Анёлы спусціліся з нябёсаў

Выстава “Анёльскія спатканні” адкрылася ў культурным цэнтры “Фестывальны” ў Гродне.

Выстава ўжо стала традыцыйнай і ў гэтым годзе праходзіць трэці раз. Аднак ва ўмовах пандэміі яе фармат прыйшлося змяніць. Калі летась у ёй прымалі ўдзел знакамітыя мастакі Гродна і Літвы, то сёлета прадстаўлены работы толькі мясцовых майстроў. Годную канкурэнцыю майстрам народнага аматарскага аб’яднання “Гарадзенскі каларыт” цэнтра “Спадчына” склалі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў абласнога цэнтра, а таксама школьнікі, іх настаўнікі і бацькі, выхавальнікі дашкольных устаноў. У выставе прынялі ўдзел больш за 50 дашкольных устаноў адукацыі і школ горада. Усяго ж у “Фестывальны” “зляцеўся” 101 анёл.

Святочны настрой ужо на ўваходзе ў культурны цэнтр стваралі маленькія дзяўчынкі ў выглядзе анёлаў, шчодра абсыпаючы ўсіх імправізаваным снегам.

— Найлепшыя работы для выставы журы выбірала з прадстаўленых на конкурс, які праходзіў у дыстанцыйным рэжыме. Акрамя намінацыі “Лепшы калядны анёл”, у гэтым годзе былі абвешчаны яшчэ дзве: “Сімвал года — 2021” і “Лепшае навагодняе ўпрыгажэнне ў нацыянальным стылі”, — расказала загадчыца філіяла “Культурны цэнтр “Фестывальны” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры Жанна Бачкова. — Мы хацелі паказаць нацыянальную цацку розных краін. Вядома, у асноўным усе зрабілі або намалявалі бычка, як сімвал 2021 года, аднак па славянскім календары гэта певень. І тры арганізацыі прадставілі пеўнікаў.

Навагоднія ўпрыгажэнні ўсе зрабілі ў асноўным у беларускім нацыянальным стылі. Аднак, як адзначылі члены журы, былі і не толькі славянскія цацкі. Напрыклад, папулярная ў Італіі фея ў вобразе ведзьмы Бефана, скандынаўскія гномы.

І дарослыя, і дзеці праявілі фантазію. Анёлы зроблены ў розных тэхніках, з самых разнастайных матэрыялаў. У ход ішлі тканіна, шпагат, салёнае цеста, мішура, пацеркі і многае іншае. Напрыклад, арыгінальны бычок — пернік з глазурай.

Выстава працягвае працаваць да 13 студзеня. Паглядзець на анёлаў, самаробныя аўтарскія навагоднія цацкі прыходзяць навучэнцы школ горада, выхаванцы дзіцячых садкоў. Для кагосьці гэта цікавае падарожжа ў казачны свет, а хтосьці чэрпае ідэі для натхнення. Дзеці і дарослыя фатаграфуюць самаробных анёлаў, магчыма, яны захочуць зрабіць такіх жа дома або прыняць удзел у конкурсе ўжо ў наступным годзе.

Пераможцы і лаўрэаты конкурсу атрымалі ў падарунак кнігі, а таксама запрашальныя білеты на мюзікл ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы” і ў гарадскую рэзідэнцыю Дзеда Мароза, якая размясцілася ў цэнтры рамёстваў “Спадчына».

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.