Чаму сотні школьнікаў імкнуцца трапіць у загарадны лагер Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі?

- 10:50Лето-2023, Образование, Проекты

Чаму сотні школьнікаў штогод імкнуцца трапіць, а бацькі — набыць для іх пуцёўкі ў загарадны лагер Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Найперш хочацца адзначыць удалае размяшчэнне. Лагер “Дружныя рабяты” знаходзіцца на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны. Афіцыйна — Віцебскі раён, па сутнасці — амаль прыгарад. Настоены на сонцы водар сасновага бору, птушынае звонкагалоссе, адчуванне, нібыта знаходзішся ў сельскай глыбінцы, адасобленай лясамі ад вялікага свету…

Між тым Віцебск — усяго за пяць кіламетраў, а сцежкай напрамую да канцавога прыпынку гарадскога транспарту хуткай хадой можна дайсці за лічаныя мінуты. Дзеці пражываюць у трох камфартабельных двухпавярховых карпусах, па чацвёра ў пакоі. На агароджанай тэрыторыі — дзве валейбольныя, футбольная і баскетбольная пляцоўкі, спартыўны стадыён, пляцоўка для варкаўта, корт для настольнага тэніса, гульнявыя дзіцячыя пляцоўкі, утульныя альтанкі і зоны адпачынку. Непадалёк адмініс­трацыйны корпус з медыцынскім блокам, клуб з сучаснай актавай залай, сталовая з дзвюма абе­дзенны­мі заламі. Харчаванне 5-разовае, меню не толькі збалансаванае і карыснае, але і смачнае. Каб пераканацца, што дзецям згатаванае ў сталоўцы даспадобы, дастаткова паглядзець на посуд пасля абеду ці вячэры — чыста! Важна, што не толькі кухары стараюцца на ўсе сто і ў іх класна атрымліваецца. Наўрад ці ў лагеры сустрэнеш дарослага, які сумна адбывае адведзены рабочы час. Няма абыякавых, кожны шчыруе ў сваёй справе — і гэта перадаецца дзецям. 

— У наша падведамнае падпарадкаванне аб’ект перадалі ў 2015 годзе, — паведаміў дырэктар абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў. —  З таго часу мы яго крок за крокам развіваем, штосьці ўдасканальваем, каб дзецям і педагогам было камфортна. Працуем сваімі сіламі, і, дзякуй, нас добра падтрымліваюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, а таксама абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Летам тут дзіцячы аздараўленчы лагер, на працягу навучальнага года — філіял палаца. Няма такога, каб лета скончылася і карпусы закрылі на ключ да наступнага года, жыццё ў любы сезон літаральна віруе! Для нашых спартсменаў і турыстаў гэта цудоўная трэніровачная база, для тэхнікаў — выпрабавальны палігон, для біёлагаў і эколагаў — унікальная эксперыментальная пляцоўка, для лідараў і валанцёраў — зручнае месца правядзення трэнінгаў і збораў. Акрамя таго, тут нярэдка праходзяць абласныя этапы розных конкурсаў, спаборніцтваў сярод навучэнцаў, вучэбныя семінары для настаўнікаў і педагогаў дадатковай адукацыі. Трэба адзначыць, наш палац — рэгіянальны метадычны цэнтр, які каардынуе развіццё дадатковай адукацыі ў вобласці, у тым ліку займаецца пытаннямі аздараўленчай дзейнасці ўстаноў. У дачыненні да канікулярнага часу ў “Дружных” размова не выключна пра лета. Напрыклад, навучэнцам вельмі падабаецца традыцыйная зімовая змена. Сёлета ўпершыню арганізавалі яшчэ адну вясной — з інжынерна-тэхнічнай і спартыўнай накіраванасцю, правялі адкрыты шахматны турнір з удзелам міжнароднага гросмайстра Раісы Эйдэльсон. Заўсёды падчас канікул з дзецьмі працуе моцная педагагічная каманда. Акрамя таго, нашы педагогі праз практычныя заняткі, майстар-класы, конкурсы вядуць прафарыентацыю, а заадно знаё­мяць са сваімі аб’яднаннямі па інтарэсах.

Як падкрэсліў Дзмітрый Андрэеў, “Дружныя рабяты” маюць сур’ёзную перавагу, абумоўленую спецыфікай абласнога палаца дзяцей і моладзі. Установа мнагапрофільная, што дазваляе максімальна сканцэнтраваць кадравыя і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы, каб эфектыўна іх выкарыстоўваць. Педагагічны калектыў лагера складаюць работнікі палаца — вопытныя метадысты і крэатыўная моладзь, добра знаёмыя паміж сабой. Як, дарэчы, знаёмы і многія дзеці. Рамантыка “Дружных” прыцягвае, нібы магнітам: пасля завяршэння змены яе ўдзельнікі, як правіла, актыўна кантактуюць, сябруюць незалежна ад месца пражывання, а з набліжэннем лета дамаўляюцца, каб запісацца ў адзін атрад і па маг­чымасці да свайго любімага пе­дагога.

Красамоўны факт: прыём зая­вак на летнія змены ў лагер стартаваў сёлета 1 сакавіка і ў той жа дзень завяршыўся, бо свабодных месцаў не засталося. Прычым на ўсе змены, на кожнай з якіх змо­гуць адпачыць амаль па 200 дзяцей і падлеткаў. Сярод жадаючых правесці менавіта тут частку канікул — юныя жыхары не толькі Віцебшчыны, але і іншых рэгіёнаў, ёсць і расіяне.

— Заезд на першую змену адбыўся 2 чэрвеня, — расказала начальнік лагера Ірына Старавойтава. — А ўсяго гэтым летам гатовы прыняць пяць змен: чатыры 18-дзённыя і адну профільную лідарскую на 9 дзён пад дэвізам “Шлях да поспеху” для дзяцей ва ўзросце ад 13 да 15 гадоў. Такім чынам, лагер будзе працаваць да 25 жніўня. План работы выбудаваны з улікам запытаў дзяцей і іх бацькоў, штодзённы графік вельмі падзейны і насычаны: гэта агульналагерныя і атрадныя мерапрыемствы, спартыўныя гульні, канцэрты і дыскатэкі, прагляд кінафільмаў, фотасесіі і касплэі, песні ля вогнішча, сустрэчы з цікавымі людзьмі і паспяховымі прафесіяналамі, заняткі ў секцыях і гуртках па інтарэсах. Упэўнена, што кожны знойдзе для сябе справу па душы, навучыцца многаму новаму і карыснаму!

Па словах начальніка аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Вольгі Дарожкі, на Віцебшчыне сёлета плануецца аздаравіць звыш 43 тысяч дзяцей: у аздараўленчых лагерах з кругласутачным знаходжаннем — каля 17 тысяч, з дзённым — больш за 25 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Асаблівая ўвага ўдзяляецца лагерам патрыятычнай накіраванасці: іх у рэгіёне будзе звыш 100, прычым некалькі ўстановы адукацыі арганізоўваюць у партнёрстве з вайсковымі часцямі. У рамках рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Крок да поспеху” дзіцячыя лагеры наведаюць дзеячы культуры і спорту, вядомыя землякі. Для навучэнцаў будуць праходзіць цікавыя патрыятычныя мерапрыемствы, прысвечаныя дзяржаўным сімвалам Беларусі, знамянальным датам у гісторыі роднай краіны.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара