Ад функцыянавання адукацыйнай галіны заўсёды павінен быць эканамічны эфект

- 9:57Суразмоўца

Наш парламент сёння працуе ў новым складзе. У Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы прыйшлі сапраўдныя прафесіяналы. Гэта педагогі, кіраўнікі адукацыі ўсіх узроўняў, навукоўцы, прадстаўнікі культурнай сферы. Усе яны выбралі дэпутацкую дзейнасць, каб прыўнесці ў заканатворчасць свае прапановы і меркаванні, якія сфарміраваліся ў іх падчас работы на педагагічнай, культурнай і навуковай ніве. Сёння ў гасцях у нашай газеты старшыня профільнай камісіі Ігар Аляксандравіч МАРЗАЛЮК. 

— Ігар Аляксандравіч, “Настаўніцкая газета” шчыра віншуе вас з пачаткам дэпутацкай дзейнасці ў нашым парламенце і выбраннем старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Ваша асоба даволі вядомая ў адукацыйнай галіне і ў навуковым асяроддзі і асацыіруецца з узбагачэннем нашай культурнай спадчыны. Хацелася б сёння даведацца, адкуль вытокі вашага жыцця, як склаўся ваш лёс і будаваўся жыццёвы і працоўны шлях.

— Так супала, што сёлетнія выбары праходзілі ў дзень майго нараджэння — 11 верасня. Я нарадзіўся ў 1968 годзе ў сям’і настаўнікаў і вашу газету ведаю з маленства. Мой тата пачынаў працаваць настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства, потым стаў дырэктарам школы. Маці — настаўніца фізікі і матэматыкі. Абое закончылі Магілёўскі педагагічны інстытут. Як бачыце, я вельмі рана, як кажуць, быў прафарыентаваны на педагогіку і ніколі не пашкадаваў аб гэтым. У нашай сям’і заўсёды існаваў культ кнігі, існуе ён і ў маёй сям’і, нават цяпер, калі друкаванае выданне, на жаль, не вельмі папулярнае сярод моладзі. Я таксама карыстаюся электроннымі кнігамі, але калі натыкаюся ў кніжным магазіне на нешта захапляльнае ў папяровым варыянце, то не магу ўтрымацца — і купляю. З дзіцячага ўзросту ўспрымаю сапраўдную кнігу як адушаўлёную істоту, як надзейнага суразмоўцу, а вось з электронным выданнем такога адчування няма. У мяне сабрана велізарная бібліятэка як электронных, так і друкаваных кніг. Нават хачу частку з іх, якія мне найбольш дарагія, а таксама спецыяльную літаратуру прынесці ў свой кабінет, каб не разлучацца надоўга з любімымі пісьменнікамі і паэтамі. Сярод іх — класікі Янка Купала, Якуб Колас, Васіль Быкаў, Кузьма Чорны, Уладзімір Караткевіч і яшчэ шмат іншых, на якіх трымаецца наша беларуская мова і літаратура і якія сталі нашай спадчынай. Сёння шмат імён і маладых таленавітых аўтараў. Вельмі многа чытаю замежнай літаратуры, у курсе ўсіх навінак. Люблю паэзію і сам іншы раз, калі нахлыне натхненне, пішу вершы. Памятаю, як яшчэ зусім малым дзіцем з лёгкасцю вывучыў паэму “Барадзіно” Міхаіла Лермантава і дэкламаваў яе дарослым.

У 1985 годзе ў вёсцы Леніна Краснапольскага раёна я скончыў школу з залатым медалём і паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт — такім чынам паўтарыў шлях сваіх бацькоў. Мой вобраз Беларусі складаецца з Панямоння і Пасожжа, і я вельмі кранальна стаўлюся да тых мясцін, дзе жылі мае дзяды. Спачатку думаў паступіць у БДУ, але вырашыў не адрывацца далёка ад малой радзімы і таму далейшае сваё жыццё звязаў з Магілёўшчынай. Там і ажаніўся — нядаўна ў мяне было сярэбранае вяселле. Мая жонка таксама педагог-гісторык, працуе ў музеі гісторыі Магілёва і мае толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы.

Пасля заканчэння гістарычнага факультэта я прысвяціў сябе археалогіі і паралельна працаваў на кафедры філасофіі, займаючыся навуковай работай. Вынікам маёй дзейнасці стала абарона кандыдацкай дысертацыі, і ў 27 гадоў я стаў кандыдатам гістарычных навук. У 1996 годзе перайшоў канчаткова на працу ў Магілёўскі педінстытут і да гэтага часу працаваў там. Сёння ўстанова мае назву Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова. Пачынаў я старшым выкладчыкам на кафедры філасофіі. І гэта невыпадкова. Я належу да той катэгорыі гісторыкаў, якія маюць не толькі філасофскі склад розуму, але і цікавасць да філасофіі, яе асноў і здабыткаў, пачынаючы ад класічнай грэчаскай і заканчваючы сучаснай філасофіяй. Сваю кандыдацкую дысертацыю абараняў па археалогіі, але, акрамя чыста археалагічных сюжэтаў, у рабоце я імкнуўся прадставіць гісторыю побыту нашых продкаў у кантэксце агульных гістарычных працэсаў, іх ментальнасць, стэрэатыпнасць, каб зразумець логіку паводзін продкаў. А для гэтага трэба ведаць, якія ёсць базавыя ментальныя стэрэатыпы, наколькі светапоглядныя і ідэалагічныя сістэмы, найважнейшай з якіх з’яўлялася рэлігія, былі глыбока ўкаранёны ў грамадства. Па сутнасці, мая доктарская дысертацыя па тэме “Этнічныя канфесійныя стэрэатыпы насельніцтва Беларусі ў Х—ХVII стагоддзях” стала лагічным працягам маіх далейшых гістарычных і археалагічных даследаванняў. Я абараніў яе ў 2002 годзе, калі мне было 34 гады, і стаў доктарам гістарычных навук.

— Як бачна, ваша дзейнасць паступова скіроўвалася да археалагічнай сферы і вы нават сталі заснавальнікам кафедры археалогіі ў сваім універсітэце. Ці звязалі вы працу навукоўца з практычным увасабленнем археалогіі?

— У статусе доктара гістарычных навук я нейкі час працягваў працаваць на кафедры філасофіі нашага ўніверсітэта, а калі была створана кафедра археалогіі маім настаўнікам В.Ф.Капыціным, то я перайшоў на яе працаваць, а пазней узначаліў яе і кіраваў да выбрання мяне ў дэпутаты. Я ганаруся тым, што працаваў побач з нашым легендарным дэканам гістарычнага факультэта П.Ф.Дзмітрачковым (яму хутка споўніцца 80 гадоў, але ён працягвае працаваць), чалавекам, які сваёй асобай увасабляе вобраз кіраўніка, які пачуе, зразумее, падтрымае, а калі карае, то вельмі далікатна, каб не закрануць чалавечую годнасць. Разам з Пятром Фролавічам мы адкрылі ва ўніверсітэце спецыяльнасць “Гісторыя і археалогія”. Усе базавыя вучэбныя планы і праграмы я склаў сам, карыстаючыся некаторымі напрацоўкамі замежных калег. І ганаруся вынікамі работы нашай кафедры: 5 чалавек з аднаго толькі курса па гэтай спецыяльнасці выбралі навуковую працу і накіраваліся ў аспірантуру, а магчыма, у хуткім часе стануць кандыдатамі гістарычных навук. Шмат знакамітых вучоных-гісторыкаў, якія працуюць у Інтытуце гісторыі НАН, супрацоўнічалі з нашай кафедрай, двое з іх сталі ВАКаўскімі прафесарамі па археалогіі.

Гісторыя і археалогія — гэта маё жыццё, і я заўсёды, працуючы на кафедры праводзіў археалагічныя даследванні, распрацоўваў тэарэтычныя матэрыялы для экспазіцыйна-тэматычных планаў. Напрыклад, мы з жонкай распрацавалі канцэпцыю экспазіцыі музея гісторыі Магілёва. Мне прыемна сказаць, што мае археалагічныя знаходкі складаюць значную частку калекцый і экспазіцыі музея. Мы праводзілі вялікую работу па музеефікацыі, рэстаўрацыі Шклова, Быхава, Мсціслава і іншых гарадоў Магілёўшчыны, пры гэтым імкнучыся захаваць ужо існуючыя гістарычныя і культурныя помнікі. Мне было вельмі камфортна працаваць з кіраўніцтвам нашага горада, вобласці і раёнаў Магілёўшчыны. Яно з разуменнем ставіцца да адраджэння гісторыі і культуры, да ўзнаўлення нацыянальных традыцый, якія фарміруюць выхаванне нашай моладзі, у першую чаргу грамадзянскасці, патрыятызму і ўвогуле чалавечай годнасці. Напрыклад, у Магілёве вядзецца музеефікацыя царквы, што знаходзіцца побач з мостам, які пасля аднаўлення павінен стаць помнікам архітэктуры, прыцягальнай славутасцю, вобразам горада. І ў нас гэта атрымалася. Мы зрабілі шыкоўны падземны пераход, дзе на браняшкле размешчана 100 фотаздымкаў Магілёва на фоне магілёўскай гравюры XVIII стагоддзя. На фотаздымках адлюстраваны старажытныя і сучасныя помнікі архітэктуры.

Зараз я працую над міжнародным праектам аб гісторыі беларуска-рускага памежжа, узначальваю беларускую частку аўтарскага калектыву, а мае калегі з Санкт-Пецярбурга — расійскую. Я ганаруся тым, што прыклаў руку да многага, што робіцца ў нашай краіне, бо лічу за лепшае актыўна дзейнічаць, а не толькі гаварыць, тым больш калі гэта робіцца для родных мясцін. Не зважаючы на мой пераезд у Мінск у сувязі з дэпутацтвам, я быў і застаюся магілёўскім хлопцам, і мой родны кут — гэта горад над Дняпром, мой універсітэт, мае калегі і студэнты. Я не пакіну іх і пастаянна буду ў курсе спраў маёй навучальнай установы, майго горада.

— Якой вы бачыце сёння нашу адукацыю? Магчыма, штосьці не задавальняе ў развіцці вышэйшай школы?

— Я чалавек кансерватыўных поглядаў і лічу, што трэба вельмі добра падумаць, перш чым нешта змяняць. Мы можам узгадаць шмат адмоўных прыкладаў у любой сферы ад паспешліва прынятых рашэнняў, ад непралічаных, няякасна праведзеных рэформ. Важна адно: тое, што якасна працуе, нельга знішчаць — трэба дакладна вызначыць, што нам патрэбна. Калі мы гаворым пра сусветныя тэндэнцыі ў адукацыі і тое, як згодна з імі павінна выглядаць наша сярэдняя і вышэйшая школа, то пры тым, што мы не павінны адмяжоўвацца ад сусветнай адукацыйнай прасторы, трэба развіваць сваю айчынную адукацыю з улікам нацыянальных традыцый. Нават у межах Балонскага пагаднення сістэму вышэйшай школы можна выбудоўваць па-свойму, як гэта робяць іншыя краіны. Самае галоўнае, на маю думку, — гэта тое, што любая рэформа павінна адказваць на фундаментальнае пытанне: якім будзе эканамічны эфект ад функцыянавання адукацыйнай галіны, непасрэдна ад працы тых спецыялістаў, якіх яна рыхтуе, наколькі іх дзейнасць накіравана на карысць сваёй дзяржавы?

Я лічу, што ўсе нашы навучальныя ўстановы, незалежна ад іх узроўню, акрамя сваёй асноўнай функцыі вучыць і выхоўваць, павінны стаць школай патрыятызму і грамадзянскасці, і ўся сістэма адукацыі павінна працаваць на нацыянальныя інтарэсы нашай краіны. Заўсёды з сумам назіраў дынаміку таго, колькі беларускіх студэнтаў вучыцца ў еўрапейскіх універсітэтах. Я хацеў бы бачыць іншую статыстыку: колькі іх вярнулася на Радзіму. Безумоўна, я падтрымліваю супрацоўніцтва з іншымі краінамі і непасрэдна з іх навучальнымі ўстановамі, абмен студэнтамі, стажыроўку выкладчыкаў, імкненне распрацоўваць сумесныя праекты. Але пры гэтым важна не дапусціць, як кажуць, уцечкі мазгоў, выхоўваць у моладзі трывалы, надзейны стрыжань служыць сваёй радзіме. Магчыма, неабходна ўводзіць для гэтага кантрактную сістэму, каб у выпадку невяртання з іншай краіны абавязаць выплачваць грошы за навучанне ў нашай УВА.

Мне вельмі не падабаюцца спробы зрабіць з аспірантуры трэцюю ступень адукацыі. У такім выпадку вучоба ў аспірантуры не будзе залічвацца ў навуковы і працоўны стаж гэтак жа, як і вучоба ва ўніверсітэце. Ёсць прапановы, каб увогуле адмяніць доктарскую ступень, а пакінуць толькі кандыдацкую і выдаваць яе за доктарскую, быццам пад уплывам норм Балонскага пагаднення. Яшчэ раз нагадаю: не трэба бяздумна ламаць тое, што ў нас створана і эфектыўна працуе. Напрыклад, у Германіі, Польшчы, якія таксама з’яўляюцца ўдзельніцамі Балонскага пагаднення, захавалі дзве навуковыя ступені: і кандыдацкую, і доктарскую. Мяркую па сваім вопыце, доктарская дысертацыя з’яўляецца магутным навуковым стымулам для далейшага росту даследчыка. Калі ж даследванне абмежавана адной кандыдацкай дысертацыяй, то, паверце, каэфіцыент карыснага дзеяння рэзка падае, прападае матывацыя працягваць даследаванні. Усё гэта адбіваецца на якасці выкладання ва ўніверсітэце. Таму кожны калектыў УВА павінен быць умацаваны навукоўцамі, кандыдатамі і дактарамі навук, якіх можна лічыць штучным таварам, без якога вышэйшая школа не можа існаваць. Больш за тое, мы павінны развіваць камерцыялізацыю ўніверсітэцкай навукі ў добрым сэнсе гэтага слова. Чым больш развіта пазабюджэтная дзейнасць ва ўніверсітэце, тым лепш гэта будзе як для самой установы, так і для галіны ўвогуле. Атрыманыя фінансавыя сродкі трэба накіроўваць у першую чаргу на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, на матэрыяльнае стымуляванне выкладчыцкага складу, што, безумоўна, станоўча паўплывае на якасць навучання.

Я не лічу, што вышэйшая адукацыя павінна быць усеагульнай. Чалавек роўны ў сваіх правах атрымаць адукацыю, але рэалізацыя правоў, самарэалізацыя залежаць у тым ліку ад інтэлекту. Калі чалавек не здольны асіліць праграму вышэйшай школы, то навошта туды ісці, і нават траціць бацькоўскія грошы на аплату навучання? Абы толькі атрымаць статус студэнта УВА? Прабачце, але не ўсе выпускнікі школ могуць і павінны быць студэнтамі ўніверсітэтаў. У тыя часы, калі я вучыўся і калі вучыліся мае бацькі, паступіць у інстытут маглі толькі адзінкі з класа. І гэта не павінна абражаць сённяшнюю моладзь. Спачатку знайдзі свой шлях з улікам сваіх магчымасцей. Можа ты геній не ў вучобе, а ў тым, што можаш зрабіць сваімі рукамі, — тады ідзі вучыцца ва ўстанову прафесійнай адукацыі; удасканальвай сваё майстэрства, свае веды ў працэсе бесперапыннай адукацыі, паступіўшы потым ва УВА. Галоўнае — быць прафесіяналам у сваёй справе.

У апошні час паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі перастае быць галоўным паказчыкам дзейнасці сярэдняй школы на карысць паспяховаму ўладкаванню выпускнікоў у жыцці і іх кар’ернаму росту. Гэта правільны кірунак, і яго трэба развіваць далей. Напрыклад, у Германіі, краіне з моцнай эканомікай і каласальным інтэлектуальным патэнцыялам, ёсць паняцце “базавая школа”. Калі дзіця не можа паступіць у гімназію, то дарога ва ўніверсітэт яму закрыта, затое адкрыта ва ўстановы прафесійнай адукацыі.

— У нас такой ранняй прафесійнай арыентацыі павінна паспрыяць профільнае навучанне. Як вы ставіцеся ўвогуле да сённяшняга стану нашай школы?

— Я вітаю вяртанне профільнай адукацыі, якая дазволіць вызначыць здольнасці кожнага школьніка і зрабіць прафесійны выбар больш раннім і больш дакладным. Але пры гэтым не трэба забываць, што ў кожнага вучня павінна быць базавая адукацыя, неабходныя веды па матэматыцы, гісторыі — па ўсіх тых прадметах, якія варта ведаць кожнаму адукаванаму чалавеку.

Сёння мяне турбуе і ўзровень пісьменнасці нашых вучняў. На жаль, як паказвае практыка, ён моцна знізіўся. Пісьменнасць — гэта аснова навучання, ад яе залежыць агульная культура чалавека, яго мысленне. Таму мы павінны клапаціцца, каб кожны школьнік меў дастойны ўзровень пісьменнасці, а гэта магчыма, калі не адмаўляцца ў вучэбным працэсе ад напісання пісьмовых работ па мовах, сачыненняў і пераказаў.

Хацелася б змяніць і некаторыя крытэрыі ацэнкі выніковасці працы настаўніка. Напрыклад, сёння адным з такіх крытэрыяў з’яўляецца не якасць ведання прадмета, яго выкладання, а колькасць узнагарод, атрыманых у тым ліку за навукова-даследчую работу. Безумоўна, гэта ўхвальны кірунак, але яго не трэба ставіць у прыярытэтныя. Мы павінны арыентавацца на сярэдняга вучня, а не толькі на выдатніка, і даваць кожнаму магчымасці вызначыць менавіта свой напрамак у жыцці, рэалізаваць свае здольнасці.

— Ігар Аляксандравіч, ваш дэпутацкі марафон толькі пачаўся. Якія свае задумкі вы плануеце рэалізаваць у гэтай сферы дзейнасці?

— Да многіх заканадаўчых дакументаў я меў дачыненне яшчэ ў складзе парламента пятага склікання, калі быў членам Савета Рэспублікі. Папярэдняя камісія Палаты прадстаўнікоў папрацавала вельмі добра і эфектыўна, што пацвярджае прыняцце асноватворных заканадаўчых актаў — Кодэкса ад адукацыі і Кодэкса аб культуры. Наш склад камісіі будзе працаваць над другой рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. І для нашых дэпутатаў справа гонару зрабіць яго высакаякасным, каб кожная норма кодэкса спрыяла інтарэсам усёй педагагічнай супольнасці, кожнага настаўніка, кіраўніка, навучэнца і яго бацькоў. Мы ставім задачу зрабіць усё магчымае для таго, каб дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы адукацыі і навукі стала рэальнасцю. Нам неабходна зрабіць гэтыя працэсы празрыстымі, даступнымі. Мы будзем імкнуцца да таго, каб стварыць яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для развіцця ўніверсітэцкай навукі. Без навукі ў адукацыі мы ніколі не здзейснім тэхналагічных прарываў, якія вывелі б нашу краіну на перадавы ўзровень. Каб гэта ажыццявіць, мы павінны выйсці на прыярытэтнае фінансаванне, патранаваць сферу адукацыі і навукі на ўсіх узроўнях. Неабходна зрабіць адукацыйную сферу прыярытэтнай, таму што яна з’яўляецца падмуркам стварэння станоўчага іміджу нашай краіны і яе паспяховага развіцця.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.