Адпачыць і падзарабіць

- 14:24Навіны рэгіёнаў

Другасная працоўная занятасць для дзяцей і падлеткаў падчас канікул у сярэдняй школе № 44 Віцебска арганізавана на працягу двух месяцаў: у чэрвені — у лагеры працы і адпачынку “Лідар”, у ліпені — у складзе школьных рамонтных брыгад.

—На першай змене ў нашых летніх лагерах аздаравіліся 58 навучэнцаў, — праінфармавала намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Таццяна Карнакова. — На базе ўстановы адукацыі дзейнічалі адначасова тры лагеры з дзённым знаходжаннем. Такім чынам мы пастараліся ўлічыць усе запыты, інтарэсы і пажаданні, ахапіць актыўным адпачынкам, цікавай і карыснай занятасцю максімальна шырокую дзіцячую аўдыторыю ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Малодшыя вучні наведвалі “Вясёлку”, падлеткаў запрасілі ў профільны “Патрыёт”, а таксама лагер працы і адпачынку “Лідар”. Асаблівая ўвага ўдзялялася стварэнню ў лагерах бяспечных умоў, арганізацыі здаровага і збалансаванага харчавання выхаванцаў; у адпаведнасці з зацверджанымі часовымі метадычнымі рэкамендацыямі, ажыццяўляўся строгі кантроль за выкананнем прафілактычных і санітарна-гігіенічных патрабаванняў.

Галоўнымі мэтамі работы лагераў з’яўляюцца захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, рознабаковае гарманічнае развіццё іх здольнасцей. На гэта быў накіраваны ўвесь комплекс мерапрыемстваў — ад медыцынскіх аглядаў і тэрмаметрыі, ранішняй зарадкі, прыняцця сонечных і паветра­ных ваннаў, здаровага харчавання, сустрэч са спецыялістамі да шматлікіх спартыўна-масавых і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Кожны дзень ахопліваў разнастайныя віды пазнавальнай, спартыўнай, творчай дзейнасці і меў тэматычны характар. У “Вясёлцы” мора станоўчых эмоцый заўсёды выклікаюць асфальтавы вернісаж “Вясёлкавы настрой” і караоке-клуб “Беларускія матывы”. У дзень бяспекі разам з акцёрамі студыі “Кошкі-мышкі” малодшыя школьнікі паўдзельнічалі ў інтэрактыўным спектаклі “Фунцік на кірмашы бяспекі” і ў гульнявой форме паўтарылі асноўныя правілы “разумнай асцярожнасці”. У Сусветны дзень навакольнага асяроддзя незабыўныя ўражанні выхаванцы атрымалі на экалагічнай сцежцы, выконваючы заданні на станцыях і паўтараючы правілы прыродакарыстання. У дзень казкі актавая зала школы ператварылася ў відэазалу, дзе на вялікім экране дэманстраваліся любімыя казкі, а затым надышоў час віктарыны “Казачны пярэпалах”. У дзень дзяўчынак правялі музычную гульню і майстар-клас ад выязной творчай майстэрні культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кальцо Віцебска “Дзвіна” — кожная гераіня дня атрымала ў падарунак дзве лялечкі, зробленыя ўласнаручна, і салодкі прыз. Паколькі ў школе на працягу многіх гадоў дзейніча­юць класы МНС, лагер “Патрыёт” працуе ў цесным кантакце з пажарным аварыйна-выратавальным атрадам “Віцязь”. Сёлета пад кіраўніцтвам ратавальнікаў падлеткі ўдасканальвалі навыкі пажарна-выратавальнай справы і аказання першай медыцынскай дапамогі. На занятках па профілях яны акунуліся ў свет развіццёвых гульняў, КВЗ, інтэрактыўных спектакляў, інтэлектуальных турніраў, віктарын, віртуальных падарожжаў, захапляючых квестаў і творчых конкурсаў.

— Раней падчас змен у лагерах мы практычна штодня наведвалі з выхаванцамі адметныя і цікавыя мясціны горада, музеі, Дом кіно, кінатэатр “Мір”, абласную філармонію, Беларускі тэатр “Лялька”, — адзначыла Таццяна Іванаўна. — Часткова гэты напрамак удалося заха­ваць у дыстанцыйным або скарочаным, максімальна бяспечным для дзяцей фармаце. Карыстаючыся выпадкам, хочацца па­дзякаваць супрацоўнікам аддзялення агітацыі і прапаганды Дзяржаўтаінспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, якія праз сацыяльную сетку “УКантакце” арганізавалі для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці анлайн-экскурсію па музеі ДАІ, якая нашых выхаванцаў вельмі зацікавіла. Карысны вопыт у профільным лагеры набылі выхавальнікі-педагогі школы: перад кожным стаяла задача прадставіць пэўныя тэмы па сваім прадмеце не проста на паглыбленым узроўні, але і творча, даступна, ярка, нечакана і прывабна. Прыемна, што калегі цудоўна з гэтым справіліся.

Атрадаўцы “Лідара” сумяшчалі актыўны адпачынак у лагеры з працай на палетках Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі НАН Беларусі ў Тулава. Зразумела, на праполку пшаніцы выхо­дзілі толькі ў першай палове дня і не больш як на 4 гадзіны на дзень, але і гэта дазволіла за змену падзарабіць па 80—100 руб­лёў — для падлеткаў даволі прывабная магчымасць. Па дагаворы з Віцебскім гарадскім цэнтрам занятасці насельніцтва ў ліпені на базе школы распачынаюць працу рамонтныя брыгады. У асноўным навучэнцы будуць задзейнічаны ў рамонце мэблі і добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 44 Віцебска.