А з нашага акна…

- 12:05Нам пішуць

“А з нашага акна бачым плошчу горада”, — так пачала сваё пераможнае выступленне Аляксандра Драчылоўская, вучаніца 9 “В” класа сярэдняй школы №5 Навагрудка, у фінале рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРИОТ.by”.

Аляксандра расказала пра гісторыю плошчы Навагрудка, яе значэнне ў мінулым і цяпер. Быў прадстаўлены багаты краязнаўчы матэрыял: фотаздымкі і відэазамалёўкі мінулых дзён і сучаснасці. Здавалася, што далёкая гісторыя гарманічна перапляталася з рэальнасцю.

Выступленне суправаджалася прэзентацыямі з элементамі камп’ютарнай графікі, мультымедыя. Для малодшых школьнікаў дзяўчынка прапанавала анімацыю “Кот вучоны”, дзе цікава і даступна была прадстаўлена гісторыя старажытнай пабудовы. Безумоўна, вялікую дапамогу Аляксандры ў падрыхтоўцы праекта аказалі творчыя настаўнікі — Людміла Макарэвіч і Ігар Палазок. Гэта іх агульная перамога, перамога мудрасці, вопыту, ініцыятывы, творчасці і маладосці.

Аляксандра ў намінацыі “А з нашага акна…” была ўзнагароджана дыпломамI ступеніМіністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і памятным прызам. Наперадзе дзяўчынку чакаюць цікавыя адкрыцці, творчыя задумы і новыя перамогі.

Алена КАЗАК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Навагрудка.