Акцыя “Не марнуй жыццё дарма”

У нашай школе вялікая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы нарказалежнасці. Створаны антынаркатычны атрад “ВЕК”, ладзяцца тэматычныя тыдні, месячнікі, акцыі. Традыцыйным стала правядзенне восеньскай антынаркатычнай акцыі “Місія — жыць!”. У гэтым годзе яна праходзіла пад дэвізам “Не марнуй жыццё дарма”.

Мэта — узмацніць антынаркатычную прапаганду ў маладзёжным асяроддзі, сфарміраваць устойлівае непрыманне ўжывання і распаўсюджвання наркотыкаў, умацаваць у вучняў матывацыю да вядзення здаровага ладу жыцця.

Старт акцыі далі тэматычныя інфармацыйныя гадзіны “Наркаманія — знак бяды” (1—4 класы) і “Наркасітуацыі ў Беларусі: лічбы і факты” (5—11 класы. На класных гадзінах гаварылі пра шкоду наркотыкаў, важнасць заняткаў спортам.

Членамі антынаркатычнага атрада былі зроблены і распаўсюджаны сярод навучэнцаў і педагогаў, а таксама жыхароў аграгарадка флаеры “Думай да, а не пасля”, якія інфармуюць аб небяспецы наркотыкаў і спайсаў.

Акцябраты ўзялі ўдзел у свяце каляровых алоўкаў “Усе фарбы супраць наркотыкаў”. Яны рабілі малюнкі, у якіх выказвалі негатыўнае стаўленне да наркотыкаў, заклікалі і дзяцей, і дарослых весці здаровы лад жыцця, адмаўляцца ад шкодных звычак.

Сёлета ўпершыню ў школе прайшоў дзень карысных перамен пад агульным дэвізам “Заменім бескарысны шум на рухомы розум”. На перапынках паміж урокамі навучэнцы 1—11 класаў бралі ўдзел у розных мерапрыемствах. Піянеры з цімураўскага атрада “Алмаз” арганізавалі для акцябрат танцавальны флэшмоб “Карысная звычка”, а сябры ГА БРСМ запрасілі піянерскія атрады на квэст-гульню “Дарога да здароўя”. Перамогу ў квэст-гульні атрымаў цімураўскі атрад “Полымя” з 6 “А” класа, на другім месцы — пяцікласнікі, трэцюю пазіцыю занялі цімураўцы з 7 класа.

Акрамя гэтага, на працягу ўсіх перапынкаў вучні 7—11 класаў бралі ўдзел у шахматна-шашачным турніры “Белыя супраць чорных”, арганізаваным настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя.

Сацыялагічнае апытанне навучэнцаў паказала, што абыякавых да гэтай праблемы ў нашай установе няма. Старшакласнікі гатовыя дапамагчы тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, тым, хто сышоў з вернага шляху.

За час акцыі педагогі і члены антынаркатычнага атрада забяспечылі дзяцей карыснай інфармацыяй, прадэманстравалі альтэрнатыўныя формы вольнага часу.

Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы
а.г. Пагранічны Бераставіцкага раёна.