Бяспечныя паводзіны як лад жыцця

- 14:55Навіны рэгіёнаў

Фарміраванне навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці ў выхаванцаў — адзін з актуальных напрамкаў работы дашкольных устаноў. Задача педагогаў — як мага раней навучыць дзяцей правільным паводзінам у небяспечных сітуацыях, цаніць і берагчы здароўе. У яслях-садзе № 4 Ляхавіч створаны неабходныя ўмовы для гэтага.

У дашкольнай установе дзейнічаюць дзве пляцоўкі, якія з’яўляюцца практычным дапаможнікам для навучання дзяцей правілам бяспечных паводзін. Адна з іх прысвечана вывучэнню правіл дарожнага руху. Пляцоўка аснашчана імітацыйнымі дарожнымі знакамі, святлафорам, чыгуначным пераездам, заправачнай калонкай, аўтамабілем, трамваем, прыпынкам і кемпінгам. Акрамя таго, на пляцовачных дарожках нанесена разметка. Усё гэта выклікае вялікую цікавасць у дашкольнікаў падчас заняткаў і гульняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем гуляюць у вадзіцеляў і пешаходаў.

Другая пляцоўка, абсталяванне якой выраблена і размалявана ўласнымі рукамі, прысвечана вывучэнню правіл пажарнай бяспекі. Дзеці з радасцю арганізоўваюць на пляцоўцы сюжэтна-ролевыя гульні. Дапамагаюць выхаванцам у гэтым супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія з’яўляюцца частымі гасцямі ясляў-сада.

Педагогі спадзяюцца, што правілы бяспечных паводзін, засвоеныя змалку, абавязкова стануць ладам жыцця.

Ларыса БАБЁР,
загадчыца ясляў-сада № 4 Ляхавіч.


Навакольны свет напоўнены разнастайнымі прадметамі, з’явамі і падзеямі, якія не заўсёды з’яўляюцца бяспечнымі, асабліва для дзяцей. Таму іх змалку трэба вучыць правілам бяспечнай жыццядзейнасці.

У сваёй рабоце педагогі ясляў-сада № 3 Ляхавіч асаблівую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню навыкаў бяспечных і адказных паводзін у выхаванцаў. Для гэтага праводзяцца спецыяльныя заняткі, тэматычныя гутаркі і экскурсіі, ладзяцца тэатральныя пастаноўкі, арганізоўваюцца гульні і забавы, прычым з актыўным удзелам бацькоў, якія замацоўваюць атрыманыя веды ў побыце, на вуліцы і прыродзе.

Яслі-сад цесна супрацоўнічае з Ляхавіцкім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Так, разам з яго супрацоўнікамі была зладжана тэатральная пастаноўка “Прыгоды Машы і Мядзведзя ў Краіне бяспекі”, аўтарам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам якой з’яўляецца музычны кіраўнік Т.Г.Цітко. Гледачамі спектакля сталі выхаванцы іншых дашкольных устаноў горада.

Паводле сюжэта, галоўныя казачныя героі Маша і Мядзведзь, адправіўшыся ў госці да бабулі, траплялі па дарозе ў розныя жыццёвыя сітуацыі, а Азбука бяспекі падказвала персанажам, што рабіць у пэўным выпадку. Падчас падарожжа Маша і Мядзведзь разам з гледачамі прыйшлі да высновы, што ўсім трэба абавязкова выконваць правілы бяспечных паводзін.

Алена ГАРДЗЕЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Ляхавіч.