Акцыя “Гадзіна кода”

- 13:40Нам пішуць

Інфармацыйныя тэхналогіі распаўсюджваюцца надзвычай хутка. Яны дапамагаюць развіваць логіку, мысленне, здольнасць да самастойнага рашэння задач, ствараюць магчымасць для раскрыцця творчага патэнцыялу і вучняў, і педагогаў.

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе ў межах міжнароднага тыдня вывучэння інфарматыкі з 3 па 9 снежня праведзена акцыя “Гадзіна кода”. У цікавай і даступнай формах вучняў 1—11 класаў заахвочвалі вывучаць праграмаванне — ключавы навык XXI стагоддзя. Настаўнік інфарматыкі А.І.Калала мае рацыю: навучыцца праграмаваць можа кожны, незалежна ад полу, узросту, складу розуму.

Усе вучні ўстановы адну гадзіну прысвяцілі вывучэнню праграмавання і пазнаёміліся з перспектывамі, трэндамі і кар’ернымі магчымасцямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій.

Для 1—4 класаў у незвычайнай форме быў праведзены ўрок “Карысны і бяспечны інтэрнэт”: пазнаёміліся з прафесіяй праграміста. Асаблівую цікавасць у вучняў 5 і 6 класаў выклікаў відэаролік “Урок лічбы” пра трох багатыроў, якія вучыліся праграмаванню. Пасля была магчымасць прымяніць набытыя веды і навыкі.

Увогуле, быў прапанаваны цэлы шэраг заданняў займальнага характару. Дзеці зацікавіліся складаннем інфарэбусаў, праходжаннем квэсту з Элсі і робатам.

Самыя актыўныя вучні 1—11 класаў на школьнай лінейцы атрымалі сертыфікаты ўдзельніка акцыі “Гадзіна кода”. Усе яшчэ раз упэўніліся, што камп’ютар — гэта выдатны інструмент для творчасці і самарэалізацыі.

Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.