Ушацкая зямля — гэта маляўнічыя азёры, знакамітыя пісьменнікі, паэты, працавітыя людзі, а яшчэ цікавыя легенды і паданні мінулых стагоддзяў, якія ў народнай памяці цесна перапляліся з аповедамі пра гераічную партызанскую барацьбу. Складана вызначыць, якая з гэтых характарыстык галоўная. Супрацоўнікі аддзела адукацыі Ушацкага райвыканкама параілі звярнуцца за дапамогай у Плінскую і Арэхаўскую сярэднія школы, дзе актыўна вывучаецца баявы шлях брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, збіраюцца звесткі пра ўдзельнікаў знакамітага прарыву гітлераўскай блакады, што адбыўся ў маі 1944 года.
Незабыўныя сустрэчы
Кожную камандзіроўку ў партызанскі край чакаеш з нецярпеннем, асабліва пасля таго, як напярэдадні Дня Перамогі наведаеш канферэнцыі і семінары, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны. Даклады, паведамленні — гэта, канечне, добра, карысна і пазнавальна. Аднак пасля сухой навуковай мовы хочацца вырвацца са сталіцы падалей у вёску, зайсці ў хату, да якой прымацавана чырвоная зорачка або шыльда з паведамленнем пра тое, што тут жыве ветэран вайны, пасядзець з гаспадаром гадзінку-другую і паслухаць яго эмацыянальную, жывую гаворку. Такія сустрэчы абавязкова запомняцца на ўсё жыццё. Ужо мінуў год, а здаецца, што ўчора вярнуўся з Акцябрскага раёна, дзе пашчасціла завітаць у госці да ветэрана вайны і педагагічнай працы заслужанага настаўніка БССР Ефрасінні Паўлаўны Зінчанка. І вось зноў камандзіроўка ў партызанскі край, цяпер ужо азёрны, ушацкі.
На жаль, ветэраны хутка адыходзяць ад нас, таму давялося задаволіцца толькі гутаркай з настаўнікамі і вучнямі. Аднак размова ў школьных кабінетах атрымалася не менш цікавай, чым памятная сустрэча з Ефрасінняй Паўлаўнай у двары яе сядзібы, усыпанай жоўтымі майскімі дзьмухаўцамі. Справа ў тым, што для маіх цяперашніх суразмоўцаў вайна — гэта не далёкая гістарычная падзея, а часцінка жыцця, думак, сэрца, душы. Складана падабраць неабходныя словы, аднак прыкладна так можна ахарактарызаваць адносіны жыхароў Ушацкага раёна да Вялікай Айчыннай вайны. Па-іншаму і не можа быць: надта ж многа трагічных і адначасова гераічных старонак звязана з ваенным мінулым гэтага краю. Як напамін пра тыя падзеі вось ужо 37 гадоў над наваколлем непадалёк вёскі Двор Пліна ўзвышаецца велічны комплекс “Прарыў”, узведзены на тым самым месцы, дзе ў маі 1944 года партызаны прарвалі кола фашысцкай блакады і вывелі з акружэння каля 15 тысяч мірных жыхароў. Гэты комплекс — візітоўка раёна, яго наведванне прадугледжана ўсімі турыстычнымі маршрутамі Ушаччыны.
Амаль партызанскі лагер
Мы таксама абавязкова там пабываем, але крыху пазней. А пакуль што завітаем у музей Плінскай сярэдняй школы, дзе захоўваецца багаты матэрыял пра змаганне мясцовага насельніцтва з акупантамі. Перакананы, што з гэтым матэрыялам варта азнаёміцца не толькі ўшацкім настаўнікам, але і ўсім педагогам краіны, асабліва настаўнікам гісторыі, паколькі цяпер у перыядычным друку і мастацкай літаратуры партызанскі рух часам паўстае перад чытачом не ў самых светлых колерах. А вось для жыхароў Ушацкага раёна вобраз партызана назаўсёды застанецца вобразам народнага мсціўца, вобразам беларускага сына, які, як пісаў паэт, біў гітлераўцаў паганых. І гэта не дзіўна, бо ў азёрным, лясістым краі партызанскі рух набыў шырокую народную падтрымку. Такая прыхільнасць дорага каштавала мясцоваму насельніцтву. Карныя аперацыі, расстрэлы жанчын і дзяцей былі ў тыя часы звычайнай з’явай. Сведчаннем пра дзікунства акупантаў з’яўляюцца дзясяткі абеліскаў, што стаяць амаль у кожнай вёсцы раёна, а таксама сотні старонак успамінаў сведкаў тых падзей, што занатаваны настаўнікамі і вучнямі.
Каб наведвальнікі плінскага музея з першых хвілін экскурсіі адчулі сябе гасцямі партызанскага лагера, настаўніца пачатковых класаў Людміла Аляксандраўна Бабаедава на адной са сцен пакоя намалявала стромкія сосны і разгалістыя елкі, атрымаўся сапраўдны партызанскі лес. Наогул, стварэнне музея пачалося па ініцыятыве настаўніка гісторыі Анатоля Іосіфавіча Атрашкевіча яшчэ ў сярэдзіне 1970 гадоў. Так што адзін з найстарэйшых школьных музеяў краіны хутка будзе адзначаць 40-гадовы юбілей. За гэты час настаўнікамі і вучнямі накоплены багаты і цікавы матэрыял. У музейным пакоі можна ўбачыць у асноўным пажаўцелыя ад часу фотаздымкі і дакументы, а таксама дзясяткі вучнёўскіх работ з каштоўнай інфармацыяй пра гісторыю партызанскага руху ва Ушацкім раёне.
— Першы стэнд прысвечаны прарыву партызанамі варожага кола блакады. Наступны расказвае пра настаўнікаў нашай школы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, заслужанага настаўніка БССР Варвару Сцяпанаўну Мірановіч, якая пасля вайны 35 гадоў працавала дырэктарам нашай школы. Дзякуючы яе настойлівасці, быў узведзены новы двухпавярховы будынак школы і спартыўная зала. На стэндзе можна прачытаць інфармацыю пра падпольшчыкаў Аляксандру Данілаўну Рэкуц, Веру Фёдараўну Казырыцкую, Ганну Андрэеўну Касцюковіч. Падпольнай дзейнасцю займаўся і Мікалай Міхайлавіч Касцюковіч. З 1942 па 1944 год ён быў партызанам брыгады Мельнікава, з 1944 года ваяваў у складзе рэгулярнай арміі. Вайну скончыў нападалёк Берліна. Пасля дэмабілізацыі выкладаў матэматыку, памёр у 1972 годзе. Браніслаў Міхайлавіч Завадскі з 1943 года палітрук брыгады імя Панамарэнкі. Пасля вайны працаваў настаўнікам нямецкай мовы, інспектарам раённага аддзела адукацыі, памёр у 1982 годзе. Міхаіл Іванавіч Лабёнак быў партызанам брыгады імя Чапаева, пасля вайны выкладаў гісторыю. З 1948 года працаваў ва Ушацкім райкаме партыі, потым да выхаду на пенсію — у Плінскай сярэдняй школе. Іван Мікалаевіч Харашкевіч з 1942 года партызаніў у брыгадзе імя Чапаева. З 1946 года — дырэктар Старасельскай сямігадовай школы, з 1972 года — настаўнік Плінскай сярэдняй школы, — расказваюць экскурсаводы вучні 8 класа Юлія Бараўцова і Вераніка Хамёнак.
З больш падрабязнымі звесткамі пра настаўнікаў-ветэранаў, ураджэнцаў Ушацкага раёна, можна азнаёміцца ў рабоце, створанай Дзмітрыем Хадасевічам пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі кіраўніка музея Уладзіміра Ільіча Барысёнка. Наогул, вучнёўскімі даследчымі работамі літаральна засланы стэнды музея. Усё гэта вынік карпатлівай шматгадовай працы юных даследчыкаў. Тут сабрана інфармацыя і пра настаўнікаў, і пра лёс мірных жыхароў у гады вайны, створаны летапіс Плінскай школы, праект краязнаўчага маршруту “Мой край”. Кожная работа — цікавы аповед пра родны край. Азнаёмімся з некаторай інфармацыяй, сабранай вучнямі.
Беларускія сыны
Партызанская зона прасціралася ад Полацка на поўначы да Лепеля на поўдні, ад Вілейскай вобласці на захадзе да ракі Заходняй Дзвіны на ўсходзе. На тэрыторыі зоны знаходзілася 1220 населеных пунктаў, у якіх пражывалі 80 тысяч чалавек, у тым ліку бежанцаў з іншых раёнаў. У партызанскай зоне была адноўлена савецкая ўлада, дзейнічалі млыны, шкіпінарна-дзягцярныя заводы, кузні, слясарныя майстэрні, гарбарныя прадпрыемствы, сталярна-бандарныя майстэрні, электрастанцыі, маслазаводы, рыбалоўныя арцелі, бальніца, выдавалася 6 раённых газет.
Згодна з данымі на ліпень 1943 года, насельніцтва Ушацкага раёна перадало партызанам 500 паўшубкаў, 700 пар валёнак, 150 пар іншага абутку, 250 метраў тканіны, 200 маск-халатаў, шкарпэткі, бялізну, боепрыпасы і зброю, прадукты харчавання, аўчыну, вугаль. Падпольшчыкі забяспечвалі партызан неабходнымі медыкаментамі, інструментарыем, перавязачнымі сродкамі. Паслугамі партызанскіх медыкаў карысталася і мясцовае насельніцтва.
Для каардынацыі дзеяння партызанскіх брыгад у канцы 1943 года па загадзе начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху была створана аператыўная група на чале з сакратаром Лепельскага падпольнага РК КП(б)Б У.Е.Лабанком. Да канца 1943 года ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне дзейнічала 16 брыгад. Сувязь паміж імі была рознабаковай і добра наладжанай: конная, тэлефонная, з дапамогай радыё. Існаваў паветраны мост, аэрадромы знаходзіліся ў вёсках Сержаны, Двор Пліна, пасадачныя палосы каля вёсак Загор’е, Ляхавічы, Віркі, Пастрэжжа і інш.
З кожным днём партызанскі рух рабіўся ўсё больш моцнай і арганізаванай сілай. Так, летам 1943 года ЦК КП(б)Б прыняў пастанову пра пачатак “рэйкавай вайны”, а Беларускі штаб партызанскага руху распрацаваў канкрэтныя мерапрыемствы па ажыццяўленні плана. Усім атрадам і брыгадам былі вызначаны ўчасткі чыгункі, якія неабходна было падарваць. Партызаны Ушаччыны паспяхова выканалі баявую задачу і пазбавілі 3-ю нямецкую танкавую армію магчымасці карыстацца транспартнымі магістралямі.
Супраць фашыстаў разам з дарослымі змагаліся і 13—14-гадовыя падлеткі У.І.Балабоўка, В.П.Рацько, С.П.Крацёнак, В.Р.Клопаў, У.М.Карабань. У партызаны ішлі юнакі і дзяўчаты, людзі ў гадах — усе, хто мог трымаць зброю ў руках, хто хацеў помсціць за пакуты і здзекі. У лясах раёна ўзнікла сапраўдная партызанская рэспубліка, якая не давала спакою акупантам. У снежні 1943 — лютым 1944 года гітлераўцы пяць разоў спрабавалі прарваць лінію абароны партызан, але беспаспяхова.
Вясной 1944 года да партызанскай зоны былі сцягнуты 60 тысяч карнікаў. Немцы планавалі ажыццявіць аперацыю ў чатыры этапы. Падчас першага — зламаць партызанскую абарону і ачысціць левы бераг Заходняй Дзвіны. Падчас другога — выцесніць партызан з лясных масіваў і знішчыць іх на адкрытай мясцовасці. Падчас трэцяга — пры падтрымцы бронепаяздоў разграміць партызан пры спробе прарвацца праз чыгунку. Чацвёрты супадаў з трыма папярэднімі і заключаўся ў рабаванні, знішчэнні і вывазе ў Германію мірнага насельніцтва. Аперацыя была разлічана на 8—10 дзён. Супраць партызан было выстаўлена 137 танкаў,
235 гармат, 70 самалётаў. Карнікам процістаяла 16 партызанскіх брыгад у складзе 17 185 чалавек. Агульная працягласць лініі партызанскай абароны складала 230 кіламетраў.
Карная экспедыцыя пад кодавай назвай “Свята вясны” пачалася 11 красавіка атакамі 56 пяхотнай дывізіі з боку Полацка на ўчастку абароны брыгады імя У.І.Леніна. 16 красавіка ў бой уступіла брыгада “Аляксея”. На наступны дзень 15 нямецкіх самалётаў тры гадзіны бамбілі пазіцыі партызан. Потым у атаку пайшла пяхота, бой доўжыўся дзве гадзіны. Вечарам партызаны пакінулі вёскі Ветчу і Храмёнкі, але ноччу 19 красавіка зноў авалодалі імі. 10-кіламетровую абарону, што трымала брыгада паміж вёскамі Ветчай, Храмёнкі і Вялікія Дольцы, вораг змог пераадолець толькі за 12 дзён.
Становішча ў зоне пагаршалася. 21 красавіка вораг вялікімі сіламі павёў наступленне на пазіцыі брыгад 2-й Ушацкай імя П.К.Панамарэнкі і Лепельскай імя І.В.Сталіна. 22 красавіка артылерыя і 7 бамбардзіроўшчыкаў нанеслі ўдары па партызанах, потым у наступленне пайшла пяхота, але прарваць партызанскую абарону не ўдалося. Кола акружэння звужалася. 30 красавіка баі ішлі ўжо пад Ушачамі. 230-кіламетровая лінія абароны скарацілася да 20-кіламетровай. Увечары 30 красавіка карнікі занялі вёску Арэхаўна. Баі ішлі каля вёскі Кублічы.
Першая спроба прарваць блакаду планавалася на ноч 1 мая. Аднак сканцэнтраваць асноўныя сілы партызанам да гэтага часу не ўдалося. Прарыў ажыццявілі ў ноч на 5 мая. Асноўны цяжар лёг на 1-ю Антыфашысцкую брыгаду. У цяжкіх баях з карнікамі брыгада панесла вялікія страты — 1026 чалавек. Перасталі існаваць 5 атрадаў і рота сувязі. Брыгады імя ВЛКСМ, імя С.М.Кароткіна, 16-я Смаленская і полк Садчыкава атакавалі варожыя гарнізоны ў вёсках Паперына і Новае Сяло. Вораг аказаў упартае супраціўленне, але быў выбіты з гэтых вёсак, страціўшы пры гэтым 12 танкаў, 6 гармат, 18 кулямётаў, каля 900 чалавек (забітых і параненых). Асноўныя партызанскія сілы вырваліся з акружэння. Разам з імі выйшлі каля 15 тысяч мірных жыхароў.
Шапаценне маладой лістоты
Роўна праз 30 гадоў пасля гэтых падзей, дакладней, 30 чэрвеня 1974 года, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Гэтая падзея стала маштабнай, па-сапраўднаму народнай, паколькі на фотаздымках таго часу, што паказалі мне плінскія настаўнікі, добра бачна, як вялікае поле вакол комплексу цалкам запоўнена людзьмі. На свята прыйшлі тысячы чалавек. Аднак праз 37 гадоў, што мінулі з таго часу, на тэрыторыі комплексу было бязлюдна, што, дарэчы, не з’яўляецца характэрнай з’явай, паколькі, як адзначыла дырэктар Плінскай сярэдняй школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч, кожны дзень комплекс наведваюць турысты, якія прыязджаюць сюды не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з іншых краін. Справа ў тым, што комплекс “Прарыў”, напэўна, самы велічны ў свеце з усіх помнікаў, створаных у гонар партызан.
Прычынай незвычайнай бязлюднасці стаў моцны дождж, які нібыта знарок ішоў увесь камандзіровачны дзень. Ці гэта ён намагаўся сапсаваць настрой, ці, можа, неба такім чынам аплаквала людзей, што загінулі тут у далёкім 44-м? Цяжка сказаць. Дождж дажджом, але пабываць на Ушаччыне і не завітаць на “Прарыў” — гэта было б недаравальна для журналіста.
Перадаць іншаму чалавеку свае пачуцці і настрой пасля наведвання той ці іншай знакавай для нашага народа мясціны можна з дапамогай або слова, або фотаздымка. Спадзяюся, што дзякуючы фотавыявам, змешчаным у матэрыяле, вы, паважаныя чытачы, адчуеце веліч знакамітага комплексу. Маленькая парада: калі пашчасціць пабываць тут у добрае надвор’е ды яшчэ ў маі, абавязкова падыдзіце да 16 дубоў, пасаджаных у гонар 16 партызанскіх брыгад, і паслухайце самотнае шапаценне маладой лістоты. Кажуць, што ў гэтай ціхай гаворцы дрэў можна пачуць аповед пра далёкія трагічныя падзеі.
Ваенныя будні
Падчас карных аперацый звар’яцелыя фашысты чынілі жудасныя здзекі над мірным насельніцтвам. Так, у вёсцы Забораўна жанчын і дзяцей сагналі ў хлеў і хацелі спаліць. Але ў гэты час з лесу прарвалася невялікая група партызан. Адзін з іх — Міхаіл Макаравіч Арцямёнак, аўтаматам выбіў дзверы ў хляве і выратаваў людзей. У вёсках Забораўна і Роўбы карнікі забілі ўсіх хлопчыкаў школьнага ўзросту. Іх выводзілі на вуліцу перад мацярамі і расстрэльвалі. Асабліва жудаснае відовішча было каля возера Сухія Акуні. Гітлераўцы прыгналі да возера вяскоўцаў, кагосьці расстралялі, кагосьці ўтапілі. Каля забітых матуль некалькі дзён поўзалі зусім маленькія бездапаможныя дзеці. Так адна жыхарка вёскі Забораўна праз трынаццаць дзён пасля гэтых падзей знайшла пяцігадовую дзяўчынку, якая знаходзілася каля забітай маці і браціка. Ад вільгаці ў валёнках у яе пачалі гніць пальчыкі на нагах. У час дажджу і ўначы дзяўчынка залазіла ў кучу галля і там спала. Харчавалася яна гарохам і рэшткамі сухароў, якія былі ў мяшку забітай маці.
І гэта яшчэ не самыя ўражальныя аповеды пра падзеі, што адбываліся ва ўшацкім краі ў ваенны час. Ці будзем мы помніць пра тыя пакуты, што перажыў наш народ у гады вайны, ці зможам захаваць у будучых пакаленняў гістарычную памяць пра самую жудасную вайну? Самаадданая прафесійная дзейнасць педагогаў Ушаччыны пераконвае, што так, зможам.
Усё для ветэранаў
Па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Ушацкага райвыканкама Галіны Пятроўны Гайко, Ушацкі раён, згодна з рашэннем калегіі ўпраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама, вызначаны ў вобласці як базавы па патрыятычным выхаванні. Работа ва ўстановах адукацыі ў гэтым кірунку носіць сістэмны мэтанакіраваны характар. Штогод праводзіцца вывучэнне ўмоў пражывання ветэранаў вайны, сем’яў загінуўшых воінаў і партызан. Ва ўстановах адукацыі наладжана шэфская работа з ветэранамі, у рамках якой праводзяцца традыцыйныя аперацыі “Клопат”, “Міласэрнасць”, “Ветэран жыве побач”, акцыі “Паштоўка ветэрану”, “Моладзь — ветэранам”. Школьнікі аказваюць дапамогу ветэранам у добраўпарадкоўванні сядзіб, пасадцы бульбы. Вучні Вялікадолецкай, Глыбачанскай сярэдніх школ і Дубраўскай базавай школы наведваюць сацыяльныя палаты мясцовых бальніц, выступаюць там з канцэртамі. Акрамя таго, настаўнікі і вучні раёна даглядаюць 111 помнікаў, памятных мясцін, абеліскаў і мемарыяльных дошак, устаноўленых у памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
З мэтай вывучэння мінулага роднай зямлі ва ўстановах адукацыі праводзяцца раённыя патрыятычныя акцыі “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, “Мая радзіма — Ушацкі раён”, “Прызыўнік”, “Абавязак”, “Памяць”, “Вахта памяці”. Асабліва плённая работа вялася ў рамках святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі. Напрыклад, калектывам Плінскай сярэдняй школы быў створаны мультымедыйны праект “Прарыў”, калектывам Кубліцкай сярэдняй школы — праект “Хатыні ўшацкай зямлі”. Акрамя таго, імёны Герояў Савецкага Саюза К.П.Кутрухіна, Б.І.Юркіна, а таксама Н.Л.Касцючэнка прысвоены адпаведна Дубраўскаму ВПК “дзіцячы сад — базавая школа”, Глыбачанскаму ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” і Арэхаўскай сярэдняй школе.
Напрыклад, на тэрыторыі Арэхаўскай школы 7 лістапада ў дзень нараджэння Надзеі Лявонаўны Касцючэнка (партызанкі, якая ў 20-гадовым узросце загінула падчас бою, кінуўшыся на варожы танк са звязкай гранат) каля бюста юнай гераіні праходзіць урачысты прыём у піянеры. У пачатку навучальнага года ў школе ладзіцца традыцыйнае спартыўнае мерапрыемства, прысвечанае памяці Надзеі Лявонаўны, праводзяцца і літаратурныя чытанні “Твая мужнасць бясконцая”, настаўнікамі і вучнямі сабраны багаты матэрыял успамінаў пра Надзею Лявонаўну, складзены тэматычныя вершы, створаны малюнкі, лістоўкі.
Кожная камандзіроўка ў партызанскі край пакідае ў душы асаблівы след. Галоўная прычына хаваецца ў незабыўных сустрэчах і размовах, падчас якіх даведваешся пра тую праўду вайны, якую не ўбачыш за сухімі лічбамі і фактамі ў навуковай і метадычнай літаратуры. Спадзяюся, што журналісцкі лёс абавязкова падорыць новыя камандзіроўкі на зямлю, авеяную партызанскай славай.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.