Адпачынак на «Арбіце»

- 9:35Нам пішуць

На восеньскіх канікулах у сярэдняй школе № 11 Ліды працаваў прышкольны аздараўленчы лагер «Арбіта.by». Былі створаны тры атрады — «касмічныя караблі», у якія ўваходзілі дзеці розных узростаў. У кожнага «карабля» свой «дом» — свая станцыя, свая эмблема. Кожны «касмічны карабель» выбіраў назву, афармляў сваю «станцыю».

У «Арбіце.by» дзейнічала грашовая адзінка «зорка». «Зоркі» дзеці атрымлівалі за ўдзел у спартыўна-аздараўленчых мерапрыемствах. Удзел атрада («касмічнага карабля») у мерапрыемствах адзначаўся на экране «Зорнага экспрэса», які афармлялі дзеці ў пачатку змены. Кожны «касмічны карабель» афармляў свой альбом – летапіс. У ім асвятляўся кожны пражыты атрадам дзень; найбольш яркія мерапрыемствы, якія спадабаліся, запомніліся дзецям.

Арганізаваны адпачынак спрыяў выхаванню ў дзяцей дысцыпліны, працавітасці, дружбы і калектывізму, адказнасці, камунікабельнасці, талерантнасці. Кожны знайшоў сабе справу па душы, праявіў свае лепшыя якасці, набыў новых сяброў. Дзеці вывучылі шмат новых песень, музычных гульняў, танцавальных нумароў, разгадалі бясконцае мноства загадак і галаваломак, майстравалі вырабы, «падарожнічалі» па казачных краінах, усталёўвалі свае маленькія рэкорды, вывучалі правілы дарожнага руху і бяспечных паводзін. У лагеры праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы: першынствы лагера па гульнявых відах спорту, спартыўныя эстафеты (як камандныя, так і асабістыя), у якіх былі задзейнічаны ўсе дзеці. З вялікім задавальненнем яны ўдзельнічалі ў спартыўных конкурсах, дзе паказвалі сілу, цярпенне, уменне суперажываць, спагадаць. Вынікам змены стала арганізацыя і правядзенне «Параду зорак» на «Арбіце».

Ірына ГЕБЕНЬ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 11 Ліды.