Быць здаровым — важна!

- 14:52Нам пішуць

У сучасным грамадстве адносіны да свайго здароўя сталі мяняцца: модна не курыць, не злоўжываць спіртнымі напіткамі, не ўжываць наркотыкі, займацца спортам. Большасць людзей разумеюць, што толькі здароўе дасць ім магчымасць рэалізаваць свае самыя смелыя жыццёвыя планы. 

Нямецкі філосаф А. Шопенгауэр гаварыў “Дзевяць дзясятых нашага шчасця заснавана на здароўі. Пры ім усё становіцца крыніцай асалоды…Мы, перш за ўсё, пытаем адно аднаго пра здароўе і жадаем яго адно аднаму: яно сапраўды з’яўляецца галоўнай умовай чалавечага шчасця”. Як жа захаваць і ўмацаваць сваё здароўе? Адказ адзін — весці здаровы лад жыцця.

Вучні Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Місія — жыць!”. Пачаткам акцыі стаў флэш-моб “Скажам спайсам — НЕ!” для вучняў 5—10 класаў, які зарадзіў ўсіх удзельнікаў пазітыўнай энэргіяй. Даволі цікавым і карысным аказаўся прафілактычны дэсант “Жыві цікава! Будзь здаровым і актыўным!”, дзе перад вучнямі школы выступілі прадстаўнікі Вераб’евіцкага ФАПа, міліцыі , а таксама вучні старшых класаў у рамках праграмы “роўны навучае роўнага”. Вучні 1—4 класаў падрыхтавалі цікавую выставу малюнкаў сумесна са сваімі бацькамі “ Жыць здорава!” , якая была размешчана ў фае школы і на працягу ўсёй акцыі нагадвала наведвальнікам аб значнасці ўзнятай праблемы. Вучні 8-9 класаў падрыхтавалі эмблемы і тэматычныя лістоўкі , якія распаўсюджвалі сярод жыхароў вёскі. А завяршылася акцыя спартыўным святам — спаборніцтвамі па валейболе сярод вучняў і настаўнікаў школы.

Пасля правядзення такіх мерапрыемстваў кожны яшчэ раз упэўніўся у мудрасці народнай прыказкі “ Наша здароўе — у нашых руках”

Алена АМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гродзенскай вобласці.