“Беларусьфільм” прадстаўляе

- 12:28Культура

Днямі спецыялісты Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” расказалі пра развіццё айчыннага кіно і анансавалі будучыя прэм’еры.

Сёлета адзначаецца 50-годдзе беларускай анімацыі, таму, па словах вядучага спецыяліста прадзюсарскага цэнтра “Беларусьфільма” Юрыя Ігрушы, да Дня беларускага кіно будуць паказаны фільмы залатой калекцыі айчыннай анімацыі. Юрый Віктаравіч нагадаў, што летам быў прадстаўлены мультфільм “263 ночы” рэжысёра Ірыны Тарасавай: “Гэта сумесны міжнародны праект Беларусі, Расіі і Ізраіля, заснаваны на рэальнай гісторыі 26 яўрэяў, якія спрабавалі выжыць у страшныя гады фашысцкай акупацыі і гета ў выкапаным імі падзямеллі на працягу 263 начэй”.

1 чэрвеня адбылася прэм’ера першага беларускага анімацыйнага мюзікла “Зоркі сёмага неба” Алены Туравай. “Прыгодніцкая гісторыя пра адвечную барацьбу дабра і зла, сілу мары, пра тое, як важна на шляху да высакароднай мэты не паддавацца падманам і спакусам. Фільм ужо выйшаў у айчынных кінатэатрах, зараз вядуцца перамовы наконт пракату ў іншых краінах, — сказаў Юрый Віктаравіч. — Яшчэ некалькі поўных метраў знаходзяцца ў распрацоўцы. Напрыклад, зараз спецыялісты працуюць над анімацыйнай стужкай “Песня Сірын”.

На экраны выйшла і беларуска-расійская ваенна-гістарычная драма “Лёс дыверсанта” рэжысёра Дзмітрыя Астрахана. Здымкі фільма пачаліся ў 2019 годзе і доўжыліся каля года. Карціна прысвечана подзвігам савецкіх падпольшчыкаў і партызан, якія змагаліся з нямецкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

“Восенню рыхтуецца да выхаду ў пракат гісторыка-прыгодніцкі фільм на беларускай і рускай мовах “Авантуры Пранціша Вырвіча” Аляксандра Анісімава. Заканчваецца работа над фільмам “Сляды апосталаў — 2” — гэта праект, да якога праяўляюць цікавасць замежныя каналы, у прыватнасці, з Расіі і Украіны. На пачатку восені на тэлеканале СТВ выйдзе доўгачаканы маладзёжны сітком “Ілюзіі” рэжысёра Івана Паўлава ў 8 серыях, такі сучасны праект даўно чакалі ад кінастудыі, — дадаў вядучы спецыяліст. — У канцы чэрвеня пачаліся здымкі ваеннага 8-серыйнага фільма “Полымя пад попелам” таксама І.Паўлава, у цэнтры якога — беларускія сапёры ў пасляваенны перыяд. Падзеі ў ім разгортваюцца адразу ў двух часавых перыядах: у 1945-м і ў сучасным. А яшчэ рэжысёр Ігар Чацверыкоў скончыў здымачную і мантажную работу над дэтэктывам “У пошуках анёла” — міні-серыяла ў 4 серыях. Зараз фільм здаецца і будзе планавацца да найбліжэйшага паказу”.

У гэтым годзе святкуюцца таксама 100-гадовыя юбілеі Івана Шамякіна і Івана Мележа, да якіх будуць прымеркаваны рэтраспектыўныя паказы з залатога фонду “Беларусьфільма”. “Што тычыцца залатога фонду айчыннага кіно, то вядзецца работа па алічбоўцы фільмаў з архіўных кінастужак, бо раней для іх аднаўлення не было тэхнічных магчымасцей, — патлумачыў Ю.Ігруша. — Нядаўна ў кінатэатрах прайшоў паказ адрэстаўраванага фільма “Канстанцін Заслонаў”, а зусім хутка выйдзе казка “Горад майстроў”. Рэстаўрацыйны кірунак сур’ёзна ўзбагачае фонд нашага кіно, дазваляе захаваць яго ў добрай якасці і данесці да гледача. Ёсць фільмы, якія ўжо даўно не бачылі экраны, а мы надаём ім другое жыццё”.

Юрый Віктаравіч звярнуў увагу, што актыўна развіваецца YouTube-канал кінастудыі, які нядаўна атрымаў сярэбраную кнопку, бо ў іх ужо больш за 450 тысяч падпісчыкаў: “Сёння ўжо звыш 150 млн праглядаў нашага канала. Кожны дзень дадаецца каля 1 тысячы падпісчыкаў. Дарэчы, па меры алічбоўкі на канал дадаюцца фільмы пасля рэстаўрацыі”.

Акрамя таго, сёлета Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” будзе займацца арганізацыяй XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. “Мы з павагай ставімся да папярэдняй каманды яго арганізатараў і будзем імкнуцца не страціць дасягнутага, — падкрэсліў Ю.Ігруша. — Тым не менш будуць дадатковыя крэатыўныя рашэнні, новыя імёны, фільмы. Мы з аптымізмам глядзім на будучы фестываль. Некаторыя кажуць, што фестываль знікае, але не, наадварот, ён атрымаў новую хвалю свайго развіцця”.

Нагадаем, фестываль “Лістапад” акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, на Кубе. “Днямі прайшлі перамовы з FIAPF, яны нас, як і раней, падтрымліваюць, — паведаміў вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра. — Мы захаваем усе конкурсы, і індустрыяльную платформу, і “Лістападзік”. Да нас вельмі хочуць прыехаць з “Балівуда”, і кітайцы, і казахі, і, канечне, расіяне, і г.д. Пакуль папярэдне фестываль мы плануем правесці з 20 па 26 лістапада”.

І яшчэ адна яркая падзея “Беларусьфільма” — юбілейная выстава мастака-пастаноўшчыка і дэкаратара кінастудыі Івана Рагаценя, якая адкрылася 10 жніўня ў Музеі гісторыі беларускага кіно. У экспазіцыі прадстаўлены чарнавыя эскізы і працоўныя чарцяжы дэкарацый мастака, кадры і фрагменты з фільмаў з ужо гатовымі аб’ектамі, а таксама аўтарскія малюнкі і графіка — вынікі дзіцячага захаплення маляваннем, якое Іван Рагацень пранёс праз усё жыццё.

Іван Рагацень — знакаміты мастак-пастаноўшчык і дэкаратар, які працуе на кінастудыі з 1968 года, калі пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута ён быў уключаны ў творчую групу кінакарціны “Мы з Вулканам” у якасці асістэнта мастака. За сваю 50-гадовую кар’еру ён стварыў дэкарацыі больш чым для 35 разнастайных па тэматыцы і жанрах фільмаў і серыялаў. Але асабліва дарагія яму тыя з іх, дзе даводзілася аднаўляць гісторыю: “Я, Францыск Скарына…” (1969), “Магіла льва” (1971), “Вянок санетаў” (1976), “Полымя” (1974), “Час яе сыноў” (1974), “Шляхціц Завальня” (1994), “У жніўні 44-га” (2001), а таксама “Вольф Месінг” (2009) і “Угрум-рака” (2020).

— Для падрыхтоўкі да выставы прыйшлося перагледзець увесь архіў, я ўспомніў 50 гадоў свайго творчага жыцця, як пачынаў з дзіцячага кіно ў 1968 годзе. Па спецыяльнасці я архітэктар, таму складанасцей з дэкарацыямі не было, — узгадаў майстар. — Пасля мне прапанавалі вялікі гістарычны праект “Я, Францыск Скарына…”, дзе былі складаныя дэкарацыі чыста тэхнічна ў тыя часы. Далей — шэраг не менш цікавых работ, праўда, некаторыя фільмы, для якіх рабіў афармленне, так і не паглядзеў.

Госці выставы змогуць зазірнуць у творчую лабараторыю мастака кіно, на канкрэтных вобразах прасачыць шлях ад задумы да рэалізацыі ідэі. “Экспазіцыя атрымалася маштабнай і мае вялікую каштоўнасць, таму што сабраны ўсе матэрыялы з гісторыі беларускага кіно, — пракаменціраваў Юрый Ігруша. — Мы дамовіліся, што потым выстава перамесціцца з Музея кіно на “Беларусьфільм” і будзе пастаяннай экспазіцыяй”.

Іван Рагацень падкрэсліў, што за пяць дзясяткаў паспеў папрацаваць з многімі мэтрамі беларускага і расійскага кіно: “Я працаваў і ведаў усіх мастакоў, усіх аператараў, сябраваў са многімі акцёрамі і рэжысёрамі, а некаторыя карціны нават выратаваў”. Сапраўды, скрупулёзнасць таленавітага мастака-пастаноўшчыка высока ацанілі многія вядучыя кінарэжысёры, якія ахвотна запрашалі яго ў свае праекты, а менавіта: Барыс Сцяпанаў, Леў Голуб, Валерый Рубінчык, Віталь Чацверыкоў, Віктар Тураў, Вячаслаў Нікіфараў, Міхаіл Пташук, Уладзімір Краснапольскі, Юрый Мароз і іншыя.

Выстава “50 гадоў у кіно” будзе экспанавацца да 31 верасня.

Вольга АНТОНЕНКАВА.