Азы тэорыі і тонкасці методыкі

Загадчык ясляў-сада № 134 Мінска Ірына Анатольеўна Баскакава і яе намеснік па асноўнай дзейнасці Юлія Яўгенаўна Пшанічнікава напрыканцы мінулага года атрымалі грант Мінгарвыканкама за распрацоўку блокавай мадэлі метадычнай работы з пачынаючымі выхавальнікамі, якія не маюць профільнай адукацыі, з мэтай фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці. Да такой тэмы іх падштурхнула сітуацыя, якая склалася ва ўстанове: 63% выхавальнікаў у ёй не маюць дашкольнай адукацыі і адпаведнага стажу работы. Іх трэба з азоў вучыць тэорыі і методыцы выхавання дашкольнікаў, даваць веды па псіхалогіі і фізіялогіі дзяцей гэтага ўзросту, дзяліцца ўсімі тонкасцямі няпростай педагагічнай працы.

“Наша ўстанова была адкрыта пасля рэканструкцыі ў другім квартале 2013 года, і мы адразу сутыкнуліся з праблемай недахопу кадраў, — паведаміла Ірына Анатольеўна. — Мы звярнуліся да метадаў па прыцягненні персаналу, якія выкарыстоўваюцца ў менеджменце. Адзін з іх — рэкрутынг. Пачалі выкарыстоўваць у рэкламных аб’явах аб вакансіях арыгінальную падачу тэксту, размяшчалі аб’явы на сайтах вядучых кадравых інтэрнэт-парталаў, праводзілі інтэрв’юіраванне кандыдатаў на пасаду. Выкарыстанне прыёмаў рэкрутынгу дало добрыя вынікі — ва ўстанову прыйшлі 95% супрацоўнікаў. Сёння ў нас ужо няма вакансій. Сярэдні ўзрост калектыву сада 32 гады. Маладых спецыялістаў — трое. Яны прыйшлі пасля ўніверсітэта, дзе атрымалі дашкольную адукацыю. Многія з выхавальнікаў уладкаваліся да нас таму, што ў сад ходзяць іх дзеці і яны хацелі быць побач з імі. Я ўсё гэта разумею, для мяне як кіраўніка самае галоўнае, каб педагогі любілі дзяцей, астатняму можна навучыцца. І, трэба сказаць, я не памылілася ў сваім выбары. У сённяшніх маладых педагогаў ёсць імкненне працаваць і самаўдасканальвацца, вучыцца таму, чаго яны яшчэ не ўмеюць. Сярод іх ужо ёсць жадаючыя прайсці перападрыхтоўку на базе БДПУ імя Максіма Танка”.
У дашкольнай педагогіцы добра зарэкамендавала сябе такая традыцыйная форма работы з маладымі выхавальнікамі, як настаўніцтва, калі за кожным навічком замацоўваецца вопытны і паспяховы педагог-майстар. Аднак у 134-м садзе такая форма не можа быць рэалізавана ў поўнай меры, таму што выхавальнікаў са стажам работы больш за 10 гадоў тут толькі 15%. Затое яны задзейнічаны ў арганізацыі і правядзенні семінараў, трэнінгаў, кансультацый.
З якімі праблемамі звяртаюцца да вопытных калег навічкі? Як правіла, цяжкасці ўзнікаюць з выкарыстаннем тых ці іншых метадаў і прыёмаў навучання і выхавання дзяцей, а таксама пры ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў. Маладыя педагогі часта губляюцца, калі раптам штосьці пойдзе не па плане, не так як яны задумалі, калі бацькі іншы раз праявяць фамільярнасць у адносінах да іх. Каб адказаць на ўсе “чаму?” і “як?”, якія гучаць ад маладых выхавальнікаў, метадыст і загадчык сада распрацавалі мадэль метадычнай работы з імі, у якую было ўключана некалькі блокаў: выхаваўчы блок (ён прадугледжвае павышэнне кваліфікацыі па пытаннях тэорыі і методыкі выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту), дыдактычны блок (уключае абнаўленне ведаў па праблемах павышэння эфектыўнасці навучання дзяцей), псіхалагічны блок (забяспечвае павышэнне кваліфікацыі выхавальнікаў у кірунку агульнай, узроставай і педагагічнай псіхалогіі) і фізіялагічны блок (прадстаўляе веды па агульнай і ўзроставай фізіялогіі і гігіене).
“У метадычнай рабоце з педагогамі мы выкарыстоўваем метады і прыёмы інтэрактыўнага навучання, — адзначае Ірына Анатольеўна. — Праводзім серыі тэарэтычных семінараў (семінары-знаёмствы, семінары-дыскусіі, семінары-віктарыны), педагагічныя майстэрні, трэнінгі, на якія ўсе маладыя спецыялісты павінны прыходзіць добра падрыхтаванымі. Папярэдне яны атрымліваюць матэрыялы па тэме семінараў. На такіх сустрэчах выхавальнікі знаёмяцца з эфектыўнымі метадамі і прыёмамі навучання дашкольнікаў, пашыраюць веды аб розных формах работы з бацькамі, развіваюць камунікатыўныя навыкі. Выкарыстанне “кейс-метаду” дазваляе, напрыклад, мадэляваць розныя сітуацыі ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў, выяўляць праблемы і знаходзіць іх рашэнні. Мы праводзім цыкл семінарскіх заняткаў па азнаямленні выхавальнікаў з метадамі і прыёмамі ТРВЗ-педагогікі, падчас якіх маладыя педагогі вывучаюць і практыкуюцца ў выкарыстанні метаду дыхатаміі і марфалагічнага аналізу, колцамі Лулія. Выхавальнікі знаёмяцца з метадам нагляднага мадэлявання і прыёмамі работы, якія актывізуюць маўленчае развіццё дзяцей. Педагогі развучваюць нетрадыцыйныя тэхнікі малюнка і гульні для выхаванцаў на развіццё ўвагі, памяці, уяўлення і мыслення. Атрыманыя веды яны прымяняюць пры рабоце з дзецьмі. Такім чынам, усе педагогі нашага сада актыўна і творча працуюць, наведваюць заняткі сваіх калег, падводзяць і аналізуюць вынікі сваёй работы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.