Адаптацыйныя гульні з пяском і вадой

- 16:49Дашкольная адукацыя

Пры паступленні ў дашкольную ўстанову ўсе дзеці перажываюць адаптацыйны стрэс, выкліканы расставаннем з бацькамі, нязвыклым асяроддзем, з’яўленнем незнаёмых дарослых, вялікай колькасцю дзяцей. Некаторыя малышы адчуваюць трывожнасць, страх, няўпэўненасць, замкнёнасць. Задача педагогаў — вывесці дашкольнікаў з гэтага стану, дапамагчы ім пераадолець стрэс пры паступленні ў дзіцячы сад і паспяхова адаптавацца да яго.

У яслях-садзе № 10 Смаргоні выкарыстоўваюцца разнастайныя метады і прыёмы работы з дзецьмі ў адаптацыйны перыяд. Гульні з пяском і вадой — любімы занятак усіх дзяцей. Простыя маніпуляцыі з сухім і мокрым пяском, плясканне ў вадзе супакойваюць залішне актыўных дзяцей і разнявольваюць зажатых. Здаецца, зусім нядаўна ў некаторых на твары былі няўпэўненасць, слёзы, некаторых няўрымслівых малышоў немагчыма было ўціхамірыць. Але вось маленькія ручкі пагрузіліся ў пясок… Столькі цікавага можна вылепіць з мокрага пяску: піражкі, пірожнае, торцік. А можна схаваць у пяску цацкі і потым знайсці іх, можна “зварыць“ кашу і “пакарміць” выхавальніка.

А як выдатна паплюхацца ў вадзіцы, пагуляць у вадзе з гумовымі цацкамі. Прайшло крыху часу — і нашых выхаванцаў не пазнаць: задаволеныя твары, смех і шчабятанне. Нашы педагогі, выкарыстоўваючы гульні з пяском і вадой, вырашаюць цэлы комплекс задач: удасканальваюць каардынацыю рухаў, пальчыкавую маторыку, развіваюць навыкі зносін і размовы, прасторавую арыентацыю, стымулююць пазнавальную цікавасць і г.д.

Наталля МУРАШКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 10 Смаргоні.