Аб’ядноўвае паход

У Магілёўскім абласным ліцэі № 1 усімі сіламі імкнуцца да таго, каб стварыць для дзяцей максімальна спрыяльную для навучання атмасферу.

— Мы ажыццяўляем навучанне старэйшага школьнага звяна — навучэнцаў 10—11 класаў. Акрамя таго, установа мае абласное падпарадкаванне, і дзеці з’язджаюцца да нас з розных куткоў рэгіёна. Таму галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, — гэта аб’яднанне хлопчыкаў і дзяўчынак, такіх розных і непадобных, у адзіны класны калектыў. Рэалізоўваецца гэтая няпростая мэта з дапамогай розных ліцэйскіх традыцый, — расказаў дырэктар установы Пётр Шылаў.

Па яго словах, цэнтральнае месца сярод мерапрыемстваў займае турыстычны паход-эстафета, у які на працягу верасня адпраўляюцца ўсе 10-я класы. Сёлета даўняя традыцыя аб’яднала звыш 200 ліцэістаў.


Штогод педагог-арганізатар па фізкультурна-аздараўленчай рабоце Уладзімір Вячаслававіч Рымкевіч, кіраўнік ліцэйскага турклуба “Эдэльвейс” Таццяна Уладзіміраўна Старавойтава, а таксама настаўнікі фізічнай культуры Юрый Уладзіміравіч Віскоўскі і Алена Леанідаўна Цукрова арганізоўваюць для навучэнцаў і педагогаў ліцэя сапраўднае свята спорту і турызму.

За некалькі незабыўных дзён, праведзеных у зоне адпачынку паблізу вёскі Канстанцінаўкі Магілёўскага раёна, падлеткі набываюць шмат карысных навыкаў. Пасля працяглага пешага пераходу да лагера яны вучацца ставіць палаткі, распальваць вогнішча і гатаваць на ім ежу, удзельнічаюць у патрэбнай экалагічнай акцыі “Чысты лес”. А яшчэ яны правяраюць сваю фізічную падрыхтоўку, пераадольваючы паласу перашкод, выпрабоўваючы сябе ў шматлікіх конкурсах і “Лясной алімпіядзе”.

Праходзілі камандныя спаборніцтвы весела і цікава. Удзельнікам лясных алімпійскіх гульняў даводзілася і бегаць, і скакаць, і сілу праяўляць, і нават імправізаванае балота пераходзіць. Да перамогі імкнуліся ўсе, а лепшых ліцэістаў, адпаведна, заахвоцілі. Аднак галоўнае, чаму спрыяе ўсё мерапрыемства, — яркія ўражанні і незабыўныя моманты, якія кожны ліцэіст запамінае назаўсёды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *