Бацькі чытаюць дзецям

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Лепшымі сябрамі чалавека ў ХХІ стагоддзі з’яўляюцца ўжо не кнігі, як было раней, а камп’ютар і інтэрнэт. З імі праводзяць вольны час многія сучасныя дзеці. Чытанне выцясняецца электроннымі сродкамі масавай камунікацыі, з-за чаго моладзь амаль не ведае мастацкую літаратуру.

Бібліятэкары не стаяць у баку ад гэтай актуальнай праблемы, актыўна шукаюць шляхі яе вырашэння. У нашай школьнай бібліятэцы назапашаны вялікі вопыт работы з чытачамі. У арсенале бібліятэкараў шмат цікавых форм эфектыўнага ўзаемадзеяння з вучнямі, якія дапамагаюць далучаць іх да чытання.

З мэтай папулярызацыі кніг сярод школьнікаў і павышэння аўтарытэту людзей, якія шмат чытаюць, штомесяц у трэцюю суботу праводзіцца акцыя “Бацькі чытаюць дзецям”. Сумесныя заняткі вучняў і іх бацькоў у школе добра аб’ядноўваюць, дазваляючы вырашаць розныя выхаваўчыя праблемы.

Бібліятэкары вызначаюць тэматыку кожнай сустрэчы, падбіраюць адпаведную літаратуру, рыхтуюць тэматычныя віктарыны-прэзентацыі. Прыемна, што бацькі заўсёды ахвотна адгукаюцца на прапановы бібліятэкараў: чытаюць дзецям невялікія апавяданні, абмяркоўваюць іх разам, разважаюць пра важныя маральныя каштоўнасці і чалавечыя якасці.

Для вучняў няма лепшага прыкладу, чым прыклад мам і татаў. Калі дзеці бачаць, што чытаюць іх бацькі, то таксама возьмуць у рукі кнігу, прычым не для таго, каб толькі пагартаць старонкі і паглядзець карцінкі, а каб найперш прачытаць яе.

Кожнае мерапрыемства бібліятэкары імкнуцца зрабіць яркім, цікавым, эмацыянальным і пазнавальным. Па добрай традыцыі сустрэчы завяршаюцца сумесным разыгрываннем невялікіх інтэрактыўных казак-экспромтаў.

Вольга КАШЧАНОК,
бібліятэкар сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.