Алена Хомчанка: «Мы выбіраем тое, як будзем жыць далей, якой будзе наша Беларусь»

- 15:03Моя гражданская позиция

Начальнік аддзела па адукацыі Касцюковіцкага райвыканкама Алена Сямёнаўна Хомчанка ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” расказала пра выхаванне навучэнцаў і грамадзянскую сталасць.

Пра педагагічнае прызванне

Чалавеку час­та даводзіцца рабіць выбар. Адно з вызначальных у жыцці рашэнняў — правільна выбраць свой прафесійны шлях. Я прыйшла ў педагогіку па поклічы сэрца. Пры­слухалася да дзіцячай мары і атрымала прафесію, да якой ляжала душа. Напэўна, таму работа заўсёды была ў ра­дасць. Зараз у мяне за плячыма ўжо звыш 27 гадоў працоўнага стажу. За гэты час мяняліся пасады і абавязкі, але нязменна адзначаю адно — наколькі вялікая ўвага ўдзяляецца з боку дзяржавы развіццю сферы адукацыі. Узводзяцца сучасныя школы і дзіцячыя сады, павышаецца якасць і даступнасць навучання, аказваецца істотная падтрымка адоранай мола­дзі. І вельмі важна, што гэты дзяржаўны клопат адчуваецца не толькі ў буйных гарадах, але і на перыферыі і ў сельскай глыбінцы.

Прытрымліваюся думкі, што на такой жа неабыякавасці і зацікаўленасці павінна выбудоўвацца работа педагогаў на месцах. Радуе, што касцюковіцкае настаўніц­тва падзяляе маё меркаванне: калектывы абсалютна ўсіх нашых навучальных устаноў імкнуцца да ўдасканалення і руху наперад. Педагогі актыўна займаюцца інавацыйнай дзейнасцю, укараняюць у адукацыйны пра­цэс перадавыя тэхналогіі. Гэта прыносіць значныя вынікі — навучэнцы дэманструюць высокі ўзровень ведаў, паспяхова ўдзель­нічаюць у алімпіядным руху і спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальных, творчых і даследчых конкурсах.

Пра выхаванне

Значна, што ўвагу мы ўдзяляем не толькі якаснай адукацыі. Упор робім і на выхаванне, асобаснае станаўленне вучняў. Прыярытэтным лічым фарміраванне патрыятычных якасцей: стараемся пры­віць дзецям любоў да Радзімы, павагу да гісторыі, спрадвечных беларускіх каштоўнасцей, нацыянальных культурных традыцый. Гэтую работу пачынаем право­дзіць яшчэ з да­школьнага ўзросту. У раёне створана рэгіянальная мадэль станаўлення грамадзянска-патрыя­тычнай пазіцыі навучэнцаў, функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб “Зубр”. Гэта важныя складнікі патрыятычнага выхавання, але самае галоўнае ўсё ж — асабісты прыклад настаўнікаў. Мы поўнасцю згодны са словамі Прэзідэнта аб тым, што выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт. Любіць родны край, ганарыцца сваёй краінай касцюковіцкія педагогі ву­чаць маладое пакаленне праз уласныя ўчынкі і справы.

Пра грамядзянскую сталасць

Напярэдадні старту выбарчай кампаніі настаўніцкай грамадскасці таксама неабходна стаць прыкладам: праявіць свядомасць, грамадзянскую сталасць і зрабіць свой выбар. 25 лютага 2024 года стане знакавай датай — упершыню пройдзе адзіны дзень галасавання, калі мы ўсе ра­зам павінны прагаласаваць за будучыню краіны. Падысці да гэтай падзеі трэба адказна, бо кожны голас шмат што вызначае. Ад нашага рашэння залежыць не толькі фарміраванне органаў улады. Мы выбіраем тое, як будзем жыць далей, якой стане дзяржава. Асабіста мой выбар будзе на карысць мірнай, незалежнай, квітнею­чай, суверэннай Беларусі.

Запісала Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара