Адукацыйную вандроўку дыстанцыйна прапаноўвае Акадэмія паслядыпломнай адукацыі слухачам праграмы павышэння кваліфікацыі

- 10:05Компетентно, Образование, Школа управления

Павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў навучальных устаноў з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Пра іх зместавае напаўненне, працягласць, а таксама як узаемадзейнічае акадэмія з рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з прарэктарам па вучэбнай рабоце акадэміі, кандыдатам фізіка­-матэматычных навук, дацэнтам Ірынай Дзюбай.

Быць у тэме

— Змест навучання нашых кіраўнікоў мяняецца настолькі імкліва, як мяняецца само жыццё, наша сістэма адукацыі, — адзна­чыла Ірына Аляксандраўна Дзюба. — Мы ставім задачу выкара­ніць дэфіцыт прафесійных ведаў і навыкаў кіраўніцкай дзейнасці, імкнёмся ўзбагаціць зместавае насычэнне павышэння кваліфікацыі тымі тэмамі, якія сёння з’яўляюцца найбольш актуальнымі. Сярод іх бягучае кіраванне, вырашэнне актуальных задач вучэбнай і выхаваўчай работы, кадравая палітыка. Не застаюцца ўбаку пытанні эканамічнай дзейнасці ўстановы, арганізацыі харчавання, а таксама шляхі вырашэння аператыўных задач, якія ўзнікаюць у сферы адукацыі.

Арганізуючы павышэнне ква­ліфікацыі кіраўнікоў, у акадэміі імкнуцца да стварэння спрыяльных умоў для прафесійнай самарэалізацыі, развіцця і ўдасканалення іх кампетэнцый, стымулявання інавацыйнай дзейнасці, фарміравання асабістых якасцей, павышэння кругагляду, стварэння камфортных умоў для развіцця кампетэнцый не толькі навучэнцаў, што вельмі важна, але і педагагічнага калектыву. Асаблівая ўвага ўдзяляецца кампетэнтнасці кіраўніка ў арганізацыі ваенна-патрыятычнага выхавання, педагагічнай падтрымкі настаўнікаў, класных кіраўнікоў, педагога-арганізатара, педагога-псіхолага і педагога сацыяльнага. Актуальнай праблемай з’яўляецца таксама ўдасканаленне кампетэнцый кіраўнікоў адукацыі па арганізацыі музеяў і музейных пакояў, абслугоўванні іх экспазіцый. У павышэнні кваліфікацыі кіраўнікоў асобна выдзелены кірункі па рэалізацыі праекта “Баць­коўскі ўніверсітэт”, арганізацыі прафілактычнай, карэкцыйнай работы з навучэнцамі і іх баць­камі.

— Пры арганізацыі павышэння кваліфікацыі мы ўлічваем і прапановы нашых слухачоў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, — паведаміла прарэктар. — Іх цікавіць, як уз­няць прэстыж прафесіі настаўніка, вырашыць пытанне ўзаемадзеяння школы і сям’і, арганізаваць узаема­дзеянне з бацькамі, як ства­рыць сітуацыю поспеху для маладых педагогаў, як найбольш эфектыўна арганізаваць работу педагагічнага калектыву, як весці выхаваўчую работу ў інфармацыйна-камунікатыўным асяроддзі, і многія іншыя пытанні.

Вядома, у рамках павышэння кваліфікацыі не ўсе пытанні можна ахапіць, аднак, дзякуючы зносінам слухачоў не толькі з выкладчыкамі акадэміі, але і паміж сабой, атмасферы супрацоўніцтва, добразычлівасці, стымуляванню інавацый, інфармацыйнае поле істотна пашыраецца. Акрамя таго, у кіраўнікоў пры павышэнні кваліфікацыі ёсць магчымасць атрымаць аператыўную інфармацыю з першых вуснаў. Акадэмію рэгулярна наведваюць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, рэгіянальных і сталічных органаў кіравання адукацыяй, а таксама вопытныя кіраўнікі, якія гатовы запрашаць сваіх калег у свае ўстановы адукацыі і дзяліцца вопытам. Акрамя таго, штогод праходзіць павышэнне кваліфікацыі не толькі дырэктараў школ і іх намеснікаў, але і кіраўнікоў органаў кіравання сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў. Гэтым людзям, якія вызначаюць адукацыйную палітыку на месцах, вядома дзейнасць навучальных устаноў, патрэбы настаўніцтва, а атрыманыя веды на павышэнні кваліфікацыі для іх своечасовыя і патрэбныя.

— Разам з тым мы заўсёды працуем над удасканаленнем сваёй дзейнасці, — адзначыла Ірына Аляксандраўна. — Напрыклад, цяпер вырашаем пытанне працягласці тэрмінаў павышэння кваліфікацыі, каб навучанне было аптымальным і эфектыўным. Кіраўнікі ў большасці сваёй не хочуць надоўга пакі­даць сваю гаспадарку — навучальную ўстанову і педагагічны калектыў, і не таму, што не давяраюць, а таму што прывыклі, каб усё было пад наглядам і можна было аператыўна выра­шаць кіраўніцкія задачы. Пры вочным навучанні выбар вагаецца паміж адным тыднем і двума, пры дыстанцыйным — ад месяца да двух з паловай.

За 9 месяцаў гэтага года ў акадэміі засвоілі адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі і стажыроўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў 4476 слухачоў, амаль палова якіх — кіраўнікі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Адукацыйная вандроўка дыстанцыйна

Развіццё прафесійных кампетэнцый у дыстанцыйнай форме педагогі нашай краіны ўспрыма­юць станоўча. Такая форма навучання дазваляе эфектыўна засвойваць праграму, тым больш што акадэмія напрацавала тэхналагічныя і тэхнічныя магчымасці для рэалізацыі дыстанцыйнага навучання. Напрыклад, у кастрычніку гэтага года пачалася дыстанцыйная адукацыйная вандроўка “Ацэнка метапрадметных адукацыйных вынікаў дзейнасці педагога, альбо Навошта настаўніку рускай мовы ве­даць законы фізікі?”для загадчыкаў і метадыстаў вучэбна-метадычных кабінетаў. Першыя вынікі такой вандроўкі пацвярджаюць, што яна прыйшлася даспадобы педагагічным работнікам.

Але ёсць у дыстанцыйным навучанні і свае цяжкасці. Паралельна з працай у рэальным рэжыме слухачу трэба так размеркаваць свой час, каб яго хапіла і на заняткі адукацыйнай дзейнасцю ў рэжыме анлайн. Але педагогі краіны імкнуцца да пазнання новага, удасканалення сваіх ведаў і навыкаў. 

— Бясспрэчна, дыстанцыйныя тэхналогіі маюць свае перавагі, яны сучасныя, у многім выйгрышныя, аднак у акадэміі імкнуцца больш выкарыстоўваць комплексны падыход, дзе перамяжоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі і жывыя зносіны, — падкрэсліла прарэктар.

Аб’яднаць рэгіёны

Акадэмія цесна супрацоўнічае з рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі. У іх шмат сумесных праектаў. Штогод право­дзіцца больш за 20 павышэнняў кваліфікацыі па сумесных праграмах акадэміі і інстытутаў развіцця адукацыі з рознымі катэгорыямі педагогаў. Такое ўзаемадзеянне выглядае наступным чынам. Рэгіянальныя ІРА з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі ўзгадняюць тэмы, па якіх яны хацелі б узаемадзейнічаць і накіраваць сваіх слухачоў для атрымання новых ведаў. Потым удакладняюцца ­тэрміны, калі будзе праводзіцца навучанне, а таксама колькасць чалавек. Так інстытуты фарміруюць кантынгент слухачоў са сваіх рэгіёнаў, а акадэмія ў дыстанцыйным рэжыме арганізуе павышэнне кваліфікацыі з далучэннем розных лектараў, у тым ліку і з рэгіёнаў.

Навучанне завяршаецца мерапрыемствам, якое праводзіцца ў вочным фармаце на базе ІРА, дзе людзі, якія былі аб’яднаны 2-месячным дыстанцыйным узаемадзеяннем, прэзентуюць вынікі сваёй работы па павышэнні кваліфікацыі, прадстаўляюць свае праекты і распрацоўкі. У далейшым плануецца выходзіць на міжрэгіянальны фармат, калі слухачамі будуць педагогі альбо кіраўнікі не толькі аднаго рэгіёна, а ўжо некалькіх. У гэтым годзе акадэмія плануе арганіза­ваць менавіта такія групы, і пры гэтым яны будуць узаемадзейні­чаць паміж сабой і абменьвацца тымі ведамі, якія атрымалі.

Творчы тонус

Палова слухачоў акадэміі — кіраўнікі з розных рэгіёнаў, што дазваляе стварыць у ёй перадумовы для актывізацыі кадравага патэнцыялу. Вельмі важным у гэтай дзейнасці з’яўляецца трансліраванне новых ідэй, інавацыйных кірункаў і таго вопыту, які назапашаны перадавой айчыннай практыкай. На кафед­рах акадэміі працу­юць выкладчыкі, для якіх характэрны высокі прафесіяналізм, сістэмны падыход у рабоце і ўнікальныя асабістыя якасці. Іх навучэнскі кантынгент — кіруючыя работнікі і спецыялісты адукацыі, якія ма­юць вялікі прафесійны вопыт, сфарміраванае практыкай меркаванне аб шляхах развіцця і ўдасканалення сістэмы адукацыі. Наяўнасць акадэміі, дзе вядзецца павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў, мае вялікае значэнне. Увогуле, павышэнне каліфікацыі кіраўніцтва з выдачай пасведчання дзяржаўнага ўзору — гэта добры стымул для далейшага прафесійнага развіцця.

— Выкарыстоўваючы перадавыя тэхналогіі менеджменту, кожны кіраўнік павінен стварыць для педагогаў і навучэнцаў сітуацыю поспеху, бо менавіта ад іх настрою, жадання працаваць і вучыцца залежыць паспяховасць дзейнасці ўстановы адукацыі, — падкрэсліла Ірына Дзюба. — Якімі стануць нашы дзеці пасля заканчэння ўстановы адукацыі, залежыць ад таго, хто іх вучыць сёння.

Якасны менеджмент

На перапынку паміж заняткамі павышэння кваліфікацыі размаўляем з дырэктарамі школ, якія дзеляцца ўражаннямі.

Інеса Анвараўна Абраева кіруе школай у аграгарадку Асінаўка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Дырэктар лічыць павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі вельмі каштоўным, бо гэта не толькі ўзбагачэнне інфармацыяй пра развіццё адукацыйнай галіны сёння, але і вызначэнне новых напрамкаў яе развіцця. Высока цэ­ніць кіраўнік і зносіны з калегамі, бо што можа быць лепш, чым вопыт сталых кіраўнікоў, і як важна і карысна паглядзець на сябе на фоне іншых дырэктараў. Інеса Анвараўна высока ацэньвае тыя тэхналогіі, якія прымяняюцца калектывам яе школы ў прафарыентацыйнай рабоце. Дарэчы, многія ідэі былі прывезены з павышэння кваліфікацыі ў акадэміі.

— Вырашыць праблему кад­раў у вёсцы можна ў асноўным толькі за кошт выпускнікоў сельскіх школ, — адзначае дырэктар. — У сувязі з гэтым у нашай установе вядзецца мэтанакіраваная праф­арыентацыйная работа. Мы адкрылі аграрны клас, стварылі цэнтр сельскага развіцця і самабытны цэнтр дэгустацыі і гатавання страў традыцыйнай кухні нашай мясцовасці. На тэрыторыі школы арганізавана вучэбная эксперыментальная пляцоўка для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Пазітыўныя адносіны да сельскагаспадарчай працы па­чынаюцца са станоўчых эмоцый, якія ўзнікаюць пры знаёмстве з сельскагаспадарчымі прафесіямі. Для гэтага была арганізавана паездка навучэнцаў 10 класаў у Горацкую сельгас­акадэмію, дзе яны азнаёміліся з дзейнасцю кафедраў і навучаннем студэнтаў на шэрагу факультэтаў. На кафедры плодаагародніцтва агратэхналагічнага факультэта акадэміі школьнікі і педагогі абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва па пытаннях селекцыі і генетыкі раслін. Школе падарылі насенны матэрыял фасолі, памідораў, перцаў і прапанавалі правесці даследаванні з мэтай вызначэння, які з гатункаў агародніны пры аднолькавых умовах вырошчвання дасць найбольш высокі ўраджай, гэта значыць, больш раяніраваны для Асінаўскага АПК. Супрацоўніцтва школы з акадэміяй будзе працягвацца і далей.

Анатоль Анатольевіч Атраховіч дырэктарствуе ва ўздзенскай сярэдняй школе № 1 імя А.С.Пушкіна толькі другі год, але кіраўніцкія якасці пачаў фарміраваць у сабе ўжо даўно. Дапамагае ў гэтым і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Анатоль Анатольевіч пабываў на павышэнні кваліфікацыі ўпершыню і застаўся вельмі задаволены той тэматыкай навучання, якую прадаставілі выкладчыкі акадэміі.

— Атрыманыя веды вельмі актуальныя, яны, па сутнасці, ва ўнісон з патрэбамі, — адзначыў Анатоль Атраховіч. — Менеджмент, вядзенне дакументаабароту, юрыдычныя пытанні, гаспадарчая, эканамічная і фінансавая дзейнасць установы, планаванне, праектная і інавацыйная дзейнасць — усе гэтыя напрамкі для кіраўніка вельмі надзённыя.

Уздзенская сярэдняя школа № 1 адрозніваецца разнастайнай праектнай дзейнасцю, у якую ўключаны педагогі і навучэнцы. Адным з найбольш маштабных можна лі­чыць праект па развіцці камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў ва ўзаемадзеянні з дзіцячымі, маладзёжнымі і грамадскімі аб’яднаннямі. Кіраўніком праекта з’яўляецца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Міхайлаўна Сямёнава. Па сутнасці, гэты праект абагульняе ў адно цэлае выхаваўчую работу школы, канцэнтруе дзей­насць шматлікіх школьных аб’яднанняў і клубаў: піянерскай арганізацыі, БРСМ, патрыя­тычнага клуба “Спадчына”, валанцёрскага атрада, юных інспектараў дарожнага руху, юных ратавальнікаў, хобі-цэнтра і інш. Такім чынам, навучэнцам школы прадастаўлена магчымасць знайсці справу па душы і прыносіць карысць удзелам у разнастайных акцыях. Нядаўна, будучы ўдзельніцай абласнога конкурсу “Мо­ладзь за чысціню гарадоў і сёл”, школа атрымала дыплом І ступені. 

 Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта Акадэміі паслядыпломнай адукацыі