Будучыня — у міры і добрасуседстве

- 12:23Навіны рэгіёнаў

На Гарадоччыне адбыўся І злёт юных пасланнікаў міру

У форуме, які адкрыўся на базе загараднага аздараўленчага лагера “Арыён”, прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, кіраўнікі абласной і мясцовай выканаўчай улады, грамадскіх арганізацый Беларусі, Расіі і Японіі, педагогі і навучэнцы старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай і Маскоўскай абласцей; арганізатарамі выступілі Віцебскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Гарадоцкі райвыканкам і аддзел па адукацыі Гарадоцкага райвыканкама.


Насычаная трохдзённая праграма злёту ўключала мноства мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай тэмай “Шчасце жыць у мірнай краіне”, у тым ліку адкрыццё Алеі Сяброўства, навукова-практычную канферэнцыю “Вайна ў лёсе маёй сям’і” (да якой, дзякуючы інтэрнэт-сувязі, далучыліся яшчэ і навучэнцы з расійскага горада Бабаева), тэматычную фотасушку, інтэлектуальную гульню “Дзеці міру”, наведванне месцаў баявой і воінскай славы. Кульмінацыяй урачыстасцей стала адкрыццё першай на Віцебшчыне “школы міру” на базе сярэдняй школы № 1 Гарадка.

— У першую чаргу наша ініцыятыва прадугледжвае выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму, салідарнасці, узаемадапамогі, умення кантактаваць з равеснікамі з іншых краін, прапагандуючы ідэі гуманізму, міру і бяспекі, — расказала кіраўнік Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава. — “Школа міру” будзе працаваць у такіх напрамках, як аказанне валанцёрскай дапамогі ветэранам вайны і працы, удзел у добраўпарадкаванні і рэканструкцыі воінскіх пахаванняў, пошукавая работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны. Урачыстае пасвячэнне ў міратворцы сёння прайшлі 20 навучэнцаў. Яны — толькі першыя ластаўкі: жаданне далучыцца да праекта і адкрыць у сябе “школы міру” выказалі Мёры, Глыбокае, Шаркаўшчына. Спадзяюся, нашы дзеці сваімі маладымі сэрцамі змогуць пераканаць дарослых у тым, што час спыніць войны, трэба жыць у мірным свеце, вырашаць пытанні бесканфліктна.

Пра неабходнасць быць разам у справе ўмацавання міру ў наш няпросты час, калі па ўсім свеце грымяць стрэлы, гаварыў з юнымі міратворцамі Уладзімір Цярэнцьеў.

— Мы памятаем гісторыю, якая нас аб’ядноўвае, а таксама разумеем, што будучыня — у міры, добрасуседстве і памяці пра тых людзей, якія загінулі, абараняючы нашы землі ў гады вайны, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. — Восенню Віцебшчына пачынае святкаваць 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: у кастрычніку знамянальную дату адзначыць Лёзна, у снежні — Гарадоцкі раён. Таму, я лічу, невыпадкова, што менавіта на нашай зямлі стартаваў маштабны праект па патрыятычным выхаванні моладзі, які набывае міжнароднае значэнне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.