Быць творчым і шчаслівым

- 14:32Дашкольная адукацыя

Гульня — аснова асноў у дашкольнай адукацыі. Праз гульню ў дзяцей фарміруюцца станоўчыя рысы характару, яны пазнаюць навакольны свет, больш эфектыўна авалодваюць навыкамі. Чаму гульня — гэта не толькі забаўка, а справа сур’ёзная, адказная, пераканаемся разам з выхавальнікам-метадыстам кіраўніком абласнога рэсурснага цэнтра “Выкарыстанне АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі” ясляў-сада № 78 Гродна Таццянай Аляксееўнай ЛІТВІНЧЫК.

Сур’ёзна і мімаходам — такімі словамі ахарактарызавала наша гераіня свой падыход у навучанні дзяцей грамаце. Сур’ёзна — значыць прытрымлівацца пэўнай методыкі ў навучанні, тых прынцыпаў і правіл, без якіх педагогу немагчыма на высокім прафесійным узроўні ажыццяўляц­ь сваю дзейнасць. Мімаходам — значыць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці творчыя падыходы. Для Таццяны Аляксееўны слова “мімаходам” якраз і азначае гульню, якая непрымусова, мімаходам, між іншым дазваляе сфарміраваць у дзяцей неабходныя для іх узросту веды і навыкі.

Падчас уяўнага падарожжа, складання казак, знаёмства з аб’ектамі прыроднага або створанага рукамі чалавека свету, яны выконваюць нейкае цікавае заданне і тым самым нібыта паднімаюцца па прыступках пісьменнасці. Напрыклад, ратуючы казачнага героя, хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з гукам, праводзяць гукавы аналіз слова. Заключным акордам кожных заняткаў Таццяны Аляксееўны з’яўляецца гульня “Жывая літара”. Сутнасць яе ў тым, што дзеці па адным або ў пары выстройваюцца пэўным чынам, ствараючы жывую літару.

“Пры арганізацыі заняткаў па навучанні грамаце выкарыстоўваю казачныя сюжэты, элементы фальклору, завочных падарожжаў, экскурсій, спецыяльныя дапаможнікі. Гэта могуць быць гукавыя замкі, “маленькія чалавечкі” для гукавога аналізу слоў, марфалагічныя табліцы, “чорная скрыня”, “чароўны домік”, творы выяўленчага мастацтва і мастацкае слова. У адпаведнасці з тым, як разгортваецца дзеянне па сюжэце, дзеці, гуляючы, спасцігаюць паняцці “гук”, “склад”, “слова”, “сказ”, “літара”. Замацоўваюць правільнае ўжыванне гукаў у вымаўленні прыказак і прымавак, удзельнічаюць у складанні казак з дапамогай тыпавых прыёмаў фантазіравання. Таксама выкарыстоўваю галасавыя і мімічныя практыкаванні, імітацыю рухаў і дзеянняў, творчыя заданні, словатворчасць, гульні і практыкаванні на развіццё пазнавальных працэсаў (“Уяві гукі”, “Рознакаляровыя словы”, “Граматычная матэматыка” і інш.), вершы, дыялогі, праблемныя сітуацыі”, — паведаміла Таццяна Аляксееўна.

Гульні розныя. Гэта можа быць незвычайнае падарожжа да дзядулі-гарбуза. А вось “Ода сасне” нагадвае наведванне вернісажу, калі праз знаёмства з карцінамі Левітана, Шышкіна дзеці даведваюцца не толькі пра адзін з прыродных сімвалаў Беларусі, але і пра гук і літару “с”. Казка “Тры парасяці” пераапрацоўваецца такім чынам, каб дзеці захапляльна і эфектыўна пазнаёміліся з літарай і гукам “н”. Цікавым з’яўляецца метад “Эўрарытм” — “Дзевяць паверхаў фантазіравання”, які дазваляе азнаёміцца з гукам і літарай “ц”. Абавязковымі з’яўляюцца фізкульт­хвілінкі, на якіх аб’ядноўваюцца прамовы і рухі, што дапамагае зняц­ь напружанне і пераключыцца на наступнае заданне.

“Важна далучыць дзяцей да работы з першага моманту заняткаў, стварыць станоўчы настрой на вывучэнне, абудзіць цікавасць да пазнання новых гукаў. Для гэтага ўключаю ў арганізацыйны момант рэлаксацыйныя, мімічныя і псіхагімнастычныя практыкаванні. У гульнявой форме (загадка, гульня “Так-не”) паведамляю дзецям тэму заняткаў, што скіроўвае іх увагу да гуку, які вывучаецца. На кожных занятках вучу дзяцей характарызаваць гук па артыкуляцыйнай і акустычнай прыкметах. Асабліва дзецям падабаецца вызначаць, якія “чалавечкі” жывуць у гуках. Выхаванцы разам са мной прыдумваюць на першых занятках чырвоных, зялёных і сініх чалавечкаў. Чырвоны чалавечак азначае галосны гук. Сіні чалавечак — цвёрды зычны гук. Зялёны — мяккі зычны гук”, — па­дзялілася Таццяна Літвінчык.

Падчас гукавога аналізу слова дзецям найбольш падабаюцца заданні, у якіх гукі якога-небудзь слова нібыта рассыпаюцца і іх неабходна сабраць. З задавальненнем дзеці адгадваюць словы, дзе, напрыклад, першы гук “т”, а апошні — “р”. Актыўна выхаванцы “ловяць” гукі, фіксуючы пэўным жэстам або рухам пачуты ў слове зададзены гук. Напрыклад, калі пачулі цвёрды гук, неабходна патупаць. Склада­юць і ланцужкі слоў на аснове малюнкаў. Па словах педагога, галоўнае — прытрымлівацца правіла: ад простага да складанага. Таццяна Аляксееўна вучыць абагульняць прадметы і з’явы па істотных прыкметах, утвараць роднасныя словы, атрымліваючы пры гэтым новыя веды або інфармацыю. Значная ўвага ўдзяляецца гульням і практыкаванням на развіццё дробнай маторыкі рук, а таксама гульням, падчас якіх выхаванцы вызначаюць, на што падобны літары.

“Падабаецца дзецям эўрыстычная гульня “У пошуку літар”. Для эксперымента можна даць дзецям апельсін, акуляры класічнай формы, гузікі, шнуркі, нажніцы. Напрыклад, у апельсіне дзеці з лёгкасцю разгледзяць літару “о”, раскрыўшы нажніцы і паставіўшы іх вертыкальна, можна ўбачыць літару “х”, а перавярнуўшы акуляры — літару “в”. Паспяховымі заняткі можна назваць тады, калі дзеці чакаюць наступнай сустрэчы. І яшчэ важна, каб заняткі былі добрымі”, — адзначыла наша гераіня.

Вырашаючы праблемныя сітуацыі, гуляючы і разважаючы, назіраючы і эксперыментуючы, педагогі не трацяць марна час, а назапашаныя веды, уменне думаць, дадумваць і прыдумляць зробяць выхавальнікаў і іх выхаванцаў творчымі, вынаходлівымі і шчаслівымі людзьмі. Так лічыц­ь Таццяна Аляксееўна Літвінчык, безумоўна, шчаслівы педагог.

Ігар ГРЭЧКА.