Актыўныя метады навучання на ўроках геаграфіі: іх роля і прыклады

- 15:40Образование, Портфолио, Приложение

Актыўныя метады навучання садзейнічаюць укараненню ў прывычную практыку новых форм работы. Пры гэтым роля настаўніка мяняецца: ён становіцца каардынатарам, кансультантам, што мяняе да яго стаўленне навучэнцаў.

Таццяна ДУДЗІНА,
настаўніца геаграфіі Пачапаўскай
сярэдняй школы Баранавіцкага раёна

Да актыўных метадаў навучання на ўроках геаграфіі адносяцца лічбавыя, лікавыя дыктанты, галаваломкі, рэбусы, сінквейны, заданні на пошук лішняга ў прапанаваным спісе паняццяў, вызначэнне і аднаўленне сувязі паміж тэрмінамі або дзеяннямі, пошук геаграфічных памылак у тэксце, узнаўленне тэксту з прапушчанымі паняццямі і г.д. У кожным школьным курсе геаграфіі ёсць тэмы, якія дазваляюць уключыць ва ўрок элементы займальнасці, разбавіць складаны матэрыял, знізіць эмацыя­нальную нагрузку, дапамагчы ў засваенні новых тэрмінаў і паняццяў.

Вось некаторыя прыёмы, якія я выкарыстоўваю на сваіх уроках.

“Лічбавы дыктант”

Набор сцвярджэнняў, правільных і няправільных, складзены на матэрыяле тэмы, якая вывучаецца. Можна право­дзіць у пісьмовай форме, калі навучэнцы
выпісваюць нумары правільных/няправільных сцвярджэнняў. У адказе атрымліваецца ланцужок з лічбаў.

Такія заданні дазваляюць выявіць за некалькі мінут праблемы, звязаныя з засваеннем таго ці іншага матэрыялу, тэмы. Для выпраўлення памылак і ліквідацыі недахопаў у ведах дастаткова хуткага тлумачэння настаўніка. Прыём вучыць канцэнтрацыі ўвагі, можа быць выкарыстаны ў пачатку ўрока, тэмы, для праверкі дамашняга задання. Напрыклад, тэма “Афрыка: геаграфічнае становішча, адкрыццё і даследаванне мацерыка”.

  1. Мадагаскар.
  2. Міжземнае мора.
  3. Чырвонае мора.
  4. Гібралтарскі праліў.
  5. Суэцкі канал.
  6. Суэцкі перашыек.
  7. Самалі — паўвостраў.
  8. Гвінейскі заліў.

Мора, якое абмывае паўночныя берагі Афрыкі.

Перашыек, які злучае Афрыку з Еўразіяй.

Самы вялікі заліў Афрыкі.

Мора, якое абмывае паўночна-ўсходнія берагі Афрыкі.

Самы вялікі паўвостраў Афрыкі.

Канал, які злучае Міжземнае і Чырвонае моры.

Самы вялікі востраў Афрыкі.

Праліў, які аддзяляе Афрыку ад Еўропы.

Адказы: 2, 6, 8, 3, 7, 5, 1, 4.

“Лікавы дыктант”

Заданні для лікавага дыктанта складаюцца з 6—8 этапаў. Кожны этап — прыклад на арыфметычнае дзеянне. Вучні запісва­юць толькі лікі і дзеянні з імі. Гэты прыём — самая складаная форма развіццёвых дыктантаў. Можа выкарыстоўвацца ў моцных класах, трэніруе навыкі лічэння, уменне хутка пераключацца. Лепш за ўсё выкарыстоўваць на этапе абагульнення вывучанага матэрыялу.

Для падрыхтаваных дзяцей можна прапанаваць гульню “Так — не”, задаючы пытанні па тэме. Напрыклад настаўнік загадвае аб’ект на карце. Навучэнцы задаюць пытанні, адказам на якія могуць быць словы “так” ці “не”.

Заданне садзейнічае развіццю вобразнага мыслення, памяці.

Напрыклад, тэма “Унутраныя воды Афрыкі”. Колькасць літар у назве ракі, якая двойчы перасякае экватар, складзіце з колькасцю літар “а” ў назве прыроднай зоны, якая займае самую вялікую плошчу на мацерыку. (5 + 3.)

Які па ліку колер у спектры вясёлкі адпавядае назве адной з рэк Афрыкі? (2.)

Колькасць літар “о” ў назве ракі, дзе лячыў звяроў доктар Айбаліт, памножце на колькасць паўшар’яў, у якіх размешчана Афрыка. (2 + 4.)

Стварэнне праблемных сітуацый

На ўроку трэба ствараць праблемную сітуацыю. Заданні могуць быць разнастайныя. Вучань выконвае ролю даследчыка, пры такой рабоце фарміруецца свабоднае мысленне, з’яўляюцца новыя гіпотэзы, тлумачэнні, здагадкі, уласныя меркаванні. Вучань пачынае творча працаваць на ўроку.

Напрыклад, тэма “Прыродныя зоны Афрыкі”. Пустыні размешчаны ва ўнутраных раёнах мацерыка, дзе горача і суха. Чым растлумачыць размяшчэнне пустыні Наміб на ўзбярэжжы акіяна?

Выкарыстанне паэзіі

Яе магчымасці шырокія, паколькі паэзія выконвае адразу тры функцыі: пазнавальную, развіццёвую і выхаваўчую. Можна выкарыстоўваць на розных этапах урока, асаб­ліва пры тлумачэнні новага матэрыя­лу. Паэзія ўзмацняе яго эмацыянальнае ўспрыманне, павышае цікавасць да ўрока, глыбей раскрывае прычынна-выніковыя сувязі. Вучыць дзяцей разважаць, выказ­ваць сваё меркаванне.

Пры вывучэнні прыродных зон Афрыкі ўражанні будуць больш выразнымі, яркімі, каларытнымі, калі ўспомніць верш “Афрыка”:

Где-то в джунглях на лианах,

Где-то с южной стороны

Обитают обезьяны,

И жирафы, и слоны.

Где в речушке серебристой

Бегемоты сладко спят,

Разрисованные птицы

Цветом радуги летят.

Работа з картай

Вывучэнне геаграфіі без карт немагчыма. У падручніках змяшчаецца шмат практычных заданняў і практыкаванняў, дзе трэба выкарыстоўваць карту. Карта прыцягвае ўвагу навучэнцаў, трэніруе зрокавую па­мяць. Настаўнік прымяняе розныя метадычныя прыёмы для азнаямлення навучэнцаў з новымі картамі. У заданнях ЦТ часта прымяняюцца карты, таму навыкі работы з картай трэба адпрацоўваць пастаянна. Работа па карце дае магчымасць выкон­ваць разнастайныя заданні, працаваць можна адначасова па дзвюх і нават трох картах.

Напрыклад, урок геаграфіі ў 9 класе па тэме “Рэльеф і геалагічная будова”. Заданне: супаставіўшы фізічную і тэктанічную карты Беларусі, вызначце, на якіх участках зямной кары размешчаны гэтыя формы рэльефу, запоўніце табліцу і зрабіце вывады. Такія заданні фарміруюць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў на розных узроўнях: рэпрадуктыўным, часткова пошукавым і даследчым.

Галоўная задача настаўніка — разві­ваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў на ўроках. Лепш за ўсё гэта ўдаецца зра­біць праз прымяненне актыўных метадаў навучання. Урокі з прымяненнем актыўных форм навучання праходзяць жвава, цікава, няма абыякавых і тых, каму сумна.