адбор прадстаўнікамі галаўнога офіса ў Вашынгтоне. Жадаючых з Беларусі было каля 80 чалавек.
— Конкурсны адбор аказаўся даволі складаным. Самым доўгім этапам было запаўненне анлайн-анкеты. Пасля адбылося субяседаванне па Skype з прадстаўнікамі Пасольства ЗША ў Беларусі, на пытанні якіх я адказвала на працягу 20 хвілін. Да здачы стандартызаванага тэста на веданне англійскай мовы TOEFL дайшлі толькі 8 чалавек. Вынікі тэстаў і анкету прадстаўнікі пасольства адправілі ў галаўны офіс у Вашынгтон, дзе і адабралі трох удзельнікаў стажыроўкі, — расказвае настаўніца.
Адразу пасля прыезду ў Амерыку Таццяна Валер’еўна прыняла ўдзел у кірмашы адукацыі краін — удзельніц праграмы.
— З сабой мы прывезлі плакаты аб адукацыі і культуры Беларусі, сувеніры і прысмакі, апрануты былі ў нацыянальныя строі. Кірмаш стаў добрай нагодай пазнаёміцца з сістэмай адукацыі іншых краін і пагутарыць з замежнымі калегамі. Мяне ўразіла тое, што ў Сенегале, Паўднёвай Афрыцы, Вялікабрытаніі ў класе вучыцца па 40—70 вучняў. А замежныя калегі здзіўляліся таму, што ў нашых школах у групах па англійскай мове вучыцца 6—8 чалавек. Аказалася, у многіх краінах гэтая лічба як мінімум удвая большая. У Беларусі выкладанне замежнай мовы пачынаецца з 3 класа, а за мяжой, як правіла, з 5 або 7, — падзялілася ўражаннямі Таццяна Валер’еўна.
Пасля ўдзельнікаў праграмы адправілі вучыцца ў розных штатах. Настаўніца прайшла 180 гадзін інтэнсіўных заняткаў у вядучай вышэйшай навучальнай установе краіны — Універсітэце Джорджа Мэйсана (штат Вірджынія). Вучоба, як прыгадвае настаўніца, была дастаткова напружанай і інтэнсіўнай: стажоры займаліся на працягу ўсяго дня, дадому таксама атрымлівалі работу — чыталі кнігі, рыхтавалі адказы на пытанні і ўласнае партфоліа, якое напрыканцы абаранялі як вынік навучання па праграме.
Два тыдні праходзіла практыка ў школе, якая вучыць па мадэлі міжнароднага бакалаўрыята Holmes Middle School. Таццяне Валер’еўне давялося працаваць з падлеткамі — навучэнцамі 6 і 8 класаў. Настаўніца мела магчымасць наведаць любы ўрок у школе, акрамя гэтага, завітала на бацькоўскі сход, некалькі пазакласных мерапрыемстваў, а таксама дала шэраг урокаў для дзяцей, якія вывучаюць англійскую мову як замежную, — эмігрантаў. Яшчэ да паездкі ў Амерыку ліцэісты Таццяны Валер’еўны напісалі лісты амерыканскім навучэнцам пра сябе і пра беларускую сістэму адукацыі. З гэтых лістоў вучні амерыканскай школы даведаліся, што ў ліцэі ўрокі доўжацца 45 хвілін, а перапынкі —10—20. У Амерыцы ж усё інакш: урокі — паўтары гадзіны, а перапынкі паміж імі — 3 хвіліны.
— Заўважыла, што амерыканскія навучэнцы больш разняволеныя, упэўненыя ў сабе. З лёгкасцю могуць дазволіць сабе паласавацца нечым падчас урока, што для мяне як для педагога непрымальна. Тым не менш дысцыпліна ў класе, напэўна, нават больш строгая, чым у нас: мабільныя тэлефоны школьнікі пакідаюць у спецыяльных шафах, выйсці без неабходнасці падчас урока нельга — настаўнік павінен падпісаць вучню спецыяльную паперку ў дзённіку і праставіць дату і час, калі ён выйшаў і калі зайшоў назад. Школьнікі, як і мае ліцэісты, прывычныя да работы ў групах, парах, яны шмат аналізуюць, дыскутуюць, — расказала ўдзельніца стажыроўкі. — Настаўніца, на ўроках якой я прысутнічала, прадэманстравала бясцэнны вопыт зносін з падлеткамі, які я абавязкова выкарыстаю ў сваёй практыцы. Для заахвочвання і матывацыі дзяцей у арсенале педагога былі спецыяльныя купоны з прызамі, была распрацавана сістэма спаборніцтва. У класе размяшчаўся стэнд з прозвішчамі вучняў, куды настаўнік за добрае выкананне задання прымацоўваў насупраць прозвішча вучня смайлікі ці адзнакі. Такім чынам, вучань наглядна бачыў, як ён працаваў на працягу месяца і як яго вынікі працы адрозніваюцца ад іншых. Дарэчы, дадатковыя смайлікі вучням выдаваліся тады, калі, напрыклад, на працягу тыдня яны не атрымлівалі ніводнай дрэннай адзнакі. Дзякуючы такому падыходу, у дзяцей павышаецца матывацыя і цікавасць да ведаў, а значыць, і паспяховасць.
Яшчэ адна адметная рыса амерыканскай адукацыі, якую падкрэсліла настаўніца, — шмат самастойнай работы і мінімум дамашніх заданняў. Калі яны і ёсць, усё выконваецца ў школе пасля ўрокаў. Псіхалагічнай разгрузцы ўдзяляецца ў амерыканскіх школах шмат увагі, за кожным класам замацаваны псіхолаг, дзеці выконваюць разнастайныя псіхалагічныя практыкаванні на выкід адмоўных эмоцый.
У родным ліцэі на працягу некалькіх гадоў Таццяна Валер’еўна арганізоўвае сустрэчы-семінары з амерыканскімі выкладчыкамі, якія прыбылі працаваць у беларускія ўніверсітэты. Як удзельніцу праграмы яе час ад часу запрашаюць на разнастайныя мерапрыемствы і сустрэчы з замежнымі калегамі ў Пасольства ЗША ў Беларусі. Акрамя таго, выпускнікі амерыканскіх праграм маюць права на атрыманне гранта на правядзенне форумаў, майстэрань, канферэнцый.
— Зараз працую над тым, каб трапіць ва ўдзельнікі пяцідзённай канферэнцыі ў Брайтане (Вялікабрытанія), на якую трэба падрыхтаваць прамову па глабальнай праблеме і растлумачыць, як буду працаваць над гэтай праблемай у сваёй навучальнай установе. Выбрала тэму аховы навакольнага асяроддзя. Спадзяюся прайсці адбор і ў красавіку трапіць на мерапрыемства, — дзеліцца планамі настаўніца.
Таццяна Валер’еўна запазычыла ў сваіх замежных калег шмат эфектыўных гульнявых прыёмаў на развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі, якія прымяняе на сваіх уроках. Некалькі самых цікавых педагог прапанавала чытачам “Настаўніцкай”.
“Давайце пазнаёмімся”
Дзелім ліст А4 напалам і робім таблічку або “палатку”, якую ставім на парту. На адным баку таблічкі пішам імя, горад, узрост — любую інфармацыю пра сябе. Далей унізе пішам прыметнікі, якія характарызуюць нас, і вусна прадстаўляем сябе, выкарыстоўваючы інфармацыю з таблічкі.
“Крыжыкі-нулікі”
Кожнаму вучню раздаецца схема пытанняў па любой тэме. Навучэнцы ходзяць па класе і задаюць адно пытанне кожнаму па гарызанталі, вертыкалі або дыяганалі. Калі суразмоўца адказвае “так”, ён ставіць подпіс пад адказам або піша сваё імя. Нельга задаваць два пытанні ў адным шэрагу аднаму вучню. Выйграе той, хто мае большую колькасць сцвярджальных адказаў альбо цалкам запоўненую схему.
Узор схемы:
1. Who has at least two brothers or sisters? | 2. Who is someone who can fluently speak two languages other than English? | 3. Who has read a book during the last 24 hours? What is he/she reading? |
How many siblings? | Languages: | Book: |
4. Who has been to more than 4 countries? | 5. Who has met someone famous? | 6. Who has a pet at home? |
Which countries? | Who they met? | What kind of pet? |
7. Who has been a teacher the same number of years as you? | 8. Who has taught three or more different grade levels? | 9. Who has children at home? |
How many years? |
“Мой сакрэт”
Кожны навучэнец на асобнай паперцы піша свой сакрэт або тую інфармацыю, якой хоча падзяліцца з іншымі, пра якую ніхто не ведае. Напрыклад: “Я ўмею…”, “У мяне ёсць…”. Сакрэты змешваюць і выцягваюць па адным. Настаўнік дае 2 хвіліны, каб навучэнцы задалі адно аднаму навадныя пытанні аб атрыманым сакрэце. Вучні чытаюць сакрэты ўголас і выказваюць меркаванне, каму ён належыць.
“3-2-1”
Вучні знаёмяцца з тэкстам, падрыхтаваным для іх настаўнікам. На падставе прачытанага або праслуханага тэксту трэба вызначыць 3 асноўныя моманты. Назваць 2 дэталі кожнага моманту. Задаць 1 пытанне, якое больш за ўсё цікавіць.
“Чаму і таму што”
Кожны навучэнец атрымлівае па 2 чыстыя аркушы паперы. На першым аркушы кожны піша пытанне, якое пачынаецца з “Чаму..?”. На другім аркушы кожны піша адказ, які пачынаецца з “Таму што…”. Усе лісткі збіраюць у асобныя скрыначкі (адна — для “Чаму..?”, другая — для “Таму што…”) і змешваюць. Кожны навучэнец выцягвае па 2 розныя паперкі і чытае ўголас. Калі ёсць памылкі, выпраўляе іх.
“Задай пытанне!”
Клас дзеліцца на дзве каманды і становіцца ў дзве лініі. Настаўнік задае тэму, на якую павінны гучаць пытанні. Вучні задаюць адно аднаму толькі пытанні. Калі навучэнец адказвае на пытанне, ён выбывае з гульні. Выйграе тая каманда, у якой застаецца больш навучэнцаў.
“Так” ці “не”
Кожны навучэнец атрымлівае 10 маленькіх лісткоў паперы, манет або фішак. Настаўнік задае тэму пытанняў. Навучэнцы падыходзяць адно да аднаго і задаюць суразмоўцам агульныя пытанні, якія патрабуюць адказу “так” ці “не”. Нельга адказваць“так” ці “не”. Калі навучэнец адказвае “так” ці “не”, ён аддае суразмоўцу 1 лісток (манету ці фішку). Выйграе той, хто напрыканцы гульні мае большую колькасць лісткоў (фішак ці манет).
“Выдуманы і праўдзівы”
Кожны навучэнец атрымлівае арыгінальны, або праўдзівы, тэкст (напрыклад, азначэнне тэрміна, прыказкі і інш.). Вучні чытаюць тэкст і ў групах або парах прыдумваюць два выдуманыя. Вучні прадстаўляюць тры тэксты перад класам, а астатнія галасуюць за тое, які з іх усё ж праўдзівы. Выйграе тая група, якая мае найменшую колькасць галасоў за праўдзівы тэкст.
Падрыхтавала Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва Таццяны ІБРАГІМАВАЙ.