Чаму на ўроках неабходны дыскусіі, праекты і даследаванні, тлумачыць настаўніца Бельскай сярэдняй школы Т.Старавойтава

- 12:50Персона

Каб урок стаў выніковым, ён павінен быць развіццёвым і праблемным, напоўненым дыялогамі і дыскусіямі, праектамі і даследаваннямі. Такую думку ў размове з  карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» выказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Бельскай сярэдняй школы Крычаўскага раёна Таццяна Старавойтава. 

Свой прафесійны выбар Таццяна Міхайлаўна зрабіла па поклічы сэрца. Настаўніцай яна стала свядома і з вялікім жаданнем.

Гэтае імкненне пайшло з сям’і. Мая бабуля 35 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў, маці была выхавальніцай дзіцячага сада. У дзяцінстве я вельмі любіла гуляць у школу, “вучыла” сяб­роў або сваіх лялек. І цяпер памятаю, як з усёй сур’ёзнасцю рассаджвала іх за стол, давала заданні, ставіла адзнакі, — з усмешкай расказвае Таццяна Старавойтава. — Сваю мару ажыццявіла на філалагічным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова. Чаму менавіта філалогія? Заўсёды аддавала перавагу мовам, паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах, таму і роздумаў наконт педагагічнага профілю не ўзнікла.

Маладым спецыялістам Таццяна Міхайлаўна прыехала на малую радзіму — у Крычаўскі раён. Першыя працоўныя крокі зрабіла ў Асавецкай базавай школе, а пасля яе аптымізацыі стала выкла­даць рускую мову і літаратуру ў аграгарадку Бель. Тут прайшла прафесійнае станаўленне, адбылася як педагог, выпрацавала свае эфектыўныя падыходы да навучання.

— У мяне ёсць асноўныя прынцыпы, якімі кіру­юся ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Упэўнена: каб захапіць навучэнцаў прадметам, педагогу трэба любіць сваю справу, імкнуцца да пастаяннага прафесійнага самаразвіцця, а яшчэ быць шчырым і адкрытым з вучнямі, — адзначае Таццяна Старавойтава.

На сваіх занятках яна імкнецца выкарыстоўваць прыёмы і метады, якія ў большай ступені садзейнічаюць усебаковаму развіццю навучэнцаў. Шырока прымяняе тэхнало­гіі крытычнага мыслення, праектнага і праблемнага навучання, актыўную ацэнку, гульнявыя тэхналогіі і ІКТ.

— Нельга рабіць заняткі пераказам матэрыялу з пад­ручніка. Каб урок стаў выніковым, ён павінен быць развіццёвым і праблемным, напоўненым дыялогамі і дыскусіямі, праектамі і даследаваннямі. Усё гэта стымулюе вучняў на самастойную здабычу ведаў, а не атрыманне іх у гатовым выглядзе, — паведамляе Таццяна Міхайлаўна.

Сярод працоўных прыя­рытэтаў Таццяны Старавойтавай — раскрыццё вучнёўскіх здольнасцей. З адоранымі дзецьмі настаўніца працуе індывідуальна, стараючыся максімальна развіць іх таленты.

Дарэчы, урок мовы і ўрок літаратуры педагог право­дзіць па-рознаму, бо ўпэўнена, што ў іх не аднолькавыя мэты. 

Калі ключавая задача ўрокаў мовы — веды, то ўрокаў літаратуры — выхаванне, фарміраванне асобы. Гэтыя заняткі ў большай ступені не для розуму, а для душы. Мы не проста вывучаем творы вядомых пісьменнікаў. Мы шмат размаўляем аб матывах галоўных герояў, іх дзеяннях у тых ці іншых сітуацыях. Гэта дапамагае вучням спазнаць саміх сябе, вызначыць правільныя жыццёвыя арыенціры і каштоўнасці, — падкрэслівае Таццяна Старавойтава.

Урокі літаратуры педагог метапрадметна звязвае з гісторыяй і мастацтвам. Гэта спрыяе лепшаму ўспрыманню твораў і вельмі падабаецца дзецям.

Усе заняткі ў Таццяны Міхайлаўны неверагодна захапляльныя. Мы не проста чытаем, а слухаем музыку, разглядаем карціны знакамітых мастакоў, фрагменты фільмаў. Настаўніца заўсёды прыдумвае для нас нешта цікавае, — дзеляцца навучэнцы Станіслаў Кабішаў, Ганна Ерашова і Настасся Калмычэўская.

Творча і крэатыўна Таццяна Старавойтава праводзіць не толькі ўрокі. Такім чынам яна выбудоўвае і пазакласную работу з вучнямі.

Не першы год вяду класнае кіраўніцтва. У гэтай рабоце таксама раблю акцэнт на выхаванні, прывіцці навучэнцам патрыятычных і грамадзянскіх якасцей. Мы сустракаемся з выбітнымі землякамі, ладзім вахты Памяці, адпраўляемся ў паходы, прымаем актыўны ўдзел у рэалізацыі інавацыйных праектаў школы. Дзеці з энтузіязмам даследавалі біяграфію першага дырэктара школы Ільі Каліненкі і ўраджэнца нашай вёскі Аляксея Гуменнікава, якія мужна абаранялі Ра­дзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сумесна мы знайшлі шэраг малавядомых фактаў з іх жыцця, адшукалі сваякоў. У сучасных рэаліях такая пошукавая работа набывае асаб­лівую значнасць. Маладое пакаленне павінна памятаць подзвігі і гераізм сваіх дзядоў і прадзедаў. Толькі захоўваючы гістарычную па­мяць, мы зможам быць адзінай, згуртаванай і моцнай нацыяй, — лічыць Таццяна Міхайлаўна.

Сярод працоўных прыя­рытэтаў Таццяны Старавойтавай — раскрыццё вучнёўскіх здольнасцей. З адоранымі дзецьмі настаўніца працуе індывідуальна, стараючыся максімальна развіць іх таленты. І ў яе гэта выдатна атрымліваецца: навучэнцы штогод выходзяць у пераможцы прэстыжных творчых конкурсаў.

Таццяна Міхайлаўна — гэта своеасаблівы лакаматыў творчасці, актыўнасці і ініцыятыўнасці ўсёй школы, — заўважае дырэктар Сяргей Анатольевіч Марозаў.

Гэтыя словы пацвярджаюцца шматлікімі прафесійнымі ўзнагародамі Таццяны Старавойтавай. Аднак галоўнае педагагічнае дасягненне для настаўніцы ў іншым. Для яе большае значэнне маюць цёп­лыя і даверныя ўзаемаадносіны з вучнямі.

Штодня я бачу ўдзячныя вочы навучэнцаў, іх захопленасць, цікавасць да вучобы. Менавіта гэта больш за ўсё натхняе і матывуе рухацца наперад, рабіць яшчэ больш, — адзначае педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара