Прызнаны цымбаліст Беларусі Яўген Гладкоў разам з ансамблем “Лілея” Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў хуткім часе будзе святкаваць 50-годдзе калектыву. Яўген Пятровіч стварыў “Лілею”, калі сам быў студэнтам і вучыўся майстэрству ігры на цымбалах у першага беларускага цымбаліста-прафесіянала і педагога Іосіфа Жыновіча.
Сёння Яўген Гладкоў ужо не студэнт кансерваторыі, а прафесар, загадчык кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў факультэта народных інструментаў, народны артыст Беларусі, старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў. Яўген Пятровіч ганарыцца, што яму і яго калегам удалося не толькі захаваць цымбальную школу ў нашай краіне, але і зрабіць яе вядомай ва ўсім свеце. Разам са сваімі вучнямі з “Лілеі” ён збіраецца паказаць на юбілейным канцэрце, наколькі прафесійна можна выконваць любую музыку, у тым ліку класічную і сучасную, на беларускіх цымбалах.
— Яўген Пятровіч, з чаго пачалася “Лілея”?
— Яшчэ калі я быў на чацвёртым курсе кансерваторыі, мой настаўнік Іосіф Іосіфавіч Жыновіч прапанаваў мне работу на кафедры: весці невялічкі ансамбль цымбалістаў. Гэта было ў 1966 годзе. Сёння ансамбль носіць назву “Лілея” і налічвае 9 чалавек, самых лепшых студэнтаў факультэта народных інструментаў. Я застаюся яго нязменным кіраўніком 50 гадоў. Зараз мы рыхтуемся да юбілейнага выступлення ў філармоніі, канцэрт мае адбыцца 27 красавіка.Трэба сказаць, што на працягу свайго існавання студэнцкі ансамбль “Лілея” ўдзельнічаў у сусветных кангрэсах цымбалістаў у Браціславе (Славакія, 1995), Магілёве (Беларусь, 1997), Кішынёве (Малдова, 1999), Апенцэле (Швейцарыя, 2003), а таксама ў Міжнародным фестывалі ў Мюнхене (Германія, 1999). У маі 2010 года ансамбль стаў дыпламантам Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі “Растоўскія прэм’еры”. У 2011 годзе атрымаў найвышэйшую ўзнагароду на Міжнародным фестывалі-конкурсе музыкі, мастацтва і фальклору ў Беластоку (Польша). Дасягненнем музычнага калектыву стала паспяховае выступленне і атрыманне 3 прэміі на ІІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе “Класіка на вуліцах горада”, які праходзіў у 2012 годзе ў швейцарскіх гарадах Бад Рагац і Маенфельд. Ансамбль з поспехам гастраляваў у Расіі, Украіне, краінах Прыбалтыкі і Еўропы.
— Сярод не дасведчаных у музыцы людзей ёсць тыя, хто лічыць, што народныя інструменты не для вялікай сцэны. А як на самай справе?
— Гэта ўстарэлы погляд на народныя інструменты. Сапраўды, цымбалы — дыятанічны інструмент, у якога першапачаткова не хапала ўсіх гукаў, якія б дазвалялі іграць любую музыку, у тым ліку напісаную сучаснымі кампазітарамі. І яны былі прызначаны для выканання народных мелодый. Аднак сёння студэнты акадэміі музыкі іграюць на цымбалах Баха, Бетховена, Вівальдзі, Моцарта, Чайкоўскага, Шастаковіча і іншых класікаў. Не цураюцца яны і сучасных кампазіцый. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што цымбалы сталі акадэмічным інструментам. Тое ж самае можна сказаць і пра домру, і пра балалайку. Усе яны былі ў свой час рэканструяваны. Таму я параіў бы людзям хадзіць на канцэрты, а не сцвярджаць галаслоўна, што народныя інструменты — гэта ўчарашні дзень.
— А як вы зацікавіліся народнымі музычнымі інструментамі?
— Як і многія артысты майго ўзросту, я выйшаў з самадзейнасці, дзе на слых навучыўся іграць на балалайцы, домры, мандаліне. Дома ў нас былі гітара і акардэон. Гітару я асвойваў разам з бацькам, а акардэон — з братам. Аднак, калі ўпершыню ўбачыў на гомельскай сцэне аркестр цымбалістаў пад кіраўніцтвам самога Іосіфа Жыновіча, адразу запісаўся ў спецыяльны гурток. Памятаю, што першай п’есай, якую я навучыўся іграць на цымбалах, быў беларускі “Крыжачок”. У хуткім часе разам са сваім першым педагогам пачаў даваць канцэрты. Ён іграў на вялікіх цымбалах “Альт”, а я — на маленькіх “Прыма”. Так цымбалы сталі тым інструментам, якому я аддаў перавагу перад іншымі і які прывёў мяне ў клас Іосіфа Жыновіча.
Жыновіч заўважыў мяне, калі я вучыўся ў Гомельскім музычным вучылішчы імя Н.Ф.Сакалоўскага, дзе ён часта даваў свае майстар-класы. Аднойчы, пачуўшы мяне, ён так і сказаў сваім мінскім калегам: “Гэты будзе іграць!” Так і выйшла: на другім і чацвёртым курсе навучання ў вучылішчы я станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх музычных конкурсаў.
А потым, у 1963 годзе, трапіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В.Луначарскага ў клас Іосіфа Іосіфавіча Жыновіча. І з таго часу пачалася наша з ім непасрэдная работа на факультэце, якая працягнулася падчас асістэнтуры-стажыроўкі, а потым на кафедры народных інструментаў, якую доўгі час ўзначальваў мой настаўнік.
— Кім для музычнай суполкі быў у той час Іосіф Жыновіч?
— Гэта музыкант, які стаяў ля вытокаў акадэмічнай адукацыі, вызначаў палітыку цымбальнай справы не толькі на факультэце, але і ў цэлым у Беларусі. Разам са сваімі аднадумцамі ён здолеў рэканструяваць цымбалы і прыстасаваць іх да выканання любой, нават самай складанай, музыкі. Так з’явіўся ўдасканалены варыянт цымбалаў, у якім прысутнічала поўная храматычная гама гукаў пэўнага дыяпазону. Іосіф Жыновіч змог выконваць на такім інструменце складаныя мелодыі, напісаныя для фартэпіяна, скрыпкі, для духавых і іншых інструментаў. Дзякуючы яму і яго аднадумцам, быў створаны дзяржаўны аркестр народных інструментаў. Сёння ён называецца Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь і носіць імя І.І.Жыновіча.
— Кафедру струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў я ўзначаліў у 1980 годзе, калі яна была вылучана з кафедры народных інструментаў, якой да 1974 года загадваў Іосіф Жыновіч.
Мая педагагічная кар’ера складвалася паступова. Спачатку быў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, затым дацэнтам, пазней заслужаным артыстам БССР, прафесарам, а потым народным артыстам Беларусі. Рэгалій спецыяльна ніколі не дабіваўся. Мне проста падабалася іграць на цымбалах, падабалася рыхтаваць сваіх вучняў да музычных конкурсаў. А калі яны вярталіся з перамогай, то адчуваў вялікую радасць!
— Да ўсяго ў вас заўсёды была насычаная канцэртная дзейнасць. Наколькі важнымі былі для вас выступленні перад публікай?
— Як саліст я штогод даваў каля 100 канцэртаў не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама за мяжой. Акрамя музычнай класікі іграў шмат твораў беларускіх кампазітараў: Віктара Войціка, Сяргея Картэса, Уладзіміра Дарохіна, Андрэя Мдзівані, Валерыя Іванова, Леаніда Захлеўнага, Уладзіміра Кур’яна, Дзмітрыя Смольскага, Генрыха Вагнера, Юрыя Семянякі і іншых. Кампазітарам падабалася маё выкананне, і таму яны прыносілі мне ўсё больш і больш новых твораў. Вось і наш дэкан, кампазітар Уладзімір Каральчук, тры гады назад спецыяльна для мяне напісаў музычную кампазіцыю “Востраў”.
— Вы стварылі ўласную “Школу ігры на цымбалах”. Чым яна адрозніваецца ад іншых школ?
— У маёй школе дапоўнены асноўныя палажэнні “Школы ігры на беларускіх цымбалах” Іосіфа Жыновіча. Напрыклад, больш падрабязна апісана размяшчэнне рукі на інструменце: як павінна рухацца кісць, дзе павінны знаходзіцца пальцы і г.д. У той час як мой настаўнік раіў выканаўцу вольна сядзець перад інструментам, у сваёй “школе” я папярэдзіў, што плячо не павінна знаходзіцца ў прыўзнятым стане, бо гэта можа прывесці да заціскання ўсёй рукі. Калі раней прыём “трэмала” (хуткае шматразовае паўтарэнне аднаго або двух гукаў шляхам чаргавання ўдараў малаточкаў) цымбалісты выконвалі толькі правай рукой, то я прапанаваў паспрабаць гэта рабіць і левай рукой таксама, і г.д.
Прызнаюся, сёння мне шкада, што я не паспеў напісаць дысертацыю. Не хацелася праседжваць час у бібліятэцы. Часцей іграў на цымбалах, бо гэта не толькі лепш за ўсё атрымлівалася, але і прыносіла асалоду.
— Вы выхавалі шмат вучняў, імёны якіх у многіх на слыху. Ці ёсць у вашых вучняў гучныя перамогі?
— Я навучыў іграць на цымбалах каля 60 студэнтаў. Многія з іх працуюць цымбалістамі ў Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча. Яго дырыжор Міхаіл Анатольевіч Казінец не дасць схлусіць, што іх прафесіяналізму можна пазайздросціць.
Я ганаруся сваімі вучнямі. Сярод іх заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ларыса Рыдлеўская, лаўрэат міжнародных конкурсаў Алёна Варанцова, лаўрэат 9 міжнародных і 3 рэспубліканскіх конкурсаў Вераніка Прадзед, Святлана Загуменкіна, якая ў 1994 годзе перамагла на II Міжнародным конкурсе “Кубак Поўначы” ў Чарапаўцы (Расія). Студэнт другога курса Дзмітрый Калаціла яшчэ першакурснікам заваяваў залаты медаль X маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД у намінацыі “Народныя інструменты (цымбалы)”. Студэнтка першага курса Ганна Лоб стала лаўрэатам ІІ прэміі ў шостай узроставай катэгорыі на Міжнародным конкурсе выканаўцаў на гуслях і шматструнных бязгрыфных інструментах “Кубак Падмаскоўя”, які праводзіўся ў 2015 годзе ў Пушкіне (Расія, Маскоўская вобласць). Хацеў бы назваць яшчэ Ірыну Марозаву, Лідзію Куксік, Надзею Каракулька, Юлію Кузьменка і іншых.
— Цымбалы сталі сімвалам Беларусі. Тым не менш гэты нацыянальны музычны інструмент перажывае крызіс…
— Калі беларускую цымбальную школу лічаць найвышэйшай у свеце, значыць, яна на самай справе нечага вартая. Аднак замежныя калегі гавораць: “Якія ў іх выдатныя выканаўцы, і які ў іх дрэнны інструмент!” Вось і атрымліваецца, што выканаўцы ёсць, а іграць ім няма на чым. Дробныя вытворцы музычных інструментаў або саматужнікі, як іх яшчэ называюць, спрабуюць выправіць сітуацыю, аднак пакуль не здольны вырабіць якасныя па гучанні цымбалы. Усё ж мы спадзяёмся, што з цягам часу ў іх атрымаецца добры інструмент. Пакуль жа цымбалы, якія вырабляліся для масавага выпуску на Барысаўскай фабрыцы музычных інструментаў да моманту яе ліквідацыі ў 2006 годзе, карыстаюцца сярод музыкантаў большай папулярнасцю, чым новыя. Студэнты спрабуюць іх рамантаваць. Аднак якасць старых інструментаў з кожным годам пагаршаецца. Трэба парадавацца, што наш талент дазваляе выконваць музыку на самым высокім узроўні на гэтых не зусім якасных цымбалах.
Я калісьці патраціў шмат часу, змагаючыся за тое, каб не закрывалі знакамітую “піянінку” ў Барысаве, дзе знаходзіўся цэх па вырабе беларускіх цымбал. Мы нават прапаноўвалі стварыць невялічкую лабараторыю па іх выпуску ў іншым месцы. Аднак наша ініцыятыва не атрымала падтрымкі. Нам было сказана, што ў карыстанні ў насельніцтва знаходзіцца каля 3 тысяч цымбал, якія пры неабходнасці можна будзе адрамантаваць. А новая вытворчасць будзе нерэнтабельнай, таму ствараць яе не мае сэнсу…
Аднак такіх цымбал, на якіх іграюць у Беларусі, за мяжой не купіш. У кожнай краіне існуе свой падобны інструмент. У немцаў гэта “хэгбрэт”, у венграў — “цымбалом” з доўгімі палачкамі, у кітайцаў — “янь-чынь”, ва ўсходніх народаў — “сантур” і г.д. Гэтыя інструменты чымсьці падобныя да нашых, але іншыя па гучанні і патрабуюць іншай тэхнікі выканання музычных твораў.
— Права змагацца за цымбалы дала вам пасада старшыні Асацыяцыі цымбалістаў. Наколькі яна для вас важная?
— Стаўлюся да яе даволі сур’ёзна, калі ўлічыць, што справаздачна-выбарная канферэнцыя асацыяцыі заўсёды праходзіла на Рэспубліканскім фестывалі “Срэбны звон цымбалаў” у Маладзечне. Перавага нашага фестывалю перад міжнароднымі ў тым, што сюды можа трапіць больш выканаўцаў музыкі на цымбалах з усіх куткоў Беларусі. Напрыклад, толькі для выканаўцаў Мінскай вобласці, як салістаў, так і ансамбляў, мы даём 10 месцаў. У нас няма дыпломаў І або ІІ ступені, ёсць толькі дыплом за паспяховае выступленне на фестывалі, які з’яўляецца напамінам пра свята цымбалаў. Аднак калектывы і салісты, якія прызнаны найбольш паспяховымі на фестывалі “Срэбны звон цымбалаў” і таму выступілі на заключным канцэрце, вельмі шануюцца ў сваіх школах і каледжах.
Ганна ЛАГУН.
Фотаздымак з архіва музыканта.