Будзем разам з бібліятэкай!

- 13:20Апошнія запісы, Культура, Рознае

Універсітэцкая бібліятэка… Не памылюся, калі скажу, што для кожнага студэнта, які з першых дзён вучобы паставіў сабе мэту стаць прафесіяналам па той ці іншай спецыяльнасці, гэта сакральнае месца ва ўніверсітэце. Тут, у бібліятэцы, ён, як нідзе выразней, можа адчуць нябачную повязь са сваімі папярэднікамі, студэнтамі і выкладчыкамі сваёй альма-матар мінулых пакаленняў, гартаючы тыя ж кнігі, якія гарталі і яны дзесяць, дваццаць і пяцьдзясят гадоў назад. Тут, у бібліятэцы, студэнт ці не ўпершыню ў сваім жыцці ўваходзіць у паўнацэнную ролю даследчыка, арыгінальнага інтэрпрэтатара тых навуковых ідэй, якія былі вынайдзены да яго. Нарэшце, тут жа, ва ўніверсітэцкай бібліятэцы, дзякуючы найноўшым бібліятэчным тэхналогіям, студэнцкі розум становіцца неад’емнай часткай агульнай “наасферы” ўніверсітэта — гэтага бясконцага і бясконца разумнага лабірынта навуковых гіпотэз і доказаў, метадычных напрацовак і практычных вынікаў…
Сёння, калі мы адзначаем 100-годдзе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, мы не забываем, што і бібліятэка ўніверсітэта прайшла той жа 100-гадовы шлях сваёй гісторыі.

Праўда, аб развіцці бібліятэкі БДПУ ў даваенныя гады вядома не дужа многа. Архіўныя дакументы захавалі толькі асобныя звесткі, напрыклад, тое, што ў 1934 годзе ў бібліятэцы налічвалася 105 923 экзэмпляры кніг. (Для параўнання: сёння бібліятэчны фонд складае звыш 1 500 000 асобнікаў вучэбных, вучэбна-метадычных, навуковых, нарматыўна-тэхнічных, даведачных і іншых выданняў.)
А вось самае неверагоднае, што ўражвае, калі пачынаеш знаёміцца з пасляваеннай гісторыяй універсітэцкай бібліятэкі, гэта тое, што за ўсе пасляваенныя гады дырэктар у ёй змяніўся толькі аднойчы (!) — у 1994 годзе. Да гэтага, з 1944 года тут паўстагоддзя дырэктарстваваў легендарны Рыгор Іванавіч Валынец, з 1994 года і па сённяшні час — таксама, можна сказаць, ужо легендарная Надзея Паўлаўна Сяткоўская. Апошняя і расказала нам многія цікавыя падрабязнасці з гісторыі бібліятэкі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны трагедыя краіны стала і трагедыяй універсітэцкага кнігасховішча. Педагагічны інстытут эвакуіраваць не ўдалося, і ўжо ад першых бомб, скінутых немцамі на Мінск, яго будынак і ўсе матэрыяльныя каштоўнасці згарэлі. Не было ўратавана фактычна нічога. 180 тысяч тамоў, назапашаных у бібліятэцы да пачатку вайны, беззваротна загінулі ў агні.
На пасаду дырэктара бібліятэкі Рыгор Іванавіч Валынец прыйшоў літаральна з партызанскага лесу і адразу ж узяўся за яе адраджэнне. Надзея Паўлаўна ўспамінае, як сама, будучы галоўным спецыялістам бібліятэкі, захоплена слухала расповеды Рыгора Іванавіча пра яго паездкі ў першыя пасляваенныя гады ў Маскву і Ленінград з мэтай напаўнення кніжнага фонду. Пра тое, як ён і яго калегі капаліся ў напаўцёмных казематах Петрапаўлаўскай крэпасці, дзе ленінградцы хавалі кніжныя зборы бібліятэк Ленінграда і Ленінградскай вобласці ад бамбёжак і пажараў, з дазволу тамтэйшых улад адбіралі самыя каштоўныя, на іх погляд, кнігі і потым у цяжэнных рукзаках, у агульных вагонах везлі іх у Мінск. І сёння, дарэчы, у бібліятэцы БДПУ можна знайсці кніжкі з пячаткамі самых розных расійскіх бібліятэк — плён тых паездак Рыгора Іванавіча Валынца.
Акрамя таго, бібліятэка папаўнялася ахвяраваннямі жыхароў Мінска, якія перадавалі інстытуту асабістыя кнігі ці знойдзеныя пры разборах разбураных будынкаў. Вярнуўшыся з фронту, былыя студэнты вярталі кніжкі, узятыя да вайны. Было і негалоснае правіла для першых пасляваенных студэнтаў, паводле якога кожны з іх, запісваючыся ў бібліятэку, мусіў быў падарыць ёй сваю кнігу. Прычым, што цікава, многія прыносілі сапраўдныя рарытэты, людзям іх было не шкада аддаць у агульную скарбонку кніжнай мудрасці, на якой павінны былі вырасці новыя пакаленні беларускіх настаўнікаў.
Надзея Паўлаўна прыгадвае ўзрушлівыя словы яе папярэдніка: “Эх, якія ж мы былі тады маладыя і непразорлівыя! Ну, чаму, калі ты малады, ты зусім не думаеш пра тое, што некалі і твая маладосць стане гісторыяй?! А мы ж маглі ўжо тады пісаць гісторыю: хто падарыў вось тую і тую кнігу? Як яна трапіла канкрэтна ў гэтую сям’ю? Чым яшчэ адметная тая ці іншая кніга? Але ж нічога такога мы, на жаль, не рабілі. Клопат быў адзін: адрадзіць, аднавіць кніжны фонд, каб студэнты маглі паспяхова вучыцца…”
Ва ўсякім разе да канца першага пасляваеннага навучальнага года кніжны фонд бібліятэкі Мінскага педінстытута ўжо налічваў 15 000 асобнікаў — гэта было ўжо нешта, з чаго можна было пачынаць. А 15 чэрвеня 1948 года Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР выдала загад № 854 “Аб забеспячэнні вышэйшых навучальных устаноў падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі”, у выніку чаго на адрас інстытута сталі актыўна дасылацца пасылкі і бандэролі з кнігамі ад бібліятэк устаноў адукацыі Масквы, Ленінграда, іншых гарадоў. Таксама вялікую дапамогу ў аднаўленні бібліятэкі аказалі Дзяржаўны літаратурны фонд РСФСР, які накіраваў у Мінск для нашага педінстытута 5000 экзэмпляраў кніг, выдавецтва Акадэміі навук СССР, Маскоўскі камітэт навуковых бібліятэк, Ленінградскі інстытут рускай мовы АН СССР і іншыя ўстановы. Даваеннага ўзроўню аб’ёму фонду — 180 тысяч — бібліятэцы ўдалося дасягнуць у 1959 годзе.
Пераскочым тут некалькі дзясяцігоддзяў спакойнага развіцця бібліятэкі ў савецкія гады і прызямлімся ў пачатку 90-х, калі ў нетрах традыцыйнай бібліятэкі ўніверсітэта пачалі адбывацца кардынальныя змены: ствараліся першыя электронныя каталогі і базы даных, станавіліся аўтаматызаванымі асноўныя бібліятэчныя працэсы, а бібліятэкар паступова пераўтвараўся ў бібліятэчнага спецыяліста новай фармацыі — аналітыка інфармацыйных рэсурсаў, дасведчанага ў інфармацыйных патрэбах карыстальнікаў і праграмным забеспячэнні персанальнага камп’ютара. Адначасова пашыраліся і плошчы ўніверсітэцкай бібліятэкі, якая насамрэч рабілася ўсё больш падобнай на адмысловы лабірынт са шматлікімі шляхамі і выхадамі. Наогул, 90-я, па словах Надзеі Паўлаўны Сяткоўскай, якой якраз і давялося стаць на чале ўсіх грандыёзных тагачасных пераўтварэнняў у бібліятэцы БДПУ імя Максіма Танка, былі гадамі вялікага энтузіязму і памкнення саміх бібліятэкараў асвоіць перадавыя тэхналогіі, паспець за нечуваным прагрэсам у сусветнай бібліятэчнай справе.
З таго часу бібліятэкары БДПУ, як пісаў паэт, ужо не зычылі сабе спакойнага шчасця. Вось пэўная статыстыка як вынік плённай працы ўніверсітэцкай бібліятэкі за апошнія два дзесяцігоддзі.
Сёння ў фондзе бібліятэкі захоўваецца звыш 1100 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, якія былі абаронены ў саветах па абароне дысертацый універсітэта. Фарміраванне фонду ў значнай ступені адбываецца за кошт перадачы бібліятэцы часткі тыражу вучэбных дапаможнікаў, вучэбна-метадычных комплексаў, манаграфій выкладчыкаў універсітэта, якія выдае вучэбна-выдавецкі цэнтр БДПУ.
Папаўняецца фонд і дарамі выкладчыкаў універсітэта, арганізацый, звычайных мінчан. Так, да 100-годдзя ўніверсітэта мінчанка Галіна Зінатаўна Гебелева вырашыла падарыць бібліятэцы сямейную рэліквію — знакамітую “Библиотеку всемирной литературы” ў 200 тамах.
Усімі структурнымі падраздзяленнямі (а гэта сёння 8 аддзелаў і 5 філіялаў) штогод абслугоўваюцца звыш 44 000 чытачоў. Кожны год ім выдаецца каля 1 220 000 экзэмпляраў розных дакументаў.
Электронны каталог змяшчае 12 баз даных (з іх 3 паўнатэкставыя) і ўключае больш за 137 000 бібліяграфічных запісаў: “Аўтарэфераты дысертацый”, “Дысертацыі”, “Весткі БДПУ”, “Кнігі”, “Магістарскія дысертацыі”, “Медыятэка”, “Перыёдыка”, “Рэдкая кніга”, “Зборнікі прац выкладчыкаў”, “Электронная бібліятэка”.
Распрацавана і паспяхова развіваецца ўласная інфармацыйная web-старонка (http://library.bspu.unibel.by:90/) на сайце ўніверсітэта, магчымасці якога дазваляюць размяшчаць анонсы запланаваных мерапрыемстваў, асвятляць выставачную дзейнасць, змяшчаць рэкамендацыйныя бібліяграфічныя спісы літаратуры, віртуальныя тэматычныя паказальнікі і іншую неабходную для карыстальнікаў інфармацыю.
Поруч з традыцыйнымі бясплатнымі паслугамі бібліятэка аказвае і платныя паслугі: складанне і рэдагаванне бібліятэчнай прадукцыі, капіраванне, сканіраванне, раздрукоўка тэксту з электронных выданняў. Натуральна, значную ролю ў рабоце бібліятэкі БДПУ займае гуманітарна-асветніцкая і выхаваўча-ідэалагічная дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з факультэтамі і кафедрамі ўніверсітэта. Некалькі гадоў назад бібліятэка стала ўдзельнікам сусветнага руху буккросінг.
А тыдзень назад, 12 лістапада, ва ўніверсітэце адбылося вялікае мерапрыемства пад назвай “Электронная бібліятэка БДПУ: інавацыі ў адукацыі”, якое стала апагеем святкавання 100-годдзя ўніверсітэцкай бібліятэкі ў рамках 100-годдзя самога ўніверсітэта.
На першым паверсе галоўнага корпуса ўніверсітэта была ўрачыста адкрыта зала рэдкай кнігі, у якой размясцілася музейная экспазіцыя самых рэдкіх і каштоўных кніг з бібліятэчнага фонду (усяго ў бібліятэцы налічваецца каля 7 тысяч рарытэтаў XVIII, XIX і пачатку XX стагоддзя). У зале прадстаўлены 330 кніг і перыядычных выданняў па калекцыях: “Старадрукі”, “Педагогіка”, “Мастацкая літаратура” і “Мастацкае афармленне кнігі”. Экспануецца і найстарэйшае па храналогіі выданне — кніга сярэдзіны ХVIII стагоддзя — “Роллень Г. Древняя история об египтянах, о карфагенянах, об ассирианах, о вавилонянах, о мидянах, персах, о македонянах и о греках. — Т. 3.— СПб., 1752.
На цырымоніі адкрыцця рэктар БДПУ доктар педагагічных навук Аляксандр Іванавіч Жук пажадаў зале рэдкай кнігі стаць культурным цэнтрам універсітэта, асяродкам распаўсюджвання ведаў па гісторыі цывілізацыі, навукі і кнігі, фарміравання карпаратыўнай культуры супрацоўнікаў універсітэта і студэнтаў, а самае галоўнае — цэнтрам выхавання студэнта як чалавека, які чытае (homo legens).
Не абышлося і без шчодрых падарункаў. Так, ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі бібліятэка БДПУ атрымала 5 тамоў факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, а ад Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь — 500 новых навуковых, даведачных і вучэбных выданняў.
12 лістапада стала шчаслівай датай нараджэння чытальнай залы аддзела абслугоўвання інфармацыйнымі рэсурсамі. Гэта камбінаваная зала, абсталяваная па прынцыпе “два ў адным”: у адным памяшканні размясцілася і ўласна чытальная зала з адкрытым доступам і супрацькрадзежнай сістэмай “чэк-пойнт”, і электронная бібліятэка. У новай чытальні 100 месцаў, 38 з якіх забяспечаны персанальнымі камп’ютарамі з выхадам у інтэрнэт і бесправадным доступам да інтэрнэту. У свабодным доступе прадстаўлены больш за 4 тысячы падручнікаў, вучэбна-метадычных, даведачных, мастацкіх і перыядычных выданняў. Тут жа створаны ўсе ўмовы для правядзення мультымедыйных прэзентацый.
І, нарэшце, у той жа дзень адбылася прэзентацыя Рэпазіторыя БДПУ — адмысловага электроннага архіва, які назапашвае, сістэматызуе, захоўвае і забяспечвае доўгатэрміновы доступ да дакументаў навуковага, адукацыйнага, нарматыўнага ці іншага прызначэння, створаных выкладчыкамі і студэнтамі БДПУ, а таксама іншых арганізацый, якія надрукавалі свае матэрыялы ў выданнях педагагічнага ўніверсітэта і перадалі яму права на іх апублікаванне для ўсеагульнага карыстання шляхам размяшчэння ва ўніверсітэцкім рэпазіторыі. Несумненна, яго стварэнне станоўча адаб’ецца на якасці адукацыйнага працэсу ва ўніверсітэце і рэйтынгу БДПУ. Па словах А.І.Жука, гэта выдатная магчымасць для студэнтаў і выкладчыкаў мець доступ да адкрытых адукацыйных рэсурсаў. “Сёння іх у нас 400, гэта ўсё распрацоўкі нашых выкладчыкаў. Такім чынам, мы маем магчымасць увайсці ў аб’яднанне рэпазіторыяў універсітэтаў нашай краіны”, — падкрэсліў падчас урачыстасці рэктар педагагічнага ўніверсітэта.
…Мы працягваем размаўляць з дырэктарам бібліятэкі Надзеяй Паўлаўнай Сяткоўскай — я ўжо ведаю і пра новую залу рэдкай кнігі, і пра новую чытальную залу з адкрытым доступам і электроннай бібліятэкай, і пра рэпазіторый… Усё — так сур’ёзна! І тут нечакана нават для сябе самога я наважваюся, як кажуць, разрадзіць абстаноўку.
“Надзея Паўлаўна, — пытаюся ў яе, — канечне ж, усё, што вы паведамілі, вельмі ўражвае, але, даруйце, ва ўсёй гэтай пагоні за прагрэсам ці застаецца хоць хвілінка для жартаў, простай чалавечай усмешкі? Можа, раскажаце якуюсьці вясёлую гісторыю з жыцця бібліятэкараў БДПУ?”
І яна, крыху падумаўшы, распавядае.
Быў час, калі студэнты ўніверсітэта актыўна займаліся па вучэбным дапаможніку па англійскай мове “Длинноногий дядюшка” паводле Дж.Вэбстэра (Мінск, 2000). Гэтая кніжка была вельмі дэфіцытнай, і аднойчы адзін выкладчык тэлефануе ў бібліятэку, каб пацікавіцца, ці ёсць яна ў дадзены момант у наяўнасці. Загадчык аддзела адказвае, маўляў, няма, хіба што толькі сёння здалі і яна можа быць у стосе кніжак на абанеменце. У гэты час заходзіць у аддзел бібліятэкар, якая зусім нядаўна ўладкавалася на працу. Загадчык аддзела просіць яе паглядзець, ці ёсць “Длинноногий дядюшка” на абанеменце. Маладая бібліятэкар вяртаецца і кажа, што там стаяць нейкія два дзядзечкі, але, які з іх даўганогі, яна не разабралася…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.