Аптымізацыя не дзеля аптымізацыі

- 10:30Навіны рэгіёнаў

Рашэнне аб рэарганізацыі дзвюх устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі абласнога цэнтра шляхам далучэння станкаінструментальнага каледжа да тэхнічнага сёння бачыцца своечасовым і адзіна правільным — аб гэтым пераканаўча сведчаць вынікі работы. Павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ва ўмовах рэарганізацыі і перспектывы прафесійнай адукацыі сталі тэмай гутаркі з дырэктарам Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа старшынёй савета кіраўнікоў устаноў ССА вобласці Аляксандрам Ласякіным.

— Кожны крок у кірунку аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі павінен быць дэталёва ўзважаны. Што ў вашым выпадку паслужыла прычынай змяненняў?

— Пры наяўнасці вучэбна-матэрыяльнай базы, разлічанай па дзённай і завочнай формах на 750 навучэнцаў, у станкаінструментальным каледжы на момант рэарганізацыі іх налічвалася 189. У нас таксама назіралася падобная тэндэнцыя: пры разліку на 2440 — кантынгент 1437 чалавек. Акрамя таго, выдаткі на падрыхтоўку аднаго навучэнца толькі ў нашым каледжы за 2 гады ўзраслі ў 1,6 разу: у 2014 годзе яны склалі 19 млн, у 2016 — ужо 31 млн рублёў. Аптымізацыя была праведзена не дзеля аптымізацыі, а найперш з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў. Вучэбны корпус, будынкі і збудаванні агульнай плошчай больш за 4 тысячы квадратных метраў не былі запатрабаваны — іх перадалі ў гарадскую ўласнасць. Эканомія бюджэтных сродкаў атрымалася істотнай, каля 4 млрд рублёў. Гэта дазволіла накіраваць значную суму на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, замяніць дах на будынку вучэбна-вытворчых майстэрняў, правесці бягучы рамонт у вучэбных кабінетах і набыць неабходны для нас аўтобус.

— Помніцца, некалькі месяцаў назад у размове вы выказвалі сумненні: як у педагогаў атрымаецца адаптавацца ў новых умовах працы, ці дастатковыя меры прыняты па падтрымцы спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве каледжа…

— Захаванне педагагічных кадраў было маім асаблівым клопатам, і небеспадстаўна: напрыклад, з 20 выкладчыкаў, якія жадалі працаваць, 14 мелі вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Гэта вялікая каштоўнасць і важны рэсурс, які трэба было пастарацца зберагчы. Сапраўды, пэўныя засцярогі напачатку былі, і прыемна канстатаваць: яны не апраўдаліся. Калектывы зліліся ў адзінае цэлае і дэманструюць у рабоце яшчэ больш высокія вынікі. Мы паспяхова прайшлі дзяржаўную акрэдытацыю па трох спецыяльнасцях ССА, па якіх падрыхтоўка раней ажыццяўлялася ў станкаінструментальным каледжы. Наш каледж прызнаны пераможцам спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў ў 2016 годзе і зусім нядаўна, 29 красавіка, занесены на дошку Гонару горада Віцебска. Трэба сказаць, што і па выніках 2015 года мы таксама былі занесены на дошку Гонару горада Віцебска як пераможцы спаборніцтва сярод арганізацый сферы паслуг. Працуючы аб’яднаным калектывам, змаглі павысіць узровень якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў, кадравы патэнцыял, значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу і паспяхова выканаць прагнозныя і даведзеныя паказчыкі, у тым ліку па пазабюджэтнай дзейнасці, аказанні платных паслуг, пазабюджэтнай дзейнасці на бягучы і капітальны рамонты. Гаспадарчым спосабам сіламі навучэнцаў і работнікаў каледжа быў праведзены вялікі аб’ём рамонтна-будаўнічых работ: толькі ў 2016 годзе — на 4 млрд 412 млн недэнамінаваных рублёў.

— Аб’ёмы істотныя, але не кожная ўстанова адукацыі мае такія, як у вашым каледжы, працоўныя рэсурсы. Вам не зайздросцяць?

— Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы звярнуцца да кіраўнікоў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, дырэктараў: гэта рэальна рабіць у кожнай установе, нават у школе. Вазьміце нашых выпускнікоў да сябе па размеркаванні рабочымі па абслугоўванні будынкаў на год — пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай або на два гады — пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яны належным чынам, дзе трэба, і плітку пакладуць, і патынкуюць-пафарбуюць, і кладку цагляную зробяць. А праз 4—5 гадоў спецыялісты “вырастуць”, завочна атрымаюць у скарочаны тэрмін вышэйшую адукацыю і стануць у вас выдатнымі намеснікамі па гаспадарчай рабоце! Працуючы разам, заўсёды можна атрымаць найлепшы вынік.

— Гэта справядліва і ў дачыненні да навучэнцаў падчас іх вучобы ў каледжы?

— Безумоўна. На працягу некалькіх гадоў мы ўтрымліваем першае месца сярод юнакоў у абласной спартакіядзе сярод навучэнцаў устаноў ССА. Акрамя таго, годна выступілі і сталі чэмпіёнамі краіны сярод навучэнцаў устаноў ССА па міні-футболе і баскетболе. Справядліва сказаць, што, дзякуючы нашай камандзе, Віцебшчына выйшла на 1-е месца ў рэспубліканскай спартакіядзе. Велізарная работа праводзіцца па фарміраванні студэнцкіх будаўнічых атрадаў для работы ў летні перыяд. Мінулым летам больш за 250 навучэнцаў каледжа працавалі на аб’ектах Віцебска і вобласці, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі і Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым у складзе атрадаў паспяхова працавалі 15 падлеткаў, якія знаходзіліся на розных формах уліку. Па выніках удзелу ў працоўным семестры 2016 года штаб працоўных спраў каледжа прызнаны пераможцам у намінацыях “Лепшы штаб працоўных спраў” сярод студатрадаў вобласці і “Лепшы штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ” сярод устаноў ССА Віцебска. Выдатна выступаюць у аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўню нашы творчыя калектывы, якія штогод прыносяць у скарбонку каледжа дыпломы найвышэйшых ступеняў — і гэта пры тым, што ў нас вялікі дэфіцыт дзяўчат. Пакуль не ўсё атрымліваецца з удзелам у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, аднак і тут сярод устаноў ССА вобласці мы лідзіруем. Усяго ў мінулым годзе навучэнцамі каледжа было заваявана 60 дыпломаў розных ступеняў, атрымана 40 грамат і 16 падзяк. Вельмі важнае для нас дасягненне — два бронзавыя і два сярэбраныя медалі Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus. Трое навучэнцаў сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі.

— Выдатна, калі навучэнцы маюць магчымасць раскрыць і развіць свае таленты і здольнасці. Што тычыцца працоўнага патэнцыялу калектыву каледжа, якім чынам ён рэалізоўваецца ў пазабюджэтнай дзейнасці?

— Гэта адзін з найбольш значных паказчыкаў работы любой установы адукацыі. Як было адзначана раней, некаторыя поспехі ёсць, тым не менш, на маю думку, мы яшчэ не рэалізавалі ўсе наяўныя рэсурсы і маем вялікія рэзервы. На жаль, пакуль ёсць складанасці з бізнес-планаваннем, вучобай кадраў. Да канца не адпрацавана заканадаўчая база, неэфектыўна выкарыстоўваюцца майстэрні і абсталяванне — лічу, найперш таму, што механізм кампенсацыі сродкаў ад атрыманых прыбыткаў ператварае гэтую дзейнасць у нерэнтабельную і стратную. Разам з тым, як гаворыцца, вочы баяцца, а справа не чакае. З мэтай далейшага развіцця пазабюджэтнай дзейнасці ў мінулым годзе намі атрыманы ліцэнзія на ажыццяўленне аўтамабільных перавозак пасажыраў, сертыфікат адпаведнасці ЕАС на швейныя вырабы (пасцельная бялізна), сертыфікат адпаведнасці на выкананне работ па ўладкаванні цеплаізаляцыі агароджвальных канструкцый будынкаў і збудаванняў, усталяванні лёгкіх і цяжкіх тынкавальных сістэм уцяплення, сертыфікат адпаведнасці на выкананне работ па ўладкаванні дахаў (бітумна-палімерных рулонных і масцічных), сертыфікат адпаведнасці на выкананне работ па запаўненні аконных і дзвярных праёмаў аконнымі блокамі з ПВХ і алюмінію, драўніны. Каледж мае спецыяльныя дазволы на права ажыццяўлення выдавецкай дзейнасці, арганізацыю грамадскага харчавання і гандлю. Мы гатовы выконваць электрафізічныя вымярэнні ва ўстановах адукацыі, апрасоўку і прамыўку сістэм ацяплення і водазабеспячэння. Плануем пачаць падрыхтоўку вадзіцеляў і адкрыць свой аўтасэрвіс. Пасля завяршэння рамонту ўсіх будынкаў у нас “вызваляцца рукі” для выканання падрадных будаўнічых і рамонтных работ. Пасля завяршэння рамонту майстэрняў мы будзем гатовы выпускаць добрую корпусную мэблю і рамантаваць школьную. Аднавіўшы зварачныя майстэрні і маючы такарна-фрэзерныя, сур’ёзна зоймемся вырабамі з металу. Упэўнены, што ў гэтым кірунку трэба рухацца далей: ствараць свой рынак тавараў і паслуг устаноў адукацыі не толькі ў вобласці, але і ў краіне, атрымліваць сертыфікаты, пасведчанні і выконваць работы высокай якасці па існуючых стандартах і дагаворах. Улічваючы вялікія магчымасці і жаданне рэалізаваць пазабюджэтную дзейнасць кожным кіраўніком установы ПТА і ССА, удасканальваючы пры гэтым прафесійныя навыкі навучэнцаў, а таксама прадастаўляючы ім магчымасць зарабляць у вольны ад вучобы час (напрыклад, у шосты дзень), хацелася б, каб быў распрацаваны адпаведны гаспадарчы механізм дзейнасці ўстаноў адукацыі ўсіх тыпаў, вызначаны мэты, задачы, льготы на ўзроўні не ніжэйшым, чым зараз маюць прадпрыемствы.

— А якой вам бачыцца сістэма прафесійнай падрыхтоўкі моладзі ў будучыні?

— Гаворачы аб дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўцы, я ўспамінаю нашу савецкую школу, гады вучобы, узровень адукацыі ў звычайнай добрай вясковай дзесяцігодцы. Акрамя атэстата, усе мы, юнакі і дзяўчаты, атрымлівалі пасведчанне трактарыста. І які гэта быў гонар для кожнага — здаць экзамен незалежнай камісіі Дзяржсельгастэхнагляду і атрымаць запаветнае пасведчанне! Вучэбна-вытворчыя камбінаты засталіся ў мінулым, а шкада. Ёсць дастатковая колькасць прафесій, запатрабаваных у грамадстве. Па іх можна арганізаваць падрыхтоўку старшакласнікаў у ліцэях і каледжах. Таксама нядаўна мы ў якасці эксперымента правялі анкетаванне сярод навучэнцаў 10—11 класаў: з 260 апытаных за магчымасць падчас вучобы ў школе атрымаць дадаткова рабочую прафесію выказаўся 131 навучэнец. Упэўнены, што і ў бацькоў аналагічнае меркаванне. Намі зроблены першыя крокі па арганізацыі работы ў шосты школьны дзень па прафарыентацыі школьнікаў. Даём ім магчымасць паспрабаваць, паглядзець — іншымі словамі, “прадэгуставаць” прафесіі рабочага па 5 напрамках: каменныя і аддзелачныя работы, такарныя і фрэзерныя работы па метале, сталярна-цяслярныя і электразварачныя работы. Не перабольшваю, гэта засталося на фотаздымках: у дзяцей на вачах былі слёзы радасці ад першага працоўнага поспеху. Ідэя ёсць. Чакаем, што будзе распрацаваны і механізм яе ажыццяўлення.

— Ці ёсць у каледжы праблемы з размеркаваннем выпускнікоў? Як яны вырашаюцца?

— Пэўныя праблемы існуюць і па меры магчымасцей досыць вынікова вырашаюцца. Але не заўсёды ўбачыш тэндэнцыю ў эканоміцы на 3—4 гады наперад, некаторыя пытанні не залежаць ад установы адукацыі і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Мы працуем з рэспубліканскімі ўнітарнымі прадпрыемствамі — будаўнічымі, дарожнымі, станкабудаўнічымі, — а яны ўсе знаходзяцца ў падпарадкаванні сваіх міністэрстваў і ведамстваў. Вялікія спадзяванні звязваем з ажыццяўленнем новай канцэпцыі заказу кадраў, якая зараз выпрацоўваецца. Сітуацыя складаная, мы яе разумеем. Па працаўладкаванні ў нас задзейнічаны ўсе: і навучэнцы, і іх бацькі, і, адпаведна, работнікі каледжа на чале з дырэктарам. Разам з тым я лічу, што нельга адыходзіць ад дасягнутага раней. Адпавядаць запытам работадаўцаў сучасная ўстанова прафесійнай адукацыі можа толькі пры ўмове дыферэнцыраванага падыходу да падрыхтоўкі спецыялістаў. Трэба эканоміць час, грошы і сродкі. Простым прафесіям можна навучыць школьнікаў у ліцэях, для больш складаных прафесій і спецыяльнасцей неабходны ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, таму што заўтрашняму дню патрэбны ўжо не ўчарашні рабочы, а спецыяліст, гатовы працаваць пры шостым тэхналагічным укладзе навукова-тэхнічнага і эканамічнага развіцця. У гэтым наша галоўная перспектыўная мэта.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.