Аксана Цуран: «Нам вельмі важна сёння быць адзінымі»

- 15:13Моя гражданская позиция

“Не пытайся, што твая Радзіма можа зра­біць для цябе, спытай у сябе, што ты можаш зрабіць для сваёй Радзімы”. Пра сваю грамадзянскую пазіцыю карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар сярэдняй школы № 52 Мінска Аксана Пятроўна Цуран.

Зрабі свой выбар

На V Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт прамовіў фразу, якая стала кіраўніцтвам да дзеяння для кожнага: “Інвестыцыі ў мо­ладзь — інвестыцыі ў будучыню”. Па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы была распрацавана дзяржаўная маладзёжная палітыка, вызначаны яе асноўныя напрамкі, закладзены прававыя асновы.

Сёння ўпэўнена можна гава­рыць пра тое, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб кожны малады чалавек быў перакананы: ён патрэбны сваёй краіне, менавіта тут зможа рэалізаваць свой патэнцыял. Яскравым прыкладам з’яўляецца ўдзел нашай настаўніцы Таццяны Сяргееўны Рудазуб у І Мінскім форуме маладых дзяржаўных служачых. Гэты праект дазваляе перспектыўнай і актыўнай моладзі павышаць сваю палітычную дасведчанасць і электаральную культуру. І гэта асабліва актуальна напярэдадні адзінага дня галасавання. Нам вельмі важна сёння быць адзінымі.

Са снежня 2023 года мы запус­каем новы праект “Патрыятызм пачынаецца з цябе — зрабі свой выбар!”. У краіне ідзе актыўная пад­рыхтоўка да электаральнага перыяду, і мы разумеем, наколькі гэта важны для ўсіх нас час. Мы гаворым нашым настаўнікам: “Не пытайся, што твая Радзіма можа зра­біць для цябе, спытай у сябе, што ты можаш зрабіць для сваёй Радзімы”. Але тут варта адзначыць, што менавіта ў нашай краіне, як ні ў якой іншай, кожны грама­дзянін адчувае магутную падтрымку і абарону дзяржавы. Асабліва гэта датычыцца моладзі.

Добрыя справы

Напярэдадні вялікіх свят хочацца адзначыць рэспубліканскую акцыю “Нашы дзеці”, якая право­дзіцца ў падтрымку дзяцей-сірот, дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзяцей з інваліднасцю. Мэта гэтай акцыі — падарыць святочны настрой кожнаму дзіцяці, дапамагчы паверыць у цуд і зрабіць Новы год незабыўным. Мы ўсе прымаем актыўны ўдзел у гэтым дабрачынным марафоне. Рабіць дабро — значыць шчыра, бескарысліва аддаваць часцінку сваёй душы людзям. Патрыятызм прадугледжвае любоў да Радзімы не на словах, а праз добрыя справы, хай нават будзённыя і вельмі маленькія. Кожнаму з нас неабходна добрасумленна працаваць. Пера­стаць спадзявацца на кагосьці, а самім уладкоўваць сваё жыццё і жыццё навакольных, быць крыніцай лепшых культурных традыцый і маральнай чысціні.

Настаўнік — прафесія патрыёта

“Усё пачынаецца з любові…” — сказаў адзін паэт. У маленькага дзіцяці — гэта чыстая, шчырая любоў да маці, да сваёй сям’і, да свайго дома, да сваёй краіны. З гэтым пачуццём дзеці прыходзяць у школу і трапляюць да настаўнікаў. Школа — гэта асаблівы свет, у якім нараджаецца і фарміруецца чалавек, патрыёт. Гэта свет, поўны шчаслівых дзіцячых усмешак, свет радасці, маленькі свет у вялікай краіне.

Прафесія настаўніка была і застаецца адной з самых цяжкіх, важных і адказных. Як настаўнік і як кіраўнік я бачу сваё прызванне не толькі ў тым, каб навучыць дзяцей прамудрасцям навукі, але і ў тым, каб дапамагчы ім вызначыцца ў жыцці, накіраваць на правільны шлях.

Менавіта настаўнік з’яўляецца ключавой фігурай у выхаванні патрыятызму. Нашай школе пашанцавала: у нас працуюць і вопытныя педагогі, і маладыя спецыялісты. Унікальны сінтэз вопыту і маладосці дапамагае сфарміраваць традыцыі, духоўныя каштоўнасці, дакладна расста­­віць прыярытэты.

Дапамагчы маладым

Станаўленне маладога педагога, настаўніка-патрыёта — гэта даволі складаны і працяглы працэс у сацыяльным, псіхалагічным і прафесійным плане. Задача кожнай установы адукацыі — дапамагчы маладому педагогу ўсвядоміць сябе здольным, крэатыўным, таленавітым, паспяховым чалавекам, які зрабіў правільны прафесійны выбар і можа дэманстраваць высокія вынікі працы і лепшыя прафесійныя якасці. Для гэтага ў нашай установе функцыянуе школа маладога настаўніка, якая прадстаўлена комплексам семінараў, круглых сталоў, практыкумаў. Гэта тэарэтычныя і практычныя заняткі па псіхалогіі, педагогіцы, трэнінгі, тэсты, адкрытыя ўрокі, выставы педагагічных знаходак. У кожнага маладога спецыяліста ёсць свой настаўнік. Як правіла, гэта дасведчаны педагог, які валодае высокімі прафесійнымі і маральнымі якасцямі, ведамі ў галіне методыкі выкладання і выхавання. Вынікам кожнага навучальнага года становіцца самапрэзентацыя маладых спецыялістаў.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА