Барздоўка — шчырая душа

- 11:52Віцебшчына

У Аршанскім раёне мы наведалі ўнікальны аб’ект, аналагаў якому не сустракалі (магчыма, ён адзіны ва ўсёй краіне). Знаёмцеся: Барздоўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа і размешчаны на яе базе Цэнтр адукацыйных, культурных і сацыяльных паслуг.

Цэнтр прыцяжэння

Сёння школу ў Барздоўцы наведваюць не толькі дзеці. Пасля рэканструкцыі і капітальнага рамонту яе дзверы адчынены для ўсіх вяскоўцаў. Амаль пад адным дахам з установай адукацыі размясціліся ФАП, пошта, сельскі Дом культуры. Раней усё гэта было размеркавана, а цяпер у сацыяльных аб’ектаў адзін гаспадар — школа, і адзіная мэта — працаваць на развіццё роднай вёскі.

Барздоўская школа невялікая — 61 навучэнец і 15 выхаванцаў дзіцячага сада, працуюць 18 настаўнікаў. Але дзякуючы новаму напрамку дзейнасці, больш шырокаму, чым адукацыйны, установа атрымала другое дыханне. А разам з ёй і вёска.

Раней школе было цеснавата ў старым будынку. Цяпер памяшканні былога Дома культуры перайшлі ў агульнае карыстанне. Тут абсталяваны спартыўная і актавая залы, танцавальны клас, камбінаваная майстэрня па апрацоўцы металу і драўніны, майстэрні па кулінарыі і апрацоўцы тканіны, пакой дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў, інтэграваная бібліятэка, якую наведваюць навучэнцы і мясцовыя жыхары. А на вуліцы з’явілася выдатная спартыўная пляцоўка з бегавой дарожкай і трэнажорамі.

— У такім фармаце мы працуем з верасня, — гаворыць дырэктар школы Наталля Ліпінская. — Усё больш мерапрыемстваў право­дзім цяпер разам з аднавяскоўцамі. Арганізоўваем сумесныя канцэрты, танцы. Спартыўная зала таксама адкрыта для ўсіх жадаючых (двойчы на тыдзень — да 21-й гадзіны). Пакрысе пачала падцягвацца працоўная моладзь. Хлопцы гуляюць у футбол, валейбол, займаюцца цяжкай атлетыкай. Некаторыя нават прыхо­дзяць сем’ямі. А стадыён аблюбавалі пенсіянеры, гуляюць там з унукамі. Людзі бачаць, што ёсць умовы для актыўнага адпачынку, дык чаму гэта не скарыстаць.

Такім чынам, маленькая школа ў Барздоўцы становіцца цэнтрам прыцяжэння вёскі. Прыгожая, дагледжаная, добра абсталяваная, яна служыць сацыякультурным арыенцірам, паказвае напрамкі развіцця і магчымасці. Так, колькасць дзяцей тут невялікая, і ў школе зараз няма старшых класаў, але яна захоўвае статус установы агульнай сярэдняй адукацыі. Жыхары Барздоўкі ўпэўнены, што ў іх вёскі ёсць будучыня. 

Нядаўна сюды правялі газ, два гады назад школа перайшла на газавае ацяпленне. Важна, што ў гаспадарцы ёсць работа, і яе бу­дзе яшчэ больш. Зараз узводзіцца рабатызаваны малочнатаварны комплекс на дзве тысячы кароў, хутка пачнецца будаўніцтва сучаснага свінакомплексу. А будзе работа — будуць людзі.

— Школа ў вёсцы патрэбна, — гаво­рыць Наталля Аляксандраўна. — Гэта падтрымка гаспадарцы, якая тут дзейнічае і развіваецца. Работа і зарплата — важна, але сям’я заўсёды думае, куды ўладкаваць дзіця, у якіх умовах яно будзе расці, якую адукацыю атрымае. Усе кадравыя пытанні вырашаюцца значна прасцей, калі ёсць школа.

Дырэктара падтрымлівае настаўнік Валерый Пячонкін:

— Наша мэта — пакінуць на гэтай зямлі гаспадароў. Калі будзе гаспадар, то будзе ў вёсцы школа, будзе ў людзей і на стале, і да стала. Дзеля гэтага і працуем. Каля 95% механізатараў, даярак, спецыялістаў у Барздоўцы  — нашы выпускнікі. Тры настаўнікі ў школе таксама нашы выхаванцы. Мы радуемся кожнаму іх поспеху.

Гісторыя роднай вёскі

Сапраўднай жамчужынай школы, ды і ўсёй Барздоўкі, з’яўляецца музей “Гісторыя роднай вёскі”. Больш як 30 гадоў настаўнікі разам з вучнямі збіраюць для яго каштоўныя рэліквіі. Тут няма ніводнага муляжа, кожная рэч захоўвае ў сабе цэлую гісторыю, за кожнай — складаныя чалавечыя лёсы, беды і радасці жыцця старажытнай Барздоўкі. І такіх рэчаў, прынамсі, некалькі соцень.

Кіраўнік музея Валерый ПЯЧОНКІН: “Наша мэта — пакінуць на гэтай зямлі гаспадароў”.

Кіруе, а дакладней, жыве музеем настаўнік Валерый Георгіевіч Пячонкін. Шмат гадоў ён разам з вучнямі вывучае мінуўшчыну роднай вёскі. І, трэба сказаць, даследчыкам тут ёсць дзе разгарнуцца.

Першае дакументальнае сведчанне пра Барздоўку адносіцца да 1672 года. Адпаведныя звесткі адшукалі ў “Інвентары Дубровенскага графства”, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Беларусі ў Мінску. У другім дакуменце, які датуецца 1707 годам, напісана, што вёска Барздоўка была прададзена панамі Пацеевымі пад заклад у 500 бітых талераў пану Яну Баро­дзічу (кніга старажытных актаў знойдзена ў Дзяржаўным архіве Літвы). З “Атласа Могилевского наместничества” (1784 год) бачна, што тагачасную Барздоўку акружалі густыя лясы і пушчы.

У школьным музеі ёсць копіі ўсіх вядомых дакументаў XVIII—XX стагоддзяў, звязаных з гісторыяй вёскі, якія ўзяты з архіваў Мінска, Вільні, Санкт-Пецярбурга, Віцебска, Оршы. Тут сабрана калекцыя фільмаў па гісторыі Беларусі і Аршаншчыны; беражліва захоўваюцца запісы фальклорных песень, легенд і паданняў.

Экспазіцыя музея ўключае некалькі вялікіх раздзелаў. Першы — “Вёска ў канцы XIX — пачатку XX ст.”.

Калекцыя прылад працы, ручнікоў, глінянага посуду ўражвае. Усё гэтае багацце калісьці вырабілі і актыўна выкарыстоўвалі ў побыце жыхары Барздоўкі — прадзеды і прабабулі сённяшніх школьнікаў. Ці не таму дзеці так любяць пры­ходзіць у стылізаваную хату з печчу, дзежамі і газніцамі пад столлю? Рэчы тут не выглядаюць экспанатамі: здаецца, толькі што іх трымалі ў цёплых руках і ненадоўга пакінулі, каб зрабіць штосьці іншае па гаспадарцы.

Дырэктар школы Наталля ЛІПІНСКАЯ: “Сям’я заўсёды думае, куды ўладкаваць дзіця, у якіх умовах яно будзе расці, якую адукацыю атрымае. Усе кадравыя пытанні ў гаспадарцы вырашаюцца значна прасцей, калі ёсць школа”.

— Мы шмат чаго захавалі, — гаворыць Валерый Георгіевіч. — Зараз старыя хаты сыходзяць у нябыт, многага з гэтага ўжо і не знойдзеш. А 30 гадоў назад на гарышчах, у павецях было мноства старадаўніх рэчаў. Дзякуючы той працы і маем цяпер такі цудоўны музей — сапраўдную энцыклапедыю  вясковага побыту.

Асобна ў музеі прадстаўлены абразы і духоўная літаратура ХІХ стагоддзя. Прыцягвае ўвагу нумізматычная калекцыя розных часоў і рознай вартасці.

— На тэрыторыі нашай школы калісьці была вінная крама (гэта пацверджана дакументальна), — тлумачыць Валерый Пячонкін. — Барздоўка стаіць на шляху паміж Оршай і Горкамі, таму не толькі вяскоўцы, але і падарожнікі часта наведваліся ў краму. Натуральна, што, падпіўшы, многія гублялі грошы. Мы і дагэтуль знаходзім на тэрыторыі школы старадаўнія манеты.

Вялікі раздзел музея прысвечаны землякам — героям вайны і працы.

— Наш свяшчэнны абавязак — расказаць пра гэтых людзей іх унукам і праўнукам, — кажа Валерый Георгіевіч. — Няма каму ўжо займацца гэтым, акрамя музеяў. Але калі мы лічым сябе нармальнымі людзьмі, то павінны захоўваць памяць, інакш нічога не застанецца, вырвем свае карані.

І школьнікі вывучаюць старонкі далёкай гісторыі — ужо не толькі Барздоўкі, але і навакольных вёсак. Нават цяпер, праз 75 гадоў пасля вайны, аднаўляюць падзеі тых часоў, адшукваюць фотаздымкі, вяртаюць напаўзабытыя імёны.

Яшчэ адзін музейны раздзел — “Летапіс школы”. Нездарма сюды любяць заходзіць былыя выпускнікі — кожны знойдзе нейкія згадкі пра свой клас.

Ёсць дакумент, паводле якога школа ў Барздоўцы працуе з 1889 года, а значыць, сёлета ёй споўнілася 130 гадоў. Адзначылі і яшчэ адзін юбілей — 50 гадоў з дня першага выпуску сярэдняй школы.

Валерый Пячонкін паказвае званок, які на працягу многіх гадоў клікаў барздоўскіх дзяцей на ўрокі. Ужо ніхто не памятае, калі ён з’явіўся ў школе (Валерый Георгіевіч таксама з гэтым званком ішоў у 1 клас). Ад часу метал знасіўся, і па бліскучай паверхні пабегла трэшчына — цудоўнаму металічнаму звону давялося назаўсёды саступіць месца электрычнаму званку. Але яго гісторыя на гэтым не скончылася, цяпер ён жыве ў музеі і з’яўляецца адным з любімых экспанатаў школьнікаў і выпускнікоў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ірыны ІВАШКА.