Беларусь — роўная сярод роўных

- 15:02Якасць адукацыі

Улічваючы тое, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца раўнапраўным членам Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, дэлегацыя Міністэрства адукацыі нашай краіны пад кіраўніцтвам міністра адукацыі І.В.Карпенкі прыняла ўдзел у канферэнцыі міністраў па пытаннях развіцця Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і форуме палітыкі Балонскага працэсу, якія праходзілі ў сталіцы Французскай Рэспублікі — Парыжы. Усяго ў мерапрыемствах прынялі ўдзел 48 еўрапейскіх краін. Каментарыі пра гэтую падзею прадаставіла нашай газеце прэс-служба Міністэрства адукацыі.

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка выступіў з дакладам па праблемах рэалізацыі Балонскага працэсу. У прыватнасці, Ігар Васільевіч адзначыў: “Беларусь як самы малады член Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі значна пазней далучылася да яе, таму перад намі паўстала неабходнасць адначасовага вырашэння тых задач, якія іншыя ўдзельнікі вырашалі паступова. У гэтых умовах, арганізоўваючы работу па імплементацыі дарожнай карты, мы ў поўнай меры адчулі ролю і значэнне прапанаванага цяпер падыходу. Дзякуючы агульным намаганням, мы ініцыіравалі істотныя рэформы, выбудавалі стратэгію далейшага руху наперад”.

Сёння назіраецца пэўны прагрэс у імплементацыі асобных прынцыпаў і інструментаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў нацыянальнай сістэме адукацыі. Падрыхтаваны праект Нацыянальнай рамкі кваліфікацый вышэйшай адукацыі (BelQF). Для ацэнкі працаёмістасці адукацыйнага працэсу выкарыстоўваецца нацыянальная сістэма заліковых адзінак (крэдытаў), узгодненая з Еўрапейскай сістэмай пераводу крэдытаў (ECTS). Акрамя таго, рэалізуецца зацверджаны галіновым міністэрствам рабочы план па распрацоўцы незалежнай сістэмы забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Студэнты прыцягваюцца да правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі.

На пасяджэнні канферэнцыі міністр адукацыі Беларусі прэзентаваў стратэгію развіцця вышэйшай школы на 2018—2020 гады, якую Міністэрства адукацыі распрацоўвала на падставе “Канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года”, адобраных Рэспубліканскім педагагічным саветам з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 23—24 жніўня 2017 года. Гэта было зроблена з той мэтай, каб больш дакладна вызначыць задачы, да вырашэння якіх галіновае міністэрства падышло ўшчыльную. Гэтыя задачы цесна звязаны паміж сабой, і іх рэалізацыя стане больш эфектыўнай і дакладнай, калі ў нашай краіны будзе магчымасць абапірацца на вопыт іншых краін, якія ўжо прайшлі падобны шлях, мінімізаваць магчымыя праблемы і памылкі, якія непазбежны на гэтым складаным шляху.

У адпаведнасці са стратэгічным планам у перыяд 2018—2020 гадоў прадугледжваюцца завяршэнне распрацоўкі Нацыянальнай рамкі кваліфікацый вышэйшай адукацыі, а таксама правядзенне працэдуры яе самасертыфікацыі, далейшая аптымізацыя тэрмінаў падрыхтоўкі ў сістэме вышэйшай адукацыі, удасканаленне практыкі дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі па вымярэнні вучэбнай нагрузкі студэнтаў у заліковых адзінках у адпаведнасці з удакладненым кіраўніцтвам па выкарыстанні ЕСПК (Еўрапейская сістэма перазаліку крэдытаў) і далейшае пашырэнне сферы выкарыстання нацыянальнай сістэмы заліковых адзінак, укараненне новых міжнародных працэдур унутранага забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі і распрацоўка нарматыўнага прававога забеспячэння дзейнасці незалежнага агенцтва па забеспячэнні якасці ў адпаведнасці са стандартам і кіраўніцтвам па забеспячэнні якасці ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ESG-2015).

Прадугледжваецца распрацоўка нарматыўнага прававога забеспячэння працэдуры прызнання папярэдняй адукацыі, укараненне лічбавага дадатку да дыплома, фарміраванне дадатковых прававых умоў для рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм і праграм з двайным дыпломам, а таксама для прадастаўлення замежным навучэнцам адукацыйных грантаў для навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, пашырэнне мер сацыяльнай падтрымкі выпускнікоў, у тым ліку тых, хто вучыўся на платнай аснове.

Стратэгія знаходзілася на сайце Міністэрства адукацыі, разглядалася на прэзідыуме савета рэктараў і на пашыраным пасяджэнні савета рэктараў, а таксама была прадстаўлена афіцыйнай беларускай дэлегацыяй на разгляд назіральнай групе па Балонскім працэсе ў Сафіі. Палажэнні стратэгіі знайшлі прававое замацаванне ў праекце Кодэкса аб адукацыі.

Іх сістэматызацыя дазволіць суаднесці задачы развіцця нацыянальнай вышэйшай школы ў рэспубліканскім і міжнародным кантэксце, сфарміраваць умовы для развіцця ў рамках Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі гнуткай нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, адаптаванай да зменлівых умоў, заснаванай на нацыянальна-культурных традыцыях, самабытнасці, уліку нацыянальных інтарэсаў, павышэнні канкурэнтаздольнасці.

Прапанаваная Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь стратэгія была ўхвалена ў нязменным выглядзе назіральнай групай па Балонскім працэсе. Аднак не ўсе палажэнні дарожнай карты былі выкананы. Прычынай стала тое, што трохгадовы тэрмін для ажыццяўлення сур’ёзных структурных змяненняў аказаўся недастатковым. Гэта, у сваю чаргу, было з разуменнем успрынята назіральнай групай па Балонскім працэсе. Еўрапейскія партнёры прызналі, што ні адна краіна, уключаючы і Беларусь, за 3 гады не здольна выканаць той аб’ём структурных змяненняў, які іншыя краіны выконвалі на працягу 17—18 гадоў.

Прапанаваная беларускім бокам стратэгія стала вынікам сумеснай работы Міністэрства адукацыі з групай AG2 (Advisory Group on Support for the Belarus Roadmap), якая выконвала кансультацыйную функцыю. Міністры адукацыі еўрапейскіх краін у сваіх выступленнях на канферэнцыі неаднаразова падкрэслівалі, што кожная краіна, якая ўваходзіць у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, мае ўласныя праблемы і трэба аб’ядноўваць свае намаганні, каб іх пераадолець шляхам узаемных кансультацый і ўзаемнага навучання.

Пры азнаямленні стратэгіі Беларусі ў канчатковай версіі парыжскага камюніке ўдзельнікі канферэнцыі падзялілі пазіцыю нашай краіны развіваць сваю сістэму вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з балонскімі прынцыпамі і з улікам нацыянальных інтарэсаў, захоўваючы прыхільнасць працаваць з замежнымі партнёрамі.

І.В.Карпенка, выступаючы на першым секцыйным пасяджэнні канферэнцыі, падтрымаў прапанаваны назіральнай групай па Балонскім працэсе падыход да сумеснага руху наперад, заснаваны на ўзаемападтрымцы і ўзаемакансультаванні, а таксама выказаў надзею, “што ў рэалізацыі стратэгічнага плана дзеянняў, прынятага Міністэрствам адукацыі і ўніверсітэцкай супольнасцю Беларусі, мы таксама зможам разлічваць на падтрымку і разуменне еўрапейскіх калег”. Выступленне нашага міністра атрымала адназначную падтрымку ўдзельнікаў канферэнцыі.

Праграма знаходжання дэлегацыі Міністэрства адукацыі Беларусі ў Французскай Рэспубліцы была насычанай. Міністр адукацыі прыняў удзел у шэрагу сустрэч і перамоў з міністрамі вышэйшай адукацыі розных краін і прадстаўнікамі вышэйшых навучальных устаноў Францыі. У ходзе сустрэч былі падпісаны мемарандумы паміж БДУ і Універсітэтам Бардо, БДУІР і Вышэйшай школай IMT Mines-Alés, дагавор аб намерах супрацоўніцтва паміж МДЛУ і Нацыянальным інстытутам моў і ўсходніх цывілізацый. І.В.Карпенка наведаў Універсітэт ПарыжСакле, вышэйшыя інжынерныя школы і правёў перамовы з іх кіраўніцтвам пра перспектывы інвестыцыйнага і навуковатэхнічнага супрацоўніцтва. Міністр адукацыі Беларусі азнаёміўся з матэрыяльнатэхнічнай базай і адукацыйнымі, навуковымі практыкамі функцыянавання вышэйшых школ і навуковадаследчых інстытутаў, якія ўваходзяць у структуру ўніверсітэта. Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у ганаровай цырымоніі з нагоды 20годдзя Сарбонскай дэкларацыі.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.