Беларускі вопыт запатрабаваны ва Узбекістане

- 11:18Вышэйшая школа

У Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Нізамі (Узбекістан) пачаў работу сумесны Беларуска-ўзбекскі адукацыйны цэнтр.

Як паведамілі ў прэс-службе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, згаданы цэнтр стане пляцоўкай для развіцця і ўмацавання беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і культуры. У найбліжэйшых планах — рэалізацыя сумеснага навукова-адукацыйнага праекта “Ураджэнцы Узбекістана ў партызанскім руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра рэктар БДПУ Аляксандр Жук перадаў рэктару ташкенцкага ўніверсітэта Шаўкату Шарыпаву копіі асабістых спраў і ўзнагародных лістоў ураджэнцаў Узбекістана, якія змагаліся за вызваленне беларускай зямлі.

Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб стварэнні на базе ТДПУ сумеснага з БДПУ факультэта інавацыйнай педагогікі. Падрыхтоўка студэнтаў па сумеснай адукацыйнай праграме пачнецца ўжо ў гэтым навучальным годзе, і першай стартуе спецыяльнасць “Лагапедыя”.

Таксама падпісана пагадненне аб сумеснай падрыхтоўцы на II ступені вышэйшай адукацыі. Узаемадзеянне будзе рэалізоўвацца ў сеткавай форме па спецыяльнасцях “Інклюзіўная адукацыя” і “Карэкцыйная педагогіка”.

Дарэчы, ТДПУ — не адзіны адукацыйны партнёр БДПУ ва Узбекістане. У рамках візіту беларускай дэлегацыі ў гэтую краіну адбылося падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і Сінгапурскім інстытутам развіцця менеджменту ў Ташкенце. Аналагічная дамова заключана і з Міжнародным універсітэтам турызму “Шаўковы шлях” (Самарканд). Абедзве нацэлены на супрацоўніцтва ў адукацыйна-турыстычнай сферы.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ.