Алег ЛЕПЕШАНКОЎ: “Наша — гэта тое, што мы аддаём”

- 16:24Моя школа, Рознае

Калі вы не бачылі сённяшняга госця праекта “Мая школа” на тэлевізійным экране на канале АНТ, то дакладна чулі яго голас: да прыходу на тэлебачанне ён працяглы час працаваў у эфіры на радыё “Юністар” і радыё “БіЭй”. Супрацоўнікі нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення ведаюць яго як прадзюсара беларускай версіі праекта “У вас будзе дзіця!”, а сённяшнія студэнты Інстытута журналістыкі БДУ могуць сустрэць яго ў аўдыторыі ў якасці выкладчыка. Знаёмцеся: няўрымслівы і разнастайны Алег ЛЕПЕШАНКОЎ.

— Алег, вы нарадзіліся і выраслі ў Мінску. Як праходзіла ваша дзяцінства?

— Так, нарадзіўся я ў сталіцы, і за час свайго навучання памяняў тры школы. Да чацвёртага класа вучыўся ў 19-й сярэдняй школе на Залатой Горцы. Самыя цёплыя ўспаміны звязаны якраз з маімі першымі гадамі школьнага жыцця.

Школа была цудоўная, у прыгожай зялёнай зоне, між тым, амаль у цэнтры Мінска, за філармоніяй. Перад школай — спартыўная пляцоўка, на якой ледзь не на ўсіх перапынках мы ганялі ў футбол. Атмасфера была вельмі цёплай і ўтульнай. Увогуле, наколькі я ведаю, пра гэтую школу гаварылі і гавораць толькі добрае.

Заўсёды з радасцю ўспамінаю першую настаўніцу Святлану Барысаўну і свята першага званка. Тады нам дзесяцікласнікі дарылі кніжкі, і мне, памятаю, дасталася пра героя-лётчыка.

— Ці былі нейкія захапленні ў школьныя гады?

— Нейкі час я збіраў калекцыю этыкетак для запалкавых пачкаў (у тыя часы яны былі вельмі разнастайнымі). Потым, у старшых класах, перайшоў на маркі з выявамі жывёл і птушак. Але ў маёй калекцыі былі маркі і з раслінамі, марскімі і касмічнымі караблямі.

У сувязі з пераездам у новы раён прыйшлося памяняць школу: некалькі гадоў правучыўся у сярэдняй школе № 174, а ў восьмым і дзявятым класах вучыўся ў 192-й школе, якая у 2001 годзе стала гімназіяй.

Ведаю, што вы вучыліся ў матэматычным класе. Няцяжка было гуманітарыю змагацца з матэматыкай?

— Як калісьці сказаў старажытнагрэчаскі гісторык Тацыт, усё невядомае здаецца нам надзвычайным. І тое, што мне давалася няпроста, стала кропкай прыкладання маіх сіл. Мне сапраўды было вельмі цікава разабрацца, што несла ў сабе алгебра (з геаметрыяй было крыху прасцей). Але любімым прадметам усё ж была літаратура. Гэты прадмет выкладала тагачасны дырэктар школы Надзея Аляксееўна.

Сачыненні звычайна пісаў нядрэнна, але неяк, памятаю, яшчэ ў 174-й школе, пакрыўдзіўся на настаўніцу літаратуры, таму што яна аднойчы разам з адзнакай пад сачыненнем зрабіла паметку “не зусім самастойна”. Але ж я яго пісаў сам! Магчыма, з прычыны таго, што вельмі любіў чытаць, некаторыя засвоеныя думкі ўсплылі і выліліся на паперу.

Чытаў я сапраўды многа і з задавальненнем. Гадоў з сямі маёй любімай кнігай быў прыгодніцкі раман Жуля Верна “Дзеці капітана Гранта”. Потым, у старшых класах, — “Сірано дэ Бержэрак” Растана, “Тры таварышы” Рэмарка. Дарэчы, зараз ужо мой старэйшы сын Расціслаў таксама захапіўся Жулем Вернам — мы з ім сышліся на любові да навуковай фантастыкі.

Праз некаторы час я захапіўся методыкамі ТРВЗ (тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач) і развіцця творчага мыслення, якія знайшлі прымяненне не толькі ў тэхніцы, але і ў гуманітарных навуках. Як аказалася, ТРВЗ можа быць сур’ёзнай дапамогай для сцэнарыстаў, пісьменнікаў і паспяхова прымяняцца нават у журналістыцы. Зараз на занятках са студэнтамі ў Інстытуце журналістыкі мы практыкуем работу па ТРВЗ, і ім падабаецца такі падыход.

Аднойчы на занятках у сістэме каардынат ТРВЗ (падсістэма — сістэма — надсістэма; мінулае — сённяшні час — будучыня) мы разбіралі адно з простых паняццяў і прыйшлі да вываду, што ў сувязі з імклівым развіццём тэхналогій варта дабавіць яшчэ адну калонку — “альтэрнатыўная будучыня”. З аднаго боку, чалавек прыдумвае новыя тэхналогіі, з другога — ён становіцца ўсё больш залежным ад іх. Правільнасць гэтага пацвердзіў той факт, што падзеі многіх фантастычных раманаў, напісаных 10—20 гадоў назад, і фільмаў (узя ць хаця б вядомую “Матрыцу”, паводле якой чалавек напрамую можа быць падключаны да камп’ютара і абменьвацца з ім вялікімі масівамі даных) супадаюць са спрагназаванай у іх рэальнасцю. Прыйшоўшы да вываду аб неабходнасці экалагізацыі нашай цывілізацыі, мы адразу заўважылі, што менавіта пра гэта зняты фільм Джэймса Кэмерана “Аватар” — пра цывілізацыю, якая можа быць альтэрнатывай тэхналагічнай цывілізацыі чалавецтва. Ідэю будучыні чалавецтва закранаюць шматлікія творы новага часу, сярод якіх — раман Пялевіна “Любоў да трох цукербрынаў”.

— Якая са школ, у якіх вы вучыліся, самая блізкая для вас?

— Сёлета мне давялося сустрэцца са сваімі аднакласнікамі. Гэтая сустрэча праз 20 гадоў пасля заканчэння школы, з аднаго боку, стала для мяне сапраўдным мостам у мінулае, а з другога — нібы аб’яднала розныя этапы жыцця. Нядаўна на блізкую тэму размаўляў з маёй калегай Вольгай Паляковай, якая зараз займаецца псіхалагічнай кансультацыйнай практыкай. І яна расказала, што калісьці Фрэйд прапанаваў цікавы вобраз чалавека-палкаводца, які ў пачатку жыцця выступае з цэлай арміяй, частку якой у жыццёвых выпрабаваннях ён страчвае, але вось такія сустрэчы-рэтраспектывы даюць магчымасць вярнуцца назад і праз успаміны аднавіць гэтую армію.

Найперш ад 19-й школы засталіся цёплыя пачуцці, а што тычыцца ўспамін і сувязей, якія працягваюцца да сённяшняга часу, то гэта менавіта 192-я.

Любоў да літаратуры і мовы, безумоўна, паўплывала на далейшы выбар прафесіі, але перад гэтым была яшчэ вучоба ў політэхнічным каледжы. Чаму менавіта тэхнічная спецыяльнасць і чым гэтая адукацыя дапамагла вам у далейшым жыцці?

— Я вельмі рады таму, што пасля дзявятага класа паступіў у каледж. Відаць, мне хацелася ўраўнаважыць свой гуманітарны склад розуму. Вучоба ў каледжы як у тэхнічнай навучальный установе дапамагла сфарміраваць сістэмнае мысленне. Прайшоўшы праз пэўныя цяжкасці — прадметы былі няпростыя (узяць хаця б той жа сапрамат, пра які кажуць “здаў — можна жаніцца”), мне ўдалося авалодаць спецыяльнасцю “Тэхнік-механік па настройцы станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем і робатаў”.

З тэхнічных прадметаў найбольш цікавым для мяне было металазнаўства, дзе мы вывучалі, што трэба зрабіць з металам (што дабавіць і як апрацаваць), каб ён адпавядаў патрэбным уласцівасцям. Неяк, прагульваючыся па верхнім горадзе, злавіў сябе на думцы, што мне цікава было б самому папрацаваць з металам — цікавіўся работай кавалёў.

— Калі вы пачалі працоўную кар’еру і з якой сферай дзейнасці была звязана ваша работа?

— На чацвёртым курсе я перавёўся на завочнае навучанне і стаў працаваць у маладзёжнай арганізацыі, якая потым была рэарганізавана ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Мне было цікава займацца арганізацыяй разнастайных мерапрыемстваў. Менавіта ў гэты час я пазнаёміўся з ТРВЗ, а потым на тагачасным журфаку БДУ паспяхова пачаў прымяняць гэтую тэхналогію. Мае студэнцкія даследаванні знайшлі выхад у дыпломнай рабоце, дзе я адлюстроўваў рэальныя ідэі, якія на той час рэалізоўваліся на радыё. Пасля гэтага мне прапанавалі ўзначаліць службу навін, хаця я быў самым малодшым супрацоўнікам радыё “Юністар”.

— Што цікавага вы прапанавалі?

— Сапраўды, цікавага было многа. Найперш я зразумеў, што многія методыкі, якія я даследаваў, могуць быць сур’ёзным інструментам. На аснове законаў развіцця тэхнічных сістэм я спрасціў алгарытм рашэння вынаходніцкіх задач для журналістыкі — з сямі крокаў да трох. У яго ўвайшоў ІВ — ідэальны вынік (як усё павінна быць), рэсурсны аналіз (дзе мы апісваем патрэбныя рэсурсы і фіксуем, дзе такія рэсурсы ёсць) і сінтэз (шукаем шляхі прыцягнення гэтых рэсурсаў). Ідэальная служба навін — такая, што падае інфармацыю першай і валодае эксклюзіўнымі фактамі. Пры рэсурсным аналізе мы высветлілі, што эксклюзіўнай і самай аператыўнай інфармацыяй валодаюць журналісты друкаваных СМІ (і пакуль газета выйдзе ў друкаваным варыянце, на радыё гэтая свежая інфармацыя можа прагучаць некалькі разоў — так узнікла супрацоўніцтва з некалькімі друкаванымі выданнямі, якія прадастаўлялі нам эксклюзіўныя факты, а мы анансавалі газетныя публікацыі наступнага дня). Пытанне аператыўнасці мы вырашалі таксама вельмі цікавым чынам. Мабільных тэлефонаў тады было нямнога, і мы карысталіся пэйджынгавай сувяззю: карэспандэнты (пераважна студэнты, што прыходзілі да нас на практыку) пры дапамозе гарадскога таксафона на рэдакцыйны пэйджар дасылалі гатовыя тэксты, якія аператыўна ішлі ў эфір — так нам удавалася апераджаць усе інфармацыйныя агенцтвы.

— Ці выкарыстоўваеце ТРВЗ у штодзённым жыцці?

— ТРВЗ дапамагае структураваць мысленне і дазваляе ўсвядоміць, што трэба, дзе гэтае патрэбнае знаходзіцца і як яго можна выкарыстаць.

— Вы вельмі працяглы час працавалі ў спартыўнай журналістыцы — асвятлялі спаборніцтвы па розных відах спорту. Якія ў вас асабістыя адносіны са спортам?

— Магу сказаць шчыра: я не балельшчык, які вечары праводзіць каля тэлевізара, хутчэй удзельнік. З відаў спорту аддаю перавагу адзінаборствам. Пэўны час займаўся акінаўскім каратэ-до, зараз аднаўляю свае заняткі ў некалькі іншым напрамку. Першапачаткова стыль каратэ выбіралі для старэйшага сына (разам з якім на трэніроўкі хадзіў і я). Асноўны падыход тут базіруецца на пастулаце, што чалавек павінен быць моцным для таго, каб у яго не было неабходнасці ўступаць у супрацьстаянне. Сіла — гэта ўнутраны стан, і тут вельмі дарэчы будзе выраз пра тое, што лепшая бойка — тая, што не адбылася.

Да гэтага пэўны час займаўся самба, плаваннем, люблю кідаць фрысбі.

— Як нарадзіўся праект на канале АНТ “У вас будзе дзіця!” і ці задаволены вы яго рэалізацыяй?

— Яго ідэя з’явілася ў час, калі па ўсіх тэлеканалах і ва ўсіх газетах расказвалі пра італьянскую сям’ю, якая ўтрымлівала выхаванку Вілейскай школы-інтэрната Віку Мароз. Тады ў цэнтр усынаўлення пачкамі сталі прыходзіць лісты з прапановай забраць Віку ў беларускую сям’ю. І тады ж з’явілася ідэя, што дзіця, якое жыве ў дзіцячым доме, трэба паказваць — каб яно было не абстракцыяй, а канкрэтным чалавекам з адметным характарам і звычкамі. Спачатку мы хацелі рабіць уласны праект на АНТ, але мой кіраўнік прапанаваў зрабіць гэта ў рамках расійскай праграмы “Пока все дома”, якая ішла ў зручны час і ў якой ужо існавала такая рубрыка.

Пачаліся перамовы з расійскім бокам, і аўтар і вядучы праграмы “Пока все дома” Цімур Кізякоў сказаў: “На адно дзіця, якое паказваюць па тэлевізары, прыходзіцца дзесяць, а то і больш тых, што знаходзяць сям’ю, бо, менавіта паглядзеўшы праграму, многія канчаткова прымаюць рашэнне пра ўсынаўленне”. Як кажа Цімур, дзіця павінна прыйсці ў сям’ю не столькі хутка, колькі трывала. Праз некаторы час у Маскве мы ўжо здымалі “перадачу слова” ад расійскай да нашай вядучай.

Так з’явіўся наш айчынны праект “У вас будзе дзіця”, які атрымаў вялікую інфармацыйную падтрымку і на нашым youtube-канале, і на партале tut.by, дзе таксама размяшчаліся нашы відэасюжэты, каб на лёс гэтых дзяцей магла звярнуць увагу як мага большая колькасць людзей. Я быў першым прадзюсарам беларускай версіі праекта, зараз ён развіваецца ўжо самастойна.

— Наколькі эфектыўным стаў гэты праект? Ці адсочвалі вы лёс дзяцей, якія былі яго героямі?

— На сёння сям’ю знайшлі ўжо 68 дзяцей з тых, каго паказалі ў праекце. Адной з праблем, на якія мы хацелі звярнуць увагу, было ўсынаўленне дзяцей, старэйшых за 4 гады. Чым больш дарослыя дзеці, тым больш складана ім інтэгравацца ў новую сям’ю. А пасля 13 гадоў гэта ўвогуле павінен быць іншы фармат: дзіцяці патрэбны сябар і настаўнік, і вельмі добра, што такая практыка ёсць у нашай краіне.

— Наколькі свядомым быў ваш крок у бок выкладчыцкай кар’еры? Ці падабаецца вам у гэтым вобразе?

— Я атрымаў гэтую прапанову ад кіраўніцтва адначасова з паступленнем у аспірантуру Інстытута журналістыкі БДУ. Выкладанне дае магчымасць удакладніць свае прафесійныя кампетэнцыі і дзяліцца са студэнтамі вопытам практычнай дзейнасці. Каштоўнай для мяне з’яўляецца і магчымасць атрымліваць зваротную сувязь.

Тыя курсы, якія я вяду, — “Рэдактар службы навін”, “Выпуск вучэбнай тэлеперадачы” — практыка-арыентаваныя. Сваіх студэнтаў арыентую на тое, што той тэлевізійны сюжэт, прадукт, які яны здымуць у сценах вучэбнай студыі, можа потым стаць добрай візітоўкай пры іх працаўладкаванні. Новы курс, які мы зараз запусцілі, мае назву “Тэхналогіі стварэння аўтарскіх праграм”, і на выхадзе кожны студэнт распрацоўвае канцэпцыю арыгінальнага аўтарскага праекта з арыентацыяй на канкрэтнага спажыўца і медыя, якому б гэты праект стаў цікавы.

— З якім адчуваннем ішлі ў альма-матар у якасці выкладчыка? Як вас успрынялі вашы калегі — у мінулым вашы выкладчыкі?

— Сустрэлі мяне вельмі добразычліва, але маё адчуванне піетэту ў адносінах да прафесараў, што вучылі мяне, безумоўна, засталося.

— Хто ў Інстытуце журналістыкі з’яўляецца для вас самым вялікім аўтарытэтам?

— Думаю, што гэта былы дэкан журфака, а зараз загадчык кафедры сацыялогіі журналістыкі Васіль Пятровіч Вараб’ёў.

— Алег, як вас выхоўвалі бацькі і як гэта зараз адлюстроўваецца на вашых адносінах да дзяцей?

— Мая маці, Алена Іосіфаўна, працавала ў навуковай бібліятэцы, таму ў яе заўсёды была магчымасць па міжбібліятэчным абанеменце ўзяць для мяне якую-небудзь цікавую рэдкую кнігу. А бацька, Мікалай Анатольевіч, працаваў галоўным аграномам у саўгасе “Кветкі”, што знаходзіўся каля мінскай ЦЭЦ-4, і я вельмі любіў прыходзіць да яго на работу. Тата імкнуўся прывучыць мяне да спорту: мы разам хадзілі ў басейн, менавіта ён мяне накіраваў на самба. Заўсёды было вельмі здорава рабіць нешта разам з бацькамі.

Я лічу, што лепшы сродак выхавання — сумесная праца. Гэта не значыць, што на дзіця трэба ўзвальваць сур’ёзныя гаспадарчыя праблемы. Але яно павінна аказваць пасільную дапамогу ва ўсіх хатніх справах сям’і. На мой погляд, вельмі правільны прынцып: працуем разам — адпачываем разам.

Як вы адпачываеце?

— Перад морам я гатовы аддаць перавагу маляўнічаму лясному возеру з хвоямі і жоўтым пясочкам. Гэта, мабыць, ідзе з дзяцінства: вельмі добра памятаю нашы паездкі на возера Кромань у Налібоцкую пушчу, іншыя вылазкі з бацькамі на прыроду.

У гэтым годзе мы ўсе разам хочам выбрацца ў месца, якое нам вельмі спадабалася: на Гродзеншчыне ёсць мястэчка Парэчча з цудоўнымі азёрамі і шыкоўным кліматам. Мы там і купаліся, і ракаў лавілі, і ў лазні парыліся — звычайныя, простыя радасці.

Ваша жонка таксама мае журналісцкую адукацыю. Як вы пазнаёміліся?

— Мая жонка ўжо працавала на тэлебачанні, калі я яшчэ працаваў на радыё. Жанна родам з Брэста, а пазнаёміліся мы ў Кіеве. Некаторы час яна працавала ў Брэсце, у тэлекампаніі “Буг”, а я — у Мінску, на радыё “БіЭй”. І мы ездзілі адно да аднаго на спатканні за 300 кіламетраў. Але доўга так працягвацца не магло, і праз паўгода пасля сустрэчы мы ажаніліся.

— У вас трое дзяцей. Ці сябруюць яны адно з адным?

— У мяне ёсць адзін знаёмы святар, ён вельмі добра сказаў пра гэта. Адно дзіця — гэта невялікі царок, які падпарадкоўвае сваім жаданням усю сям’ю. Калі дзяцей у сям’і двое, яны канкурыруюць між сабой. А калі дзяцей трое, у сям’і складваюцца нармальныя адносіны, заснаваныя на ўзаемадапамозе.

Мне было вельмі цікава за гэтым назіраць спачатку пасля нараджэння сярэдняга — Фёдара — і асабліва цяпер, пасля нараджэння Лізаветы, якой зараз 2 гады.

Дзіця, на пой погляд, павінна вучыцца не толькі атрымліваць, але і аддаваць, што для малога вельмі няпроста. Па вялікім рахунку, наша — гэта тое, што мы аддаём.

— Ці ўяўляеце вы сабе вашу альтэрнатыўную будучыню?

— Так склалася, што ў маім жыцці ёсць усе тыя напрамкі, якія мяне цікавілі, цікавяць зараз і якім я заўсёды аддаваў перавагу. Я пэўны час працаваў карэспандэнтам. Мне таксама цікава і выкладчыцкая дзейнасць, і прадзюсарская дзейнасць, і работа на радыё. Да таго ж у мяне ёсць яшчэ адна прафесія — юрыста-міжнародніка.

Я ўпэўнены: калі чалавек нечага хоча, наўрад ці што яго можа спыніць на шляху да ажыццяўлення мары. І яшчэ я зразумеў адзін вельмі яскравы прынцып: ніякая работа нікуды на прападае — няхай мы адразу і не бачым выніку, але ў пэўны момант назапашваецца крытычная маса і колькасць пераходзіць у якасць.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва
Алега ЛЕПЕШАНКОВА.