Апублікаваны перадвыбарныя праграмы Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Улаховіча

- 14:18Выбары 2015

Перадвыбарныя праграмы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Улаховіча апублікаваны на сайце газеты “СБ. Беларусь сегодня”.

У прыватнасці, у праграме Аляксандра Лукашэнкі сказана, што два дзесяцігоддзі таму пачалося стварэнне новай краіны – першай у гісторыі незалежнай беларускай дзяржавы. “Нашы дзеці, унукі і праўнукі будуць свабодна жыць на сваёй зямлі. Яны самі распарадзяцца сваім лёсам. Беларусь заўсёды будзе свабоднай і незалежнай! У гэтым я бачу сваю першую найважнейшую задачу”, – гаворыцца ў тэксце праграмы. Другой важнай задачай Аляксандр Лукашэнка лічыць захаванне ў краіне міру і парадку.
“Даць кожнаму чалавеку магчымасць зарабляць на дастойнае жыццё сваёй працай – гэты прынцып першапачаткова быў пакладзены ў аснову беларускай эканамічнай мадэлі”, – таксама падкрэслівае ў сваёй перадвыбарнай праграме дзеючы кіраўнік дзяржавы. У тым ліку ў тэксце гаворыцца, што ў XXI стагоддзі рухавік любой эканомікі – гэта веды і энергія чалавека. Таму галоўная стаўка будзе рабіцца на розум, энергію і прадпрымальнасць людзей. “Мы яшчэ больш будзем садзейнічаць развіццю ініцыятывы. Маштабна падтрымаем малы і сярэдні бізнес. Устаранім усё, што перашкаджае яго развіццю. Поспех прыватнага бізнесу – гэта дабрабыт не толькі прадпрымальнікаў. Гэта новыя рабочыя месцы і дастойны заработак для беларусаў”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў сваёй праграме.
Яшчэ адна важная задача – развіваць Беларусь як сацыяльную дзяржаву. “Мірнае і шчаслівае жыццё нашых людзей стане галоўным вынікам выканання ўсяго задуманага”, – адзначаецца ў праграмным тэксце.
Акрамя таго, у праграме заяўлена: “Імкліва рухаючыся па шляху прагрэсу, мы будзем рабіць усё, каб прывесці Беларусь у групу самых перадавых краін свету – у гэтым я бачу сваю пятую важную задачу”.
У праграме кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча гаворыцца, што ва ўмовах глабалізацыі адным з важнейшых напрамкаў з’яўляецца захаванне самабытнасці і традыцый беларускага народа, а таксама раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі партнёрамі, умацаванне і развіццё супрацоўніцтва ў СНД, Еўразійскім эканамічным саюзе і іншых міжнародных арганізацыях, паглыбленне і развіццё ўзаемавыгадных і раўнапраўных саюзніцкіх адносін з Расіяй.
Кандыдат лічыць неабходным развіваць і ўмацоўваць традыцыйныя для Беларусі галіны эканомікі, адмовіцца ад вытворчасці “ўсяго ў сябе”, забяспечыць патрэбнасці дзяржавы праз пашырэнне міждзяржаўнай эканамічнай інтэграцыі. Ён таксама звяртае ўвагу на важнасць павышэння канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, стварэнне ўмоў, якія сапраўды забяспечваюць прыток інвестыцый і перадавых тэхналогій. Яшчэ адзін момант, акрэслены ў праграме, – паэтапнае скарачэнне знешняга дзярждоўгу і правядзенне ўзважанай манетарнай палітыкі.
Прапануецца правядзенне рэформы падатковай сістэмы праз яе спрашчэнне і скарачэнне колькасці падаткаў. Мікалай Улаховіч выступае за ўсебаковую падтрымку, развіццё прыватнай ініцыятывы і прадпрымальніцтва, у асноўным, малога прадпрымальніцтва.
У працоўнай сферы адзначаецца важнасць гарантыі поўнай працоўнай занятасці для працаздольнага насельніцтва; выкарыстання высокай прафесійнай падрыхтоўкі і шматгадовага вопыту працуючых пенсіянераў; захавання пераемнасці працоўных дынастый. “Крытэрыем для звальнення работніка павінен быць не ўзрост, а якасць выкананай работы”, – лічыць ён.
Гэтымі днямі ў інтэрнэце таксама былі апублікаваны праграмы Таццяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча.
У Беларусі з 11 верасня праходзіць чарговы этап выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – перыяд перадвыбарнай агітацыі і прапаганды. Выбары Прэзідэнта пройдуць 11 кастрычніка.