Асэнсаваць сваё прызначэнне

- 12:32Навіны рэгіёнаў

“У кожнага чалавека — свой шлях, які ён выбірае і па якім ідзе на працягу жыцця. Шчаслівы той чалавек, які можа не шкадаваць аб сваім выбары, — упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аснежыцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Алена Уладзіміраўна Кудзіна. — У мяне часта пытаюцца: “Чаму ты стала настаўніцай?” З годнасцю адказваю: “Я ведала, што буду педагогам. Яшчэ ў дзяцінстве ўсе мае гульні былі звязаны са школай. Любоў да гэтай прафесіі ў мяне і на генетычным узроўні. Мой бацька быў настаўнікам. Дзядзька і зараз выкладае ў школе. Аб іншай долі нават і не марыла. Але гэтай прафесіі немагчыма навучыцца па падручніках, толькі на практыцы”.

“Нарадзілася і жыву ў старажытным Пінску. Пасля заканчэння базавай школы паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча, каб прысвяціць сябе самым маленькім і непасрэдным дзеткам. Стала выхавальніцай, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Але педагагічная дзейнасць бацькі не давала мне спакою, і я паступіла ў БрДПУ імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Працавала і педагогам-арганізатарам, і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Ужо 28 гадоў штодня раскрываю таямніцы чалавечых сэрцаў, жыву ў гармоніі з сабой і светам. Каля 20 гадоў працую ў аграгарадку Аснежыцы, чым вельмі ганаруся.

Для сапраўднага настаўніка ўрокі і пазакласная работа — заўсёды творчасць, дэбют. Ён хвалюецца, ці атрымаецца, ці складзецца як задумвалася. Мастак павінен быць добрым рамеснікам, але добры рамеснік яшчэ не мастак. I, як у любой творчасці, не кожны дзень прыносіць бясспрэчны поспех. Сапраўдны настаўнік здольны хутка адаптавацца да змен і новаўвядзенняў, таму што ён — майстар. Галоўнае — не расчароўвацца, не здрадж­ваць сваёй прафесіі. Мая работа накіравана на павышэнне ўзроўню школьнай адукацыі, на стварэнне ўмоў для фарміравання арфаграфічнай пісьмен­насці ў школьнікаў, выкарыстанне сучасных педтэхналогій навучання. Мая задача — ствараць атмасферу для самавыяў­лення вучня з улікам яго здольнасцей, для актывізацыі яго навукова-даследчай дзейнасці, фарміравання культуры вуснага і пісьмовага маўлення”.

Алена Уладзіміраўна стварае на ўроку ўмовы для праяўлення ў вучняў пазнавальных і камунікатыўных патрэб, матываў дзейнасці. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі — дзейсны сродак, які дапамагае зрабіць працэс навучання камфортным і даць дзецям разам з акадэмічнымі ведамі комплекс сацыяльных. Настаўніца не замыкаецца ў межах адной тэхналогіі навучання, выкарыстоўвае элементы асобасна арыентаванага развіццёвага навучання, тэхналогіі даследчай дзейнасці вучняў, праблемнага навучання, гульнявых тэхналогій, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, французскіх педмайстэрняў.

“Так, правіла, якое пададзена ў схеме, больш лаканічнае і таму прасцей запамінаецца вучнямі, — адзначае Алена Уладзіміраўна. — Кожны мой вучань вядзе сшытак-памятку па мове, у якім змяшчае схемы на пэўнае вывучанае правіла. Да тэм, якія цяжэй засвоіць, складаю “разумныя” карткі, што дазваляе вучням хутка паўтараць тэарэтычны матэрыял пры падрыхтоўцы да ўрока ці кантрольнай работы, абагульніць і сістэматызаваць інфармацыю пры падрыхтоўцы да ЦТ. На кожным уроку імкнуся выкарыстоўваць рознаўзроўневыя трэніровачныя заданні”.

Алена Уладзіміраўна шырока выкарыстоўвае графічны прыём сістэматызацыі матэрыялу “Кластар”, асабліва калі ідзе работа над характарыстыкай вобразаў літаратурнага твора або вывучаюцца аглядныя тэмы. Кластары могуць быць простыя ці больш складаныя і па­драбязныя, у залежнасці ад узросту дзяцей. На ўроках літаратуры настаўніца часта звяртаецца да такіх прыёмаў, як “Крокавая дыскусія”, “Перакрыжаваная дыскусія”, якія дапама­гаюць працаваць з тэкстам у цэлым (на ўзроўні яго ідэі і праблематыкі). Гэтыя прыёмы даюць магчымасць, з аднаго боку, пазбегнуць адна­значнага тлумачэння падзей, учынкаў і характараў герояў, а з другога — вучаць дзяцей паважаць чужое меркаванне.

Для фарміравання і развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў Алена Уладзіміраўна звяртаецца да метаду дзіцячага эксперымента. Калі вучні сутыкаюцца з праблемнай сітуацыяй, то самі вызначаюць, якога матэрыялу не ведаюць і што павінны паўтарыць для вывучэння новай тэмы, складаюць алгарытм для вырашэння вучэбнай задачы. Педагог дазваляе здольным вучням пабыць у ролі настаўніка: растлумачыць новую тэму, ацаніць работу іншых дзяцей. Выбар элементаў тэхналогій, методык, форм і метадаў работы ажыццяўляецца зыходзячы з узросту вучняў; спецыфікі школьнага прадмета; агульнага ўзроўню навучанасці вучняў; узроўню іх навучальнасці; мэт і задач урока. Варыятыўнасць форм і метадаў работы, выкарыстанне розных элементаў тэхналогій робяць урок рознабаковым, аптымізуюць дзейнасць вучняў на ўроку дзякуючы зменам відаў работы, павышэнню тэмпу ўрока, змяншэнню напружанасці. Алена Ула­дзіміраўна развівае асаблівасці навучэнцаў, важныя для зносін: адкрытасць, нестандартнасць, уменне рэагаваць на зменлівыя ўмовы знешняга свету, вырашаць разнастайныя праблемы, цесна і прадукцыйна супрацоўнічаць з людзьмі, імкненне да самапазнання, самаўдасканалення і самарэалізацыі.

Настаўніца прыйшла да высновы, што ад зін з кірункаў работы з навучэнцамі, які яна хоча паспрабаваць — гэта праектная дзейнасць, бо яна садзейнічае развіццю творчых здольнасцей вучняў. Метад праектаў пачынае выкарыстоўваць з 5 класа. Тым, хто ўмее маля­ваць, прапануе летам прачытаць шэраг твораў, а да самага цікавага зрабіць ілюстрацыі. Пас­ля канікул на першым уроку літаратуры вучні абараняюць свае праекты “Ілюстрацыя да любімай кнігі”. Пяцікласнікам прапануе выканаць міні-праект па беларускіх народных казках “З рога ўсяго многа”. Вучні прадстаўляюць свае работы ў выглядзе інсцэніровак, ілюстрацый, крыжаванак, буклетаў. У якасці дамашніх творчых заданняў скла­даюць міні-праекты: казку па тэме, байку, віктарыну па малюнках. Як толькі дзеці набываюць неабходныя ўменні, настаўніца праводзіць урокі-праекты. У 5 класе на ўроку развіцця маўлення сваё сачыненне-разважанне вучні прадстаўляюць у выглядзе творчых праектаў, пасля арганізуецца выстава (“Аблокі — мары мае”, “Аб чым спяваюць зоры”).

“Сёння амаль у кожнай сям’і ёсць камп’ютар, на ўроках інфарматыкі дзеці знаёмяцца з праграмай Power Point, умеюць рабіць прэзентацыі, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Я выкарыстоўваю гэтыя магчымасці на абагульняльных уроках ці пры знаёмстве з біяграфіяй і творчасцю пісьменнікаў. Так, у канцы навучальнага года ў якасці дамашняга задання прапаную скласці прэзентацыю пра пісьменніка, творчасць якога дзеці вывучылі. Падабаецца вучням ствараць вокладкі да падручніка ці твора, якія перадаюць змест кнігі ці ідэю. Прапаную зрабіць групавыя праекты “Кандрат Крапіва — байкапісец”. У групах прызначаюцца вучні-мастакі, бібліёграфы, сцэнарысты, артысты. У 6 класе пры вывучэнні твора У.Ліпскага “Ад роду да народу” вучні складаюць радавод і прэзентуюць яго як творчы праект. Абарона такіх работ прахо­дзіць ярка і цікава. Інсцэніроўка казак і баек, напісанне сцэнарыяў, стварэнне афіш і тэатральных праграмак, зборніка асабістых вершаў, арганізацыя выстаў любімых кніг з дамашняй бібліятэкі, выпуск газет, складанне кадрапланаў, схем-памятак і г.д.

Разнастайныя віды праектаў дапама­гаюць вырашыць адну з галоўных задач сучаснай адукацыі — індывідульны і дыферэнцыраваны падыход да навучання. Маімі вучнямі былі створаны праекты сярэдняй працягласці і доўгатэрміновыя творчыя і даследчыя праекты “Мамін ручнік — дарога ў вечнасць”, “Мая вёска ў легендах і паданнях”, “Народны касцюм вёскі Аснежыцы”, “Фальклор — душа народа”, “Як бабця баяла”, “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” (прытоены сэнс назваў у творах Я.Коласа), які прэзентаваўся ў доме-музеі Якуба Коласа ў Мінску падчас дзіцячай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай юбілейнай даце творчай дзейнасці пісьменніка”.

З праекта “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” (прытоены сэнс назваў у творах Я.Коласа)”

Аб’ектам даследавання з’яўляюцца літаратурныя тапонімы як кампаненты мастацкага твора. Прадмет даследавання — прыёмы стварэння тапонімаў у літаратурных творах. Крыніца матэрыялу — творы Якуба Коласа. Мэта даследавання — паказаць сувязь назваў, узятых з твораў Якуба Коласа, з гістарычным мінулым Беларусі, з гаспадарчай і духоўнай дзейнасцю яе народа, з яго самабытнымі мовай і культурай, з яго непаўторнай іменна-слоўнай сістэмай, звычая­мі, абрадамі, вераваннямі, сімволікай.

…Тапанімічныя назвы — неад’емны кампанент тэкстаў мастацкіх твораў. У розных пісьмен­нікаў, у розных жанрах літаратуры выяў­ляюцца свае адметнасці ўключэння самых разнастайных тапонімаў (урбонімаў, мікратапонімаў, айконімаў, гідронімаў і інш.) у мастацкі тэкст. Традыцыйна ў літаратуры шырока выкарыстоўваюцца тапонімы рэальныя і створаныя аўтарскай фантазіяй. Такія адзінкі, як адзначаюць даследчыкі, прыўносяць у сюжэт канкрэтнасць, жывасць і дакладнасць пры абмалёўцы сюжэтных сітуацый і прасторавых уяўленняў персанажаў і самога пісьменніка.

Тапонім — ад грэч. топас (“месца, мясцовасць”) і оніма (“імя, назва”). Але тапонім — слова, якое абазначае або некалі абазначала пэўнае паняцце. Якуб Колас шырока выкарыстоўваў самыя разнастайныя тапанімічныя назвы, мікратапонімы Стаўбцоўшчыны, Піншчыны, Случчыны, Міншчыны і іншых мясцін, дзе пісьменніку даводзілася жыць, працаваць ці бываць у часы камандзіровак, падарожжаў, проста чэрпаць неабходны матэрыял з народных легенд, паданняў.

Тапонімы ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Жыццёвыя акалічнасці вымушалі чалавека адрозніваць адзін прыродны аб’ект ад другога (балота ад ракі, даліну ад узвышша, лес ад паляны). Міналі стагоддзі, колькасць тапонімаў на зямным шары няўхільна расла, і зараз ужо ніхто не ў стане іх падлічыць. Тапанімія родных мясцін класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа на працягу ўсяго творчага жыцця была ўзорам для стварэння мастацкіх тапонімаў, з’яўлялася невычэрпнай крыніцай, адкуль мастак падбіраў неабходныя яму наз­вы, якія арыгінальна ўключаў у свае шматлікія тэксты. У творах Якуба Коласа можна выя­віць і мастацкую апрацоўку народных легенд пра паходжанне тапанімічных назваў. Назвы заставаліся ў памяці паэта ўсё яго жыццё. Гэта яны абудзілі ў свядомасці песняра класічныя радкі: “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”

У шэрагу твораў пісьменніка, прысвечаных апісанню канкрэтных падзей і мясцін (трылогія “На ростанях”, паэма “Новая зямля”), рэальныя або часткова змененыя аўтарам тапанімічныя назвы выконваюць у мастацкім тэксце асабліва важную ролю —служаць сродкам праўдападобнасці ў мове пісьменніка, па-рознаму раскрываючы вобраз аўтара-апавядальніка. Такія тапонімы ўзаемазвязаны з развіццём сюжэта і мікратэм тэксту, ужываюцца ў мове і аўтара, і персанажаў. У цэлым такія тапонімы актыўна садзейнічаюць праўдзівай абмалёўцы мастацка-гістарычнай прасторы і часу, апісаных у творы, выступаючы найважнейшым кампанентам стылю ў творы мастацтва.

Многія тапонімы ў творах Якуба Коласа створаны фантазіяй мастака, яны нагад­ваюць характэрныя тапанімічныя назвы канкрэтных мясцін Беларусі і служаць у творы для перадачы мясцовага каларыту і ўсебаковага апісання і раскрыцця мастацкіх воб­разаў. Яны ў творах па-свойму адлюстроўваюць асаблівасці мясцовага рэльефу, расліннага і жывёльнага свету. Ёсць у творах пісьменніка і тапонімы-сімвалы, якія ён выкарыстоўвае як абагульненыя назвы Радзімы-Бацькаўшчыны ці пэўнага значымага для яго рэгіёна, аб’екта: Нёман, Палессе і інш.

Зроблена спроба прааналізаваць некаторыя тапанімічныя назвы з тэкстаў Якуба Коласа (выкарыстаны творы пісьменніка, слоўнікі). Так, у трылогіі “На ростанях” параўнаны тапанімічныя назвы твора з назвамі рэальна існуючых тапанімічных аб’ектаў Палесся і Панямоння — мясцінамі, дзе адбываліся асноўныя падзеі, апісаныя ў трылогіі. Сустракаюцца назвы, якія па форме супадаюць з рэальнымі найменнямі прататыпаў. У некаторых выпадках Якуб Колас зрабіў частковую замену слоў-тапонімаў (Верхань — Верхмень, Мікуцічы — Мікалаеўшчына, Стоўбцы — Стоўбцы або Стаўбуны і інш.).

Ствараючы праекты, навучэнцы асвойваюць алгарытм праектнай дзейнасці, вучацца самастойна шукаць і аналізаваць інфармацыю, інтэграваць і прымяняць атрыманыя веды. У школьнікаў развіваюцца творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, самастойнасць, адказнасць, фарміруецца ўменне планаваць і прымаць рашэнні. Калі вучань зможа справіцца з работай над праектам, можна спадзявацца, што ў будучыні ён будзе лепш арыентавацца ў дарослым жыцці, зможа планаваць сваю дзейнасць, сумесна працаваць з рознымі людзьмі, яму лягчэй будзе павысіць свой адукацыйны ўзровень, а пры неабходнасці і перакваліфікавацца.

“Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Асаблівы дзень для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, бе­ларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная, — адзна­чае Алена Уладзіміраўна. — У нашай школе гэты дзень праходзіць пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску!”. Беларускае слова пануе на занятках, перапынках, у сталовай. Настаўнікі беларускай мовы звяртаюцца да вучняў і іншых нас­таўнікаў з просьбай размаўляць па-беларус­ку. Арганізуецца праект “Этнамарафон” для таго, каб звярнуць увагу на непараўнальнае зачараванне, сакавітае гучанне і спецыфічны каларыт роднай мовы, традыцыі і спадчыну народа. Дзень пачынаецца з акцыі “Выконваем гімн разам”, на перапынках праводзяцца конкурсы. У фае вучні і настаўнікі ўдзель­нічаюць у танцавальных нумарах, флэш-мобе, якія суправаджаюцца сучаснай музыкай вядомых беларускіх гуртоў. Падчас літаратурна-музычнай кампазіцыі “Паэ­зіі зорнае святло” вучні чытаюць на па­мяць вершы Я.Янішчыц, Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, М.Багдановіча, М.Танка і іншых беларускіх паэ­таў. Вучні сярэдняга і старэйшага ўзросту прымаюць удзел у гульнявой праграме “Традыцыі і звычаі беларусаў”. Свой узровень валодання беларускай мовай паказ­ваюць старшакласнікі пры наведванні паэтычнай гасцёўні “Родная мова — матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова”. У класах праходзіць прэзентацыя страў нацыянальнай кухні, можна пакаштаваць дранікі, калдуны, сырнікі, верашчаку, самапечаны хлеб. Таксама ў гэты дзень кожны можа сфатаграфавацца з вучнямі ў нацыянальных строях.

З беларускай мовай нам жыць у ХХІ стагоддзі! Лічу, што настаўнік беларускай мовы і літаратуры павінен паяднаць сённяшняе пакаленне маладых беларусаў з нашымі продкамі, дапамагчы асэнсаваць сваё месца і прызначэнне ў бясконцым ланцугу быцця народа, далучыць яго да спрадвечных поглядаў на дабро і зло — на ўсё, што складае сутнасць нашага этнасу”.

Надзея ЦЕРАХАВА.