Быць прыкладам для вучняў

- 11:06Навіны рэгіёнаў

Педагог — гэта прызванне. Ім трэба нарадзіцца. З ліку менавіта такіх людзей — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч Наталія Іванаўна Літвіновіч. Справядлівая, ініцыятыўная і тактоўная, прафесіянал сваёй справы, які заўсёды знаходзіць агульную мову з вучнямі, іх бацькамі і калегамі. Кожны працоўны дзень педагога пачынаецца з усмешкі.

У дзяцінстве Наталія часта гуляла з сяброўкамі ў школу: давала ім розныя заданні, потым правярала іх, ацэньвала.

— Доўга не магла вызначыцца, кім хачу стаць, — прызнаецца Н.І.Літвіновіч. — Пра настаўніцкую працу, нягледзячы на дзіцячае захапленне, ніколі не задумвалася. Тым не менш выбрала матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Матэматыка была маім любімым прадметам у школе. Заўсёды падабалася рашаць задачы, лічыць, разбірацца ў формулах.

За 5 гадоў вучобы Наталія Іванаўна ні разу не пашкадавала, што выбрала педагагічную прафесію. Да сённяшняга часу з цеплынёй успамінае шчаслівыя студэнцкія гады.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Н.І.Літвіновіч вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў Кукаўскую сярэднюю школу.

— Вельмі ўдзячна калектыву гэтай установы за дапамогу і падтрымку, — гаворыць Наталія Іванаўна. — У мяне, маладога спецыяліста, узнікала шмат пытанняў, але я заўсёды ведала, што магу звярнуцца да вопытных калег і атрымаць неабходную параду, таму лёгка спраўлялася з усімі цяжкасцямі.

Н.І.Літвіновіч даволі хутка зарэкамендавала сябе актыўным і адказным педагогам з мноствам цікавых задум. Праз некалькі гадоў яна перайшла ў сярэднюю школу № 3 Ганцавіч, дзе неўзабаве стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— Калі прапанавалі гэтую пасаду, разгубілася, — расказвае Наталія Іванаўна. — Думала некалькі дзён, але ўрэшце пагадзілася, вырашыўшы, што варта паспрабаваць. І не памылілася. Кожная новая пасада — выдатная магчымасць для набыцця каштоўнага вопыту. Курыраваць выхаваўчую работу — даволі складаная справа, бо даводзіцца займацца рознымі напрамкамі дзейнасці: прафілактыкай правапарушэнняў, пазаўрочнай занятасцю дзяцей, арганізацыяй мерапрыемстваў, падрыхтоўкай да конкурсаў… Усё трэба трымаць на кантролі і выконваць своечасова.

Акрамя адміністрацыйнай работы, Н.І.Літвіновіч выкладае матэматыку. Гэта складаны прадмет, які патрабуе ад настаўніка высокіх прафесійных уменняў. Наталія Іванаўна імкнецца данесці матэрыял да вучняў у максімальна даступнай форме, каб яны не толькі разумелі і любілі “царыцу навук”, але і ўсведамлялі, што без настойлівай працы не бывае выніку.  

— Даволі часта дзецям цяжка рашыць пэўную задачу ці прыклад, таму тлумачу тэму як мага прасцей, абапіраючыся на жыццёвыя сітуацыі, — гаворыць педагог. — Стараюся падтрымаць і пачуць кожнае дзіця, стаць яго сябрам і дарадцай.

Наталія Іванаўна ідзе ў нагу з часам, цікавіцца захапленнямі сучасных падлеткаў, знаходзіцца ў пастаянным пошуку чагосьці новага. Настаўніца з радасцю дзеліцца з выхаванцамі задумамі, матывуе да ўдзелу ў конкурсах, прадметных алімпіядах і іншых мерапрыемствах.

— Педагог павінен не толькі даваць веды, але і накіроў­ваць дзяцей на інтэлектуальнае і творчае развіццё, любіць выбраную прафесію і быць прыкладам для пераймання, — лічыць Н.І.Літвіновіч.

І гэта ёй удаецца. Вольны час яна праводзіць з карысцю: займаецца самаадукацыяй, шмат чытае, захапляецца фітнесам, слухае музыку.

Агата ФІЛІПОВІЧ,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.