Ад навуковай ідэі да практычнага ўвасаблення

- 11:49Дашкольная адукацыя

Стан і перспектывы развіцця эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці на ўзроўні дашкольнай адукацыі абмяркоўваліся падчас Рэспубліканскага семінара-практыкуму “Развіццё інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, які прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю: члены секцыі дашкольнай адукацыі рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

У ходзе эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці

“Эксперыментальная дзейнасць — гэта праверка вынікаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у сферы адукацыі, — падкрэсліла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Леанідаўна Давідовіч.— Адзначу, што ў мінулым годзе было завершана даследаванне па развіцці даследчай дзейнасці і пераемнасці ў арганізацыі гэтага працэсу на ўзроўні дашкольнай і пачатковай адукацыі. Яго вынікі мы рэкамендавалі для праверкі падчас эксперымента. Сёлета зацверджана толькі адна навуковая тэма на ўзроўні дашкольнай адукацыі, якая тычыцца прадметна-развіццёвага асяроддзя ў дашкольных установах. У рамках гэтай тэмы адным з вынікаў павінна стаць распрацоўка новага пераліку сродкаў навучання для ўстаноў дашкольнай адукацыі. У наступным годзе тэма будзе акрэслена ў эксперыментальным праекце.

У сваю чаргу, інавацыйная дзейнасць — гэта працэс укаранення ў практыку апрабаваных падчас эксперыментальнай дзейнасці вынікаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Да інавацыйнай работы можна далучыцца толькі пасля рэалізацыі эксперыментальных праектаў, якія былі зацверджаны Міністэрствам адукацыі. Для ўкаранення ў ходзе інавацыйнай дзейнасці сёлета былі рэкамендаваны вынікі праекта “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі”.

У 2017 годзе ў нас рэалізоўвалася 5 эксперыментальных праектаў, у якіх удзельнічалі 48 эксперыментальных пляцовак. Гэта праекты: “Апрабацыя тэхналогіі кіравання функцыянальным станам дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі фізічнага выхавання”, “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай сферы “Мастацтва” (“Выяўленчая дзейнасць”) вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, “Апрабацыя методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай сферы “Развіццё маўлення. Культура маўленчых зносін” для дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту”, “Апрабацыя аўдыявізуальных комплексаў як сродак развіцця маўлення дзяцей з парушэннем слыху на ўзроўні дашкольнай і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Летась ажыццяўлялі 12 інавацыйных праектаў, у іх прынялі ўдзел 147 інавацыйных пляцовак. У нас, напрыклад, рэалізоўваецца мадэль фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі праз ІКТ, укараняецца мадэль сацыяльна-педагагічнай і псіхолага-педагагічнай падтрымкі дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай ахове праз інтэграцыю “дзіцячы сад — школа — сацыяльна-педагагічны цэнтр”. Можна вылучыць інавацыйныя праекты, якія рэалізоўваюцца дашкольнымі ўстановамі сумесна з установамі агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. У іх ліку — праект па ўкараненні мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа; па ўкараненні мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў; па ўкараненні мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы; па ўкараненні мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу на прынцыпах педагагічнай эрганомікі.

“На практыцы часам узнікае праблема з тым, што інавацыйныя або эксперыментальныя праекты не зацвярджаюцца ў Міністэрстве адукацыі, — адзначыла Альбіна Леанідаўна. — І менавіта таму, што педагогі ў працэсе афармлення сваіх ідэй не звяртаюць увагу на тое, што занатавана ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і ў адпаведнай пастанове Міністэрства адукацыі ад 1 верасня 2011 года № 251, у якой зацверджана інструкцыя аб парадку ажыццяўлення эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі. Часта ў абгрунтаванні прадстаўленых інавацыйных праектаў адсутнічае інфармацыя аб тым, у якіх фундаментальных і прыкладных навуковых даследаваннях, што праведзены ў Рэспубліцы Беларусь, атрыманы гэтыя вынікі. Не ўказваецца інфармацыя аб кансультантах, навуковых кіраўніках эксперыментальных і інавацыйных праектаў. Такія праекты могуць быць адхілены або накіраваны на дапрацоўку. Варта звярнуць увагу на тое, што вельмі шмат спасылак у праектах робіцца на расійскіх аўтараў, і гэта пры тым, што пэўныя расійскія распрацоўкі зроблены не ў рамках канкрэтнага даследавання. Можна заяўляць аб замежнай распрацоўцы толькі тады, калі яе аўтар сам выступае заяўнікам па эксперыментальным або інавацыйным праекце. У нас такая практыка існуе, у прыватнасці з расійскім педагогам і псіхолагам Аляксандрам Ільічом Савенкавым, які ўдзельнічаў у пэўнай навуковай тэме і зараз будзе сукіраўніком або ўдзельнікам эксперыментальнага праекта”.

Садзейнічаць інтэлектуальнай самастойнасці дзяцей

У бягучым навучальным годзе яслі-сад № 110 Віцебска завяршае рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання інтэлектуальнай самастойнасці дашкольнікаў у гульнявой дзейнасці” (2015—2018 гады).

“З мэтай рэалізацыі інавацыйнага праекта ва ўстанове створана адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, наладжана супрацоўніцтва з кансультантам інавацыйнага праекта Ірынай Мікалаеўнай Кавінкінай, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, вывучаны вопыт выкарыстання гульнявых дапаможнікаў для інтэлектуальнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстановах Віцебска і іншых гарадоў Беларусі, — расказала загадчык установы Валянціна Уладзіміраўна Шамшура. — Спецыялісты, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта, з самага пачатку праводзілі педагагічныя даследаванні па абраных тэмах. У выніку выхавальнік Марына Уладзіміраўна Прастакова распрацавала і ўкараніла дыдактычныя гульні з гульнявымі дапаможнікамі “Блокі Дзьенэша” і “Палачкі Кюізэнэра” ў сюжэтна-ролевыя гульні з выхаванцамі. Выхавальнікам Наталляй Аляксандраўнай Шчарбінай распрацавана серыя дыдактычных гульняў матэматычнага зместу. Выхавальнік Надзея Уладзіміраўна Зверава абагульніла вопыт работы і пацвердзіла вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ў маі 2016 года па тэме “Развіццё элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай выкарыстання гульнявых дапаможнікаў — блокаў Дзьенэша і палачак Кюізэнэра” і распрацавала аўтарскія развіццёвыя гульні з гэтымі гульнявымі дапаможнікамі, якія спрыяюць інтэлектуальна-творчаму развіццю дашкольнікаў”.

Педагогі—ўдзельнікі інавацыйнага праекта распрацавалі канспекты і правялі заняткі, у якіх прадугледжаны праблемныя сітуацыі, што спрыяюць разумовай дзейнасці выхаванцаў. У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта з бацькамі абмяркоўваліся шляхі развіцця інтэлектуальнай самастойнасці ў дашкольнікаў.

Выніковасць інавацыйнай дзейнасці ўстановы адукацыі вызначалася дынамікай шэрага паказчыкаў згодна з распрацаванымі крытэрыямі — сфарміраванасцю інтэлектуальнай самастойнасці дзяцей дашкольнага ўзросту ў гульнявой дзейнасці, інфармацыйнай і прафесійнай кампетэнтнасцю педагогаў — удзельнікаў інавацыйнага праекта, зацікаўленасцю бацькоў выхаванцаў.

Лэпбук як сродак інтэрактыўнага ўзаемадзеяння

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 214 Мінска ў кірунку патрыятычнага выхавання працуе не першы год. Пра гэта расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці цэнтра Вера Іванаўна Макарэвіч. Найбольш плённа работа вядзецца ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі” (2015—2018). Асаблівую ўвагу педагагічны калектыў удзяляе арганізацыі актыўных відаў дзіцячай дзейнасці, калі назапашваецца карысны вопыт для далейшага паспяховага ўвасаблення яго ў жыццё. Эфектыўны сродак для гэтага — рэалізаваць тэматычны праект. У аснове работы з дзецьмі ў рамках праекта — розныя віды дзіцячай дзейнасці: творчыя заданні, дыдактычныя гульні, гульні-драматызацыі, інтэграваныя і комплексныя заняткі, народныя рухавыя гульні, фальклорныя святы, экскурсіі, сістэмная работа з творамі вуснай народнай творчасці. Падчас рэалізацыі гэтай інавацыі распрацаваны тэматычныя праекты па розных кірунках патрыятычнага выхавання: “Сімвалы Беларусі”, “Беларусь спартыўная”, “Дзяржаўныя і народныя святы Беларусі”, “Вядомыя мясціны Беларусі” і іншыя. Пасля заканчэння кожнага тэматычнага праекта дзіцячыя ўяўленні сістэматызуюцца і замацоўваюцца. Для большага плёну выхавальнікі прапанавалі стварыць лэпбук.

Лэпбук ствараецца ў некалькі этапаў. Першы — распрацоўка тэматыкі. Як правіла, тэматыка лэпбука абумоўлена тэматыкай бягучага праекта (праект “Праца, здароўе, культура” — лэпбук “Як хлеб на стале з’явіўся”, праект “Хараство беларускай прыроды” — лэпбук “Дзікія жывёлы”). Тэматыку будучага лэпбука могуць падказаць і самі дзеці.

“Да вырабу лэпбукаў выхавальнікі рыхтуюцца грунтоўна, — падкрэсліла Вера Іванаўна Макарэвіч. — У першую чаргу вывучаюць змест вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі патрэбнага кірунку, праграмы патрыятычнага выхавання, распрацаванай Людмілай Мікалаеўнай Варанецкай, навуковым кіраўніком праекта, дацэнтам кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдатам педагагічных навук. У выніку былі створаны метадычныя парады да кожнага лэпбука, у якіх змешчаны ўсе дыдактычныя гульні, іх задачы, змест, варыянтнасць правядзення. Імкнёмся падбіраць матэрыял да іх так, каб можна было выкарыстоўваць яго ў некалькіх гульнях. Шматварыянтныя гульні неабходны для падтрымання зацікаўленасці дзяцей. Кожны раз педагог мае магчымасць прапаноўваць дзіцяці новыя ўмовы для гульняў. Метадычныя парады распрацоўваюцца для ўсіх педагогаў, нават тых, якія не стваралі лэпбук, а толькі будуць ім карыстацца. Наступны этап — падбор (або распрацоўка) нагляднага і гульнявога матэрыялу ў адпаведнасці з тэматыкай лэпбука. На гэтым этапе ў гульнях актыўна бяруць удзел дзеці разам з бацькамі. Дзеці прапаноўваюць назвы рубрык, падбіраюць малюнкі. Аснова лэпбука ствараецца выхавальнікам, а выраб ажыццяўляецца разам з дзецьмі.

Бацькі нашых выхаванцаў актыўна ўдзельнічаюць ў стварэнні лэпбукаў. Над лэпбукам “Дзяржаўная сімволіка Беларусі” працавалі сумесна дзве сям’і. Лэпбук быў прадстаўлены на выставе нацыянальнага форуму “Сям’я — века” ў снежні 2017 года. Апошні этап — падвядзенне вынікаў дзейнасці. Гульні з лэпбукам больш падыходзяць для індывідуальнай і падгрупавой работы. Перспектывы, якія мы бачым у нашай рабоце, наступныя: распрацоўка лэпбукаў па ўсіх кірунках патрыятычнага выхавання; распрацоўка канспектаў і правядзенне заняткаў па ўжо вырабленых лэпбуках”.

Ствараем алгарытм сюжэтна-ролевай гульні

Каб выпрацаваць сваю сістэму педагагічнага суправаджэння і развіцця гульнявой дзейнасці, педагагічны калектыў Гарадзішчанскага ясляў-сада Баранавіцкага раёна вырашыў арганізаваць дзейнасць у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту” (2016—2018) пад навуковым кіраўніцтвам Святланы Васільеўны Кандрацюк, старшага выкладчыка кафедры дашкольнай адукацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

“Асноўная ідэя праекта — комплексная тэхналогія падтрымкі і дапамогі дзіцяці ў арганізацыі і развіцці ім сюжэтна-ролевай гульні, — расказала загадчык установы Ірына Станіславаўна Маруцік. — Асабліва значная для дашкольніка сюжэтна-ролевая гульня, якая ўяўляе сабой творчую дзейнасць, падчас якой дзеці бяруць на сябе ролі дарослых і ў абагульненай форме (у спецыяльна створаных гульнявых умовах) прайграюць дзейнасць дарослых і адносіны паміж імі. Такія гульні мы раздзялілі на некалькі тыпаў: гульні на бытавыя сюжэты; гульні на вытворчыя і грамадскія тэмы, у якіх адлюстроўваецца праца людзей; гульні на героіка-патрыятычныя тэмы, на знаёмства з народнай спадчынай і рамёствамі; гульні, звязаныя з тэмамі літаратурных твораў, кіно, тэле- і радыёперадач; “рэжысёрскія” гульні, калі дзіця кіруе лялькамі, гаворыць і выконвае іх разнастайныя дзеянні.

Абавязковая ўмова развіцця гульнявой дзейнасці — наяўнасць дастатковых ведаў, шырокі кругагляд. З набыццём новых уражанняў з’яўляюцца новыя сюжэты для гульняў. Так, пасля знаёмства з прамысловасцю Беларусі ў дзяцей узнікла ідэя гульні “Пельменная фабрыка”. Гэта паслужыла штуршком для збору інфармацыі аб дзейнасці работнікаў прамысловасці, былі праведзены заняткі па тэме “Хто працуе на фабрыцы”, “Як да нас прыйшлі пельмені”, даследчы праект “Ператварэнне мукі”. У выніку арганізавалі цыкл сюжэтна-ролевых гульняў, аб’яднаных тэматыкай “Прамысловасць”.

Мы знайшлі дзейсны метад мадэлявання педагагічнага кіраўніцтва гульнёй праз выкарыстанне тэхналагічных карт і алгарытмаў арганізацыі і правядзення сюжэтна-ролевай гульні. Тэхналагічная карта прапануе новыя падыходы да арганізацыі такой гульні шляхам яе мадэлявання. Абапіраючыся на распрацаваную мадэль, выхавальнік дапамагае дзецям успомніць эпізоды, дзеянні ўдзельнікаў гульні, змест іх узаемаадносін. Распрацаваная намі ўніверсальная тэхналагічная карта прадстаўляе пакрокавую інструкцыю для дзяцей па арганізацыі гульні. Яна дапаможа арганізаваць любую сюжэтна-ролевую гульню. Акрамя таго, былі распрацаваны алгарытмы гульнявых дзеянняў, якія дапамагаюць выхаванцам ажыццяўляць выбар і атрыбутаў, і партнёраў гульняў праз стварэнне ланцужка паэтапнага прайгравання задумы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.