Адпачынак у дзіцячым садзе

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Падчас летніх канікул ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны прадастаўляюцца шырокія магчымасці для аздараўлення дзяцей. Пад дэвізам умацавання здароўя і развіцця выхаванцаў лета праходзіць не толькі ў школах, але і ў дзіцячых садках рэгіёна.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Багноўская, летні перыяд ва ўстановах дашкольнай адукацыі максімальна выкарыстоўваюць для правядзення аздараўленчай работы.

— Педагагічныя калектывы заўсёды дбайна рыхтуюцца да летняга аздараўленчага сезона. Дзякуючы гэтаму, боль­шасць выхаванцаў могуць паўнавартасна аздаравіцца непасрэдна ў дзіцячых садках. У распарадку дня ўстаноў у летні час актыўна выкарыстоўваецца дзейнасць на свежым паветры: прагулкі, гульні на прыродзе, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, тэматычныя святы, што дазваляе дзецям набываць новы рухальны і эмацыянальны вопыт, развівае іх разумовыя і фізічныя здольнасці. Характэрна, што пры правядзенні ўсіх мерапрыемстваў асаблівая ўвага ўдзяляецца гарантаванню максімальнай бяспекі выхаванцаў. У прыярытэце таксама патрыятычнае выхаванне дзяцей. Лета — найлепшы час для фарміравання ў хлопчыкаў і дзяўчынак пачуцця гордасці і любові да сваёй радзімы, — адзначыла Людміла Анатольеўна.

Аздараўленчая работа ў дзіцячых садках праходзіць зла­джана і вынікова. Так, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 8 Магілёва загадзя падрыхтаваліся да летняга сезона. Тэрыторыя дашкольнай установы прываблівае багаццем яркіх фарбаў. Тут высаджаны кветнікі, створаны ўмовы для гульняў з вадой і пяском, мастацкай і гульнявой дзейнасці выхаванцаў.

— Улетку работа нашага калектыву накіравана на арганізацыю паўнавартаснага, разнастайнага адпачынку дзяцей, умацавання і загартоўвання дзіцячага арганізма. Летнія дні ў нас насычаны гульнямі, назіраннямі за жывой прыродай, мастацкай і фізічнай дзейнасцю на свежым паветры. Для дзяцей арганізавана другое снеданне, якое складаюць сокі і садавіна, забяспечаны пітны рэжым. У аздараўленчай рабоце шырока выкарыстоўваюцца магчымасці басейна, заняткі ў якім не спыняюцца летам, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Загорская.

Летнія дні выхаванцаў ДЦРД № 8 напоўнены таксама разнастайнымі забаўляльнымі і святочнымі мерапрыемствамі. Прычым значная іх частка накіравана на замацаванне ведаў і ўменняў, якія дзеці атрымалі падчас навучальнага года, удасканаленне іх навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці.

Ярка, весела і пазітыўна лета праходзіць ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі рэгіёна. Пры гэтым у кожным дзіцячым садку — свае асаблівасці арганізацыі летняга аздараўлення выхаванцаў. Педагогі сапраўды ўсебакова імкнуцца зрабіць адпачынак дзяцей максімальна якасным і цікавым.

На здымках: ярка, цікава і займальна праводзяць летнія дні выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.