Абмяняліся падарункамі

- 11:15Навіны рэгіёнаў

Госцем сярэдняй школы № 1 Скідзеля быў віцэ-консул Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце Аляксандр Шадлоўскі, а нагодай для гэтага візіту стала перамога 10-класніка школы Андрэя Петушка ў Міжнародным конкурсе сачыненняў на тэму “Якім я бачу будучыню Расіі: мае пажаданні Прэзідэнту Расіі”. Аляксандр Шадлоўскі павіншаваў пераможцу і яго бацькоў, настаўніцу Наталлю Чаркес з выніковым удзелам у конкурсе.

Як расказала настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Наталля Чаркес, Андрэй вучыцца на выдатна ў філалагічным класе, займаецца ў школьным гуртку юных журналістаў “Твой фармат”, з’яўляецца прызёрам раённых алімпіяд па рускай мове і літаратуры, абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.

Андрэй неаднаразова ўдзельнічаў у творчых конкурсах, таму на прапанову Наталлі Іванаўны паспрабаваць сілы ў чарговым конкурсе адгукнуўся ахвотна. Конкурс быў арганізаваны Міжнародным саветам расійскіх суайчыннікаў. У ім удзельнічалі прадстаўнікі больш чым 40 краін.

— Я пісаў, што захапляюся літаратурай, культурай, гісторыяй Расіі, што руская зямля дала свету сапраўдных геніяў: пісьменнікаў, вучоных, музыкантаў, мастакоў, спартсменаў, палітыкаў, ваенных, — расказвае Андрэй. — Я нарадзіўся ў адзін дзень з вялікім рускім паэтам Фёдарам Цютчавым, яго словы я выказаў і як пажаданне Прэзідэнту Расіі згуртаваць свет і “спаять его любовью”. Я вельмі ўдзячны сваёй настаўніцы Наталлі Іванаўне Чаркес за дапамогу, а школе — за падтрымку.

На сустрэчы з віцэ-консулам Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце Аляксандрам Шадлоўскім прысутнічалі вучні і настаўнікі школы, а таксама бацькі Андрэя Петушка. Віцэ-консул уручыў Андрэю дыплом і падарунак — кнігі. А Андрэй у сваю чаргу падарыў Аляксандру Пятровічу карціну, якую сам намаляваў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.