Абаронцы зямлі беларускай

- 16:02Нам пішуць

23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны, свята мужнасці, смеласці і адвагі. Гэта свята і дарослых мужчын, і хлапчукоў. Бо нашы хлопчыкі ў будучыні стануць абаронцамі Айчыны. Таму з дзяцінства трэба выхоўваць у іх такія якасці, як уменне сябраваць, трымаць слова, быць смелымі, мужнымі, высакароднымі і добрымі. А хто лепшы за бацькоў на сваім прыкладзе зможа выхаваць у іх усё гэта?! Вось таму ў Камінтэрнаўскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна было арганізаваны свята «Абаронцы зямлі беларускай» – спаборніцтва паміж бацькамі і вучнямі старшых класаў.

У суботу 20 лютага ў спартыўнай зале школы не было дзе яблыку ўпасці. Балельшчыкамі сталі навучэнцы і настаўнікі, мамы і таты, нават дзядулі і бабулі. Каманды «Волаты» і «Рыцары» павіталі адна адну, і пачалося спаборніцтва ў кемлівасці і сіле.
Першы конкурс «Гарачая бульба” паказаў, што ні адна з каманд проста так не саступіць перамогу. У зале рабілася нешта неверагоднае: балельшчыкі перажывалі, крычалі, пішчалі. «Рыцары» ледзь-ледзь апярэдзілі сапернікаў. Другі конкурс з ваенным назвай «Трывога» паказаў, што таты і дзеці могуць апранацца ў любых умовах: спартыўныя касцюмы нацягваліся і здымаліся з маланкавай хуткасцю. Конкурс «Кенгуру» выявіў уменне бацькоў добра скакаць, але і хлапчукі не адставалі ад бацькоў. Мітусня, весялосць панавалі на конкурсе «Сямейны цягнік”. Вось дзе спатрэбілася ўменне адчуваць локаць адзін аднаго, узаемадапамога. Не так проста бегаць за рукі ўсёй камандай! На перацягванні канату мацнейшай стала каманда «Рыцары».
Паміж конкурсамі навучэнцы дэманстравалі свае таленты: яны чыталі сваім татам вершы, спявалі песні, а юныя танцоры пакарылі сэрцы ўсіх балельшчыкаў.
Заключны конкурс «Камбінаваная эстафета» паказаў, што цяперашнія і будучыя абаронцы нашай Айчыны ўмеюць ўсё: скакаць праз скакалку, хутка бегаць, закідваць мяч у баскетбольнае кальцо і нават катацца на лыжах … па спартзале. Усе ўдзельнікі каманд, і таты, і дзеці, прадэманстравалі смеласць, спрыт, кемлівасць.
Усяго адно ачко дапамагло камандзе «Рыцары» стаць пераможцамі. Усім былі ўручаны прызы, зробленымі рукамі навучэнцаў. Іх зрабілі члены гуртка “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” пад кіраўніцтвам Валянціны Аляксандраўны Мельнікавай, педагога дадатковай адукацыі. Будучыя абаронцы атрымалі салодкія прызы, бо ўсё адно яны, хлапчукі, застаюцца аматарамі салодкага.
Хочацца сказаць словы ўдзячнасці Сяргею Аляксандравічу Доўнеру, Яўгену Віктаравічу Царову, Міхаілу Пятровічу Валчкову, Эдуарду Эдуардавічу Дудкіну, Уладзіміру Іванавічу Валчкову, Раману Аляксандравічу Лапаеву за іх уменне сваім прыкладам натхняць, выхоўваць, падтрымліваць.

Алеся ЛІХАЧОВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Камінтэрнаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.