Быць любімым настаўнікам

- 10:37Людзі адукацыі

Як не здзіўляцца чароўнай сіле выкладання? Кожны раз, карыстаючыся ведамі, я задаю сабе гэтае пытанне. І кожны раз не магу знайсці на яго адказ. Мне здаецца, што на кожным этапе жыцця мы ўсе маем патрэбу ў чалавеку, які зможа нас накіраваць на правільны шлях, падштурхнуць да прыняцця важнага рашэння і даць мудрую параду.

Канечне, далёка не кожны можа стаць сапраўдным настаўнікам. Сапраўдны нас­таўнік жыве тым, што кожны дзень раніцай ідзе ў школу для таго, каб навучыць, уключыць дзяцей у адукацыйны працэс, даць ім магчымасць выказаць сваё меркаванне, дапамагчы вучням самім знайсці правільнае рашэнне, прыняць яго і зрабіць высновы. Я з гордасцю магу сказаць, што ў маёй роднай школе № 24 Брэста многа такіх настаўнікаў. Але пра аднаго мне б вельмі хацелася расказаць больш падрабязна.

Мой любімы настаўнік — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Іванаўна Цыпрынюк. Гэта той чалавек, пагаварыўшы з якім вам ужо дакладна не захочацца сядзець на месцы. Раптоўна ўзнікае жаданне пайсці і зрабіць што-небудзь карыснае, штосьці такое, што дапаможа не толькі развіць у сабе навыкі, але і дапамагчы іншым удасканаліць сябе.

Ганна Іванаўна любіць і выдатна ведае свой прадмет. Неаднаразова яна на ляту адказвала нават на вельмі складаныя пытанні, што гаворыць пра яе прафесіяналізм. Варта адзначыць, што яе вучні вельмі часта займаюць прызавыя месцы на алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях, а гэта дае вялікі стымул іншым дзецям вучыцца больш старанна, быць больш уважлівымі і адказна ставіцца да працэсу навучання. Кожны раз, звяртаючыся па дапамогу ці параду, можна быць упэўненым, што Ганна Іванаўна не адмовіць. Усімі сіламі яна дапаможа знайсці ісціну і не заблытацца на складаным жыццёвым шляху. Менавіта такім павінен быць настаўнік вышэйшай катэгорыі. Каб мець права вучыць, трэба пастаянна ўдасканальвацца. Навучанне і выхаванне — гэта не проста работа. Гэта лад жыцця. Калі сам настаўнік адчувае радасць ад навучання, то гэта не можа не перадацца яго вучням.

Безумоўна, на яе ўроках не абыходзіцца без інтэрактыўных методык, разнастайных прафесійных прыёмаў, аднак галоўнымі, на мой погляд, застаюцца сціпласць настаўніка, высокая чалавечая годнасць, размовы на маральна-этычныя тэмы, разважанне пра жыццё, пра людзей, пра важнасць захавання свайго здароўя, трывога за лёс сучаснікаў. Заўсёды можна правесці заняткі, выканаць сваю работу, даць урок. А колькі ж намаганняў трэба прыкласці, каб выхаваць цікавасць у сваіх вучнях, якія, ня­гледзячы на перашкоды, бу­дуць працягваць вучыцца кожны дзень, пастанна ­працаваць над сабой, імкнуцца быць лепшымі і рабіць такім навакольны свет! Дзякуючы гэтаму, ча­лавек становіцца дысцыпліна­ваным, адказным за свае паводзіны і кожнае дзеянне, мэтанакіраваным, прыхільным сваім по­глядам і прынцыпам, што вельмі неабходна для станаўлення асобы.

Якія важныя ў працэсе адукацыі пазакласныя мерапрыемствы! Дзякуючы майму настаўніку, многія адкрылі ў сабе цягу да жывапісу, зацікаўленасць у падарожжах, любоў да літаратуры. Ганна Іванаўна ўлічвае інтарэсы абсалютна кожнага вучня і дапамагае па­знаць штосьці новае, ­адкрыць у сабе таленты і развіць іх. Колькі ж у ёй жыццёвай энергіі, сілы, душэўнай іскрынкі!

Я заўсёды цаніла тое, што Ганна Іванаўна любіць усіх вучняў аднолькава і да ўсіх ставіцца як да родных. Вельмі важна ўдзяліць увагу кожнаму. З бацькамі мы бачымся раніцай і вечарам. Менавіта настаўнік праводзіць з вучнямі большую частку дня. Ён не толькі ву­чыць, але і выхоўвае, а гэта, як вядома, вельмі ўплывае на вучняў. Кожны дзень у школе я бачыла, як Ганна Іванаўна намі ганарылася. Кожны крок — поспех. Кожнае дасягненне — пахвала і матываванне ісці далей. Яна беражэ старанні ўсіх сваіх вучняў, усведамляючы, наколькі складаным з’яўляецца шлях да сталення і набыцця асобаснага стрыжня. Важна навучыцца цаніць выбар кожнага чалавека, таму што ўсе людзі ўнікальныя і заслугоўваюць павагі.

Ганна Іванаўна неаднаразова нам паўтарала, што чалавечае жыццё ў параўнанні з вечнасцю — міг, пражыць яго трэба ярка. А жыццё без дабрыні, спагады, чуласці і міласэрнасці лічыцца непатрэбным.

Мінулі гады. Я пасталела. Зараз вучуся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Мой шлях быў складаным і цярністым, але дзякуючы стараннасці, цярплівасці, строгасці і спагадлівасці маіх настаўнікаў я кожны дзень дабіваюся пастаўленых мэт і імкнуся да самаразвіцця. Здзяйсняючы любое сваё дзеянне, я пастаянна ўспамінаю словы Ганны Іванаўны: “Заўсёды трэба заставацца сапраўдным чалавекам”. Канечне ж, не варта думаць, што ваш шлях заўсёды будзе лёгкім і гладкім. Абсалютна кожны ведае, што не бывае дарог без купін. Але дзякуючы шчырасці і моцным, даверлівым узаемаадносінам паміж вамі і вашым настаўнікам, упэўнена, кожны чалавек дасягне поспехаў!

Ганна Іванаўна да гэтага часу працуе ў роднай школе і ўсе сілы, усю сваю любоў і свой талент аддае вучням. Мы, канечне ж, сталеем, становімся разумнейшымі, недзе — хітрэйшымі, але я заўсёды буду ганарыцца тым, што менавіта паважаная Ганна Іванаўна Цыпрынюк была маім класным кіраўніком. І колькі б ні мінула гадоў, якіх бы поспехаў і вяршынь мы ні дасягнулі ў жыцці, для нас яна заўсёды застанецца чалавекам, які паказаў нам правільныя жыццёвыя шляхі і дзівосную краіну ведаў.

Валерыя ГУКАВА.
Фота аўтара.