Азы пажарнай “граматыкі”

- 15:05Дашкольная адукацыя

Дашкольны ўзрост лічыцца аптымальным для таго, каб расказаць дзіцяці, чым небяспечны пажары, ці шкодны дым, ці можна заставацца ў кватэры, якая гарыць, або як з яе выбірацца, каго паклікаць на дапамогу, калі дома няма дарослых, якія нумары тэлефонаў трэба набіраць. Выхавальнікі нашай дашкольнай установы праз гульню вучаць дзяцей адказнасці за свае ўчынкі, фарміруюць навыкі ўсвядомленых бяспечных паводзін, вучаць паводзіць сябе правільна ў нечаканай сітуацыі.

Многія дыдактычныя гульні і дапаможнікі па гэтай тэме нашы педагогі ствараюць сваімі рукамі. Гэта гульні “Можна — нельга”, “Гарачы — небяспечны, халодны — бяспечны”, “Што спатрэбіцца…”, “Што трэба ратавальніку?”, “Патушы пажар”, “Правілы пажарнай бяспекі”, “Даміно бяспекі” і многія іншыя.

У кожнай узроставай групе нашай дашкольнай установы створаны куткі бяспекі, у якіх размешчаны дыдактычныя гульні, дапаможнікі, памяткі, наглядны матэрыял, макеты пажарных машын і шчытоў, а таксама лэпбукі, якія з’яўляюцца незаменнымі памочнікамі ў навучанні дзяцей правілам пажарнай бяспекі.

У пакоі “Бяспечнае дзяцінства” знаходзяцца пажарныя машыны, пажарны шчыт, тэлефоны важных службаў, макет ратавальніка-пажарнага і элемент пажарнай каланчы, дыдактычныя гульні і дапаможнікі, папкі-перасоўкі і кніжкі-малышкі. Усё гэта дапамагае фарміраваць і замацоўваць веды пра небяспечныя прадметы, правілы пажарнай бяспекі. Кожны год праводзіцца конкурс сумесных работ бацькоў і выхаванцаў “Я ведаю правілы бяспекі”. Вынікам гэтай сумеснай дзейнасці з’яўляюцца не толькі папкі-перасоўкі, кніжкі і фотакалажы па правілах бяспекі, выстава малюнкаў, але і замацаванне дзецьмі правіл паводзін у розных жыццёвых сітуацыях.

Алена ЯНКОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада Капцёўкі Гродзенскага раёна.