Аэракасмічныя даследаванні пад кіраўніцтвам прафесара Бяляева

- 12:12Навука і інавацыі

Навуковая школа ў галіне аэракасмічных даследаванняў паспяхова развіваецца ў НДІ прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі БДУ. На працягу многіх гадоў яе ўзначальвае Барыс Бяляеў, загадчык аддзела аэракасмічных даследаванняў, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР у галіне навукі і тэхнікі. Сёння Барыс Іларыёнавіч лічыць самым важным вынікам работы навукоўцаў свайго аддзела створаную па кантракце з ракетна-касмічнай карпарацыяй “Энергія” імя С.П.Каралёва відэаспектральную сістэму (ВСС).

Прыборы БДУ — на борце МКС

ВСС — ужо трэці прыбор, які са снежня гэтага года працуе на Міжнароднай касмічнай станцыі. Ён з’яўляецца лагічным працягам папярэдняй распрацоўкі — фота-спектральнай сістэмы (ФСС), якая паспяхова функцыянуе на МКС з 2010 года. А з 2011 года для касмічнага эксперымента “Сейсмапрагноз” быў распрацаваны блок датчыкаў, якія ўстаноўлены на знешняй паверхні касмічнага сегмента МКС.
Відэаспектральная сістэма выкарыстоўваецца ў межах праграмы касмічнага эксперымента “Ураган” пад эгідай Інстытута геаграфіі РАН, з якім аддзел Б.Бяляева цесна супрацоўнічае.
Касманаўты з дапамогай навуковай апаратуры беларусаў могуць атрымліваць каляровыя лічбавыя фотавыявы высокага прасторавага раздзялення, а таксама мноства спектральных характарыстык адлюстраванага выпраменьвання зямнымі паверхнямі, што дазваляе прадказваць і вывучаць працэсы і наступствы прыродных і тэхнагенных з’яў.

Тры лабараторыі вырашаюць адну навуковую задачу

Сістэмы такога кшталту з’яўляюцца вынікам навукова-тэхнічнай дзейнасці аддзела аэракасмічных даследаванняў, які ўзначальвае Барыс Бяляеў. “Мы займаемся прыкладной фізічнай навукай. І таму як “прыкладнікі” навуковую ідэю абавязкова даводзім да лагічнага завяршэння і ўвасабляем у касмічным прыборы, які перад тым, як паляціць у космас, падвяргаецца шматлікім выпрабаванням у ракетна-касмічнай карпарацыі “Энергія”, — з гонарам гаворыць Барыс Іларыёнавіч.
Камплектуючыя дэталі да касмічных сістэм шукаюць па ўсім свеце. Некаторыя з іх вырабляюць самі. Аднак канчаткова касмічныя сістэмы збіраюцца ў НДІ прыкладных фізічных праблем. Тут пасля выпрабаванняў прыбораў і карэкціроўкі ў сувязі з гэтым канструктарскай дакументацыі выпускаецца некалькі ўзораў, адзін з якіх на ўсялякі выпадак павінен стаць запасным.
Працэсу садзейнічае тое, што аддзел аэракасмічных даследаванняў мае ў сваім складзе тры лабараторыі, якія дапаўняюць адна адну і таму зладжана працуюць над агульнай задачай.
“У лабараторыі дыстанцыйнай фотаметрыі займаюцца даследаваннем фотаздымкаў і спектраў, атрыманых з космасу з дапамогай сваёй апаратуры. Лабараторыя ж оптыка-электронных сістэм выконвае функцыю канструктарскага бюро, якое вырашае прыкладныя задачы пачынаючы з афармлення канструктарскай дакументацыі і заканчваючы кантролем за зборкай прыбораў. Лабараторыя оптыка-фізічных вымярэнняў — гэта нашы метролагі. Менавіта тут мы калібруем сваю апаратуру, — расказвае Барыс Бяляеў. — Для гэтага маем спецыяльны калібровачны комплекс “Камелія М”, атэставаны Дзяржстандартам Рэспублікі Беларусь”.
Аднак усе гэтыя тры лабараторыі ставяць перад сабой адну і тую ж навуковую задачу. І заключаецца яна ў атрыманні аптычных характарыстык розных прыродных, антрапагенных і штучных аб’ектаў з космасу.
“Мы ў першую чаргу спектраскапісты. І ў нашых сістэмах, якія працуюць у космасе, акрамя каляровай фатаграфіі Зямлі, абавязкова адлюстроўваецца спектр, які часам складаецца з 3 тысяч каналаў, — тлумачыць Барыс Бяляеў. — Гэта дазваляе выявіць больш тонкія характарыстыкі аб’ектаў, чым тыя, якія бачны на каляровай фатаграфіі”.

Навукоўцы і касманаўты працуюць разам

“Мне пашанцавала, што я ўсё сваё жыццё займаюся оптыкай”, — дзеліцца Барыс Іларыёнавіч. Сваю навуковую дзейнасць ён пачынаў яшчэ ў 70-я гады ў Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР. У НДІ прыкладных фізічных праблем, дзе ён арганізаваў лабараторыю дыстанцыйнай фотаметрыі і стаў яе загадчыкам, Барыс Іларыёнавіч трапіў у 1985 годзе. (Хутка лабораторыя, якую ён стварыў, будзе святкаваць 30-гадовы юбілей.)
Пад кіраўніцтвам Б.І.Бяляева быў сфарміраваны сістэмны падыход да ўдасканалення тэхналогій дыстанцыйнага маніторынгу прыродных утварэнняў і антрапагенных аб’ектаў (метады, апаратура, метралогія, алгарытмы апрацоўкі і прадастаўлення даных).
Менавіта захаванне навуковай школы ў галіне аэракасмічных даследаванняў паставілі яму ў заслугу касманаўты Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі, якія ўвосень мінулага года прыязджалі на VI Беларускі касмічны кангрэс.
Па словах Барыса Бяляева, многія навуковыя касмічныя распрацоўкі — гэта вынік суаўтарства вучоных і касманаўтаў. Так, напрыклад, з’явіўся прыбор СКІФ, які потым жартам называлі спектрометрам Кавалёнка і Інстытута фізікі. Дарэчы, знаёмства Барыса Бяляева з Уладзімірам Кавалёнкам адбылося, калі касманаўт вярнуўся з першага палёту.
“У 1976 годзе ён першы раз паляцеў у космас з нашым прыборам, — расказвае Барыс Бяляеў. — Сваімі ўражаннямі ад яго выкарыстання ён падзяліўся з вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і папрасіў стварыць мабільны ручны варыянт, каб касманаўт мог зрабіць любыя здымкі, якія яму захочацца. Так і з’явіўся СКІФ. Пазней па выніках здымак пры дапамозе гэтага прыбора Уладзімір Кавалёнак абараніў дысертацыю”.
З касманаўтамі Пятром Клімуком, Віталем Севасцьянавым і Георгіем Грэчкам у беларускага вучонага Барыса Бяляева таксама склаліся добрыя працоўныя адносіны. Яны надрукавалі нямала сумесных навуковых артыкулаў у вядучых часопісах свету.
Найноўшым прыборам, які быў створаны аддзелам аэракасмічных даследаванняў, карысталіся іншыя касманаўты: Антон Шкаплераў і Аляксандр Самакуцяеў. Іх заўвагі і прапановы таксама будуць улічаны навукоўцамі.
У найбліжэйшай будучыні калектыў беларускіх вучоных плануе ўдасканаліць відэаспектральную сістэму, стварыўшы аўтамат, які б дазваляў наводзіць яе без удзелу касманаўтаў. Сістэма аўтаматычнага навядзення відэаспектральнай сістэмы, якая ўключыць тэхніку ў патрэбны час, будзе называцца “САВА”.

Космас даступны маладым

Летам 2013 года БДУ ўпершыню правёў сеанс радыёсувязі з Міжнароднай касмічнай станцыяй, які быў арганізаваны пры дапамозе Паўднёва-Заходняга ўніверсітэта (Курск, Расійская Федэрацыя). У сеансе прыняў удзел і загадчык аддзела аэракасмічных даследаванняў Барыс Бяляеў. Касманаўты Фёдар Юрчыхін і Павел Вінаградаў адказалі на пытанні студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, якія вучацца па спецыяльнасці “Аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”.
У сакавіку 2014 года супрацоўнікі аддзела аэракасмічных даследаванняў былі адзначаны ў конкурсе праектаў для ўніверсітэцкага нанаспадарожніка “Накіруй сваю ідэю ў космас”. Лепшым праектам касмічнага эксперымента названа распрацоўка Юрыя Крата “Фазавыя пераходы ва ўмовах бязважкасці і касмічнай радыяцыі”. Юрый Крот, навуковы супрацоўнік лабараторыі оптыка-фізічных вымярэнняў, з’яўляўся адным з распрацоўшчыкаў ФСС. На сённяшні дзень малады навуковец падрыхтаваў да абароны кандыдацкую дысертацыю.
Апошнім часам БДУ працуе над стварэннем спадарожніка для студэнтаў з мэтай павышэння зацікаўленасці моладзі да тэмы космасу.
Барыса Бяляева вельмі радуе той факт, што ў яго аддзел прыходзяць студэнты, магістранты, якія цікавяцца касмічнай прасторай. Ён памятае, як у 90-я гады моладзь сыходзіла з навукі і давялося прыкласці шмат намаганняў, каб захаваць яе і не згубіць напрацаваныя сувязі за мяжой. Сёння ў Барыса Бяляева ёсць надзея, што вопыт даследаванняў у касмічнай галіне будзе запатрабаваны маладым пакаленнем.

Ганна ЛАГУН.
Фота Генадзя КРАСКОЎСКАГА
і з архіва аддзела аэракасмічных даследаванняў.