Архітэктурныя славутасці і знакамітыя асобы

- 10:33Навіны рэгіёнаў

На базе гомельскай гімназіі № 36 імя І.Мележа прайшоў абласны краязнаўчы конкурс, прысвечаны малой радзіме. Ён сабраў 26 каманд з усіх рэгіёнаў вобласці. За медалі змагаліся 78 знаўцаў роднага краю. З-за складанай эпідэмічнай сітуацыі мерапрыемства, якое павінна было адбыцца мінулай восенню, перанесена на красавік.

Пытанні для першага тура “Гомельшчына гістарычная” рыхтавала старшыня журы намеснік дырэктара абласнога Цэнтра турызму Вольга Пісарэнка. У гэтым туры ўдзельнікам алімпіяды было прапанавана вызначыць Гомельскую вобласц­ь на геаграфічнай карце, пазнац­ь гістарычныя месцы вобласці і знакамітых землякоў.

Другі тур “Гомельшчына літаратурная” быў прысве­ча­ны твор­часці І.Шамякіна, І.Мележа, М.Лынькова, У.Ліпскага, А.Макаёнка, а таксама старон­кам Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці пісьменнікаў Гомельшчыны. Для яго пытанні распрацоўвала член журы загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела гомельскай Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І.Герцэна Марына Перунова.

Над заданнямі трэцяга тура “Архітэктура ў кантэксце абрадаў і вераванняў беларусаў” працаваў член журы дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Г.Шклярава Пётр Цалка. Тэматыка тура — традыцыйная архітэктура і храмавае будаўніцтва ў Беларусі, вясковы двор і падворак, абрады і звычаі, звязаныя з будаўніцтвам, міфалагічныя істоты, якія насяляюц­ь жыллё чалавека і гаспадарчыя пабудовы, абрады і звычаі сямейнага і каляндарнага цыкла, звязаныя з жыллём і гаспадарчымі пабудовамі.

Пераможцай краязнаўчай алімпіяды стала зборная каманда ўстаноў адукацыі Гомеля. У яе ўвайшлі навучэнцы Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 і гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа. Гэтая каманда таксама заваявала прызавыя месцы ў кожным туры. Другое месца — у каманды Рэчыцкага раённага ліцэя. У іх таксама два дыпломы ў турах алімпіяды. Трэцяе месца і дыплом ІІ ступені ў літаратурным туры — у каманды Ельскай раённай гімназіі.

Вынікова ў асобных турах выступілі навучэнцы гімназіі Жыткавіч імя А.А.Ліхоты, сярэдняй школы № 3 Нароўлі, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска, сярэдняй школы № 66 Гомеля.

Першая абласная краязнаўчая алімпіяда адбылася ў 2008 го­дзе. Яна была прысвечана графу Мікалаю Пятровічу Румянцаву — аднаму са знакамітых уладальнікаў гомельскага палаца, міністру камерцыі, міністру замежных спраў, канцлеру Расійскай імперыі і мецэнату, які вельмі многа зрабіў для Гомеля. З таго часу абласная краязнаўчая алімпіяда право­дзіцца штогод. Яна прысвячаецца знакавым падзеям вобласці і краіны. Стала традыцыяй лепшых края­знаўцаў узнагароджваць “румянцаўскімі” медалямі. Арганізатары імкнуцца прыцягнуць вучняў да пошукавай, навукова-даследчай работы па вывучэнні гісторыі рэгіёна, папулярызаваць нацыя­нальныя традыцыі і культуру.

Ужо сёлета ў лістападзе каманды зноў збяруцца ў сценах гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа пазмагацца за “румянцаўскія” медалі на абласным краязнаўчым конкурсе-алімпіядзе, прысвечаным Году народнага а­дзінства.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.