Бацькоўская субота

- 14:06Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Ганцавіччыны стала добрай традыцыяй праводзіць шосты школьны дзень усёй сям’ёй. Кожная трэцяя субота месяца абвешчана бацькоўскай. Гэта стала вынікам пошуку найбольш эфектыўных форм узаемадзеяння з бацькоўскай грамадскасцю з улікам запытаў часу і асаблівасцей рэгіёна. 

Не сакрэт, што сённяшнія бацькі даволі часта зводзяць зносіны з дзецьмі да мінімуму, апраўдваючыся вялікай занятасцю на рабоце і перагружанасцю дамашнімі справамі. Замест жывых зносін дзеці праводзяць час у сацыяльных сетках і за камп’ютарнымі гульнямі. Паказаць карысць сумеснага адпачынку, навучыць разумець індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці дзіцяці для пошуку шляхоў вырашэння складаных жыццёвых сітуацый — такія асноўныя задачы бацькоўскіх субот.
У кожнай навучальнай установе гэты дзень праводзіцца па-рознаму: спартыўна-масавыя мерапрыемствы, калектыўныя творчыя справы, інтэлектуальныя турніры, кансультацыі спецыялістаў, сумесныя паходы і экскурсіі, пасяджэнні бацькоўскіх клубаў. Незалежна ад форм работы бацькоўскія суботы цалкам сябе апраўдваюць.
Адна з цікавых бацькоўскіх субот адбылася нядаўна ў Раздзялавіцкай і Хатыніцкай сярэдняй школе. Гэты дзень запомніўся вучням і іх бацькам захапляльнымі майстар-класамі, змястоўнай канцэртна-гульнявой праграмай педагогаў і выхаванцаў раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, цёплай і даверлівай атмасферай бацькоўскай гасцёўні.
Непадробленую цікавасць у бацькоў і вучняў сярэдняй школы № 3 Ганцавіч выклікала акцыя “Бацькі чытаюць дзецям”, праведзеная ў бібліятэцы. Мамы і таты выхаванцаў Круговіцкай, Малькавіцкай сярэдняй школы і Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы спаборнічалі з дзецьмі ў хуткасці, спрытнасці і фізічнай падрыхтоўцы падчас спартландый. Сапраўдным сямейным святам стаў круглы стол “Мая сям’я — мая радасць!” у Агарэвіцкай сярэдняй школе. Кампетэнтныя кансультацыі і трэнінгавыя заняткі з удзелам педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў наведалі бацькі вучняў гімназіі, сярэдніх школ №№ 2 і 3 Ганцавіч. А ў сярэдняй школе № 1 Ганцавіч прайшоў майстар-клас для вучняў і іх бацькоў “Выкладанне англійскай мовы шляхам тэатралізацыі” з удзелам валанцёра — носьбіта замежнай мовы.
Навучальны год напоўнены радаснымі хваляваннямі і адкрыццямі, сустрэчамі і нечаканасцямі. Можна не сумнявацца, што бацькоўскія суботы стануць аднымі з яркіх падзей не толькі ў гісторыі ўстаноў адукацыі, але і ў жыцці кожнай сям’і, якая наведала школу ў гэты дзень.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела
адукацыі,спорту і турызму
Ганцавіцкага райвыканкама.