Чаму вучаць у рэсурсным цэнтры па кіраўніцкай дзейнасці сталічнай гімназіі № 40

- 9:00Главная, Образование, Школа управления

Сталічная гімназія № 40 імя Янкі Лучыны пакінула ўражанне спакою і ўтульнасці. Тут ва ўсім адчуваецца парадак. Дырэктар Ігар Бабкоў пра сябе і сваю ўстанову расказваў гэтак жа спакойна і разважліва. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ігар Анатольевіч, вы — кіраўнік са стажам. Наколькі за гады кіравання школай змяніўся ваш стыль як адміністратара?

— Мая прафесія выгадна адрозніваецца ад іншых, паколькі кожны дзень, пераконваючы ў чымсьці іншых, даючы ім парады, я вучуся сам. І, канечне, мяняюся. Гэты працэс перманентны.

— Сёння шмат гавораць пра тое, што дырэктар школы — прафесія шматфункцыянальная. На ваш погляд, дырэктар — гэта больш кіраўнік з функцыяналам юрыста, эканаміста, будаўніка або педагог-адміністратар, які арганізоўвае адукацыйна-выхаваўчы працэс?

 — Сапраўды, цяжка сказаць, кім у большай ступені з’яўляецца дырэктар навучальнай установы, бо ў калейдаскопе малюнкаў, якія змяняюць адзін аднаго нават на працягу аднаго працоўнага дня, можна адчуць сябе і акрыленым, і спустошаным, і аратарам, і стваральнікам. Гэта надае асаблівы каларыт адчуванню рэчаіснасці і робіць работу на такой пасадзе даволі цяжкай, але вельмі цікавай.

Воляй лёсу ў 2001 годзе я стаў дырэктарам сярэдняй школы № 161 Мінска, а ў далейшым — сярэдняй школы № 222. Ужо тады зразумеў, як шмат залежыць ад кіраўніка і ад таго напрамку развіцця, які ён выбірае для сваёй установы. Зразумела, першае пытанне, якое ставіць перад сабой любы чалавек на новым месцы работы, — “З чаго пачынаць?”. Тут галоўнае — зразумець, што кіраванне любым калектывам і працэсам — справа камандная. Адпаведна, мне перш за ўсё трэба было стаць часткай кіраўніцкай каманды школы.

Галоўным прынцыпам сваёй работы я вызначыў свабоду выбару — і для настаўнікаў, і для навучэнцаў. Гэта дазволіла маім калегам развівацца ў выбраных імі кірунках, самаўдасканальвацца, вывучаць новыя адукацыйныя тэхналогіі і дзяліцца сваім вопытам. Мне не хацелася навязваць ім сваё светаўспрыманне (паколькі без унутранай патрэбы да самаразвіцця няма сапраўднага настаўніка — ёсць проста рамеснік, урокадавальнік). Мне вельмі  хацелася, каб педагогі ўсвядомілі, што могуць быць творчымі і паспяховымі.  І, разумеючы, што ў калектыве, які на 98% складаецца з жанчын, загадны тон не прынясе гармоніі ў адносінах, я мякка, але настойліва прапаноўваў знаёміцца з педагагічнымі навінкамі і прымяняць атрыманыя веды на сваіх уроках.

У 2012 годзе школа стала гімназіяй № 40 Мінска, а ў 2022-м ёй было прысвоена імя Янкі Лучыны. Змяненні статусу не былі самамэтай — яны толькі падкрэслівалі пастаяннае імкненне педкалектыву да пошуку найбольш эфектыўнага і кароткага шляху рэалізацыі педагагічных мэт. За 22 гады змянілася многае: праграмы і падручнікі, бацькі і дзеці, прынцыпы ацэньвання і правілы паступлення. Але нязменнымі застаюцца гуманістычны падыход да выхавання і навучання ў гімназіі, беражлівыя адносіны да гімназічных традыцый і дэвіз, які вызначае ўнутраны, глыбінны змест работы педагагічнага калектыву і ў цэлым гімназічнага жыцця, — “Спяшайцеся рабіць дабро!”.

— А што неабходна для таго, каб стаць паспяховым кіраўніком?

— Каб быць паспяховым кіраўніком, на мой погляд, трэба стаць лідарам, прычым не толькі фармальным, але і нефармальным. Для мяне гэта азначае быць чалавекам, да якога кожны падначалены можа прыйсці са сваімі праблемамі, пытаннямі, удачамі і няўдачамі, і яго абавязкова вы­слухаюць, зразумеюць і дапамогуць.

Немалаважна быць актыўным грама­дзянінам. Прынамсі, я ўваходжу ў Савет дырэктараў агульнаадукацыйных устаноў Мінска, з’яўляюся членам Савета Мінскай гарадской арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Адна з тэндэнцый, якая ўплывае на сучасную школу, — развіццё зместу адукацыі і выхавання, выкліканае не толькі развіццём педагогікі ў цэлым, але і абвастрэннем канкурэнцыі на рынку адукацыйных паслуг. Павышэнне прэстыжу адукацыі і з’яўленне новых форм адукацыйных паслуг прымушаюць шукаць новыя падыходы ў рабоце, якія б сталі прыцягальнымі як для вучняў, так і для іх бацькоў. Заўсёды прывабнай будзе навучальная ўстанова са сваімі адметнасцямі і традыцыямі.

Памылка некаторых кіраўнікоў заключаецца ў тым, што за папяровай работай, клопатам аб укараненні новых тэхналогій, аб арганізацыі і рэарганізацыі адукацыйнага працэсу яны забываюць: школа створана для дзіцяці. Менавіта ад школы зале­жыць будучыня любога грамадства, дзяржавы, тут адбываюцца станаўленне асобы, перадача ведаў з пакалення ў пакаленне, вызначэнне асноўных каштоўнасцей, арыенціраў і прыярытэтаў у жыцці будучага грамадзяніна.

На мой погляд, місія сучаснай школы — фарміраванне чалавека, здольнага дзейнічаць і ствараць на карысць грамадства і дзяржавы.

— Ваша гімназія з’яўляецца пляцоўкай для павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства дырэктараў і намеснікаў: у вас дзейнічае рэсурсны цэнтр па кіраўніцкай дзейнасці. Чаму вучыце?

 — Асноўная мэта дзейнасці цэнтра — распаўсюджванне эфектыўнага кіраўніцкага вопыту, накіраванага на вырашэнне прыярытэтных задач развіцця сістэмы адукацыі. Дзейнасцю рэсурснага цэнтра займаюцца 12 педагагічных работнікаў. Усе педагогі маюць вышэйшую адукацыю. У гімназіі створана стройная сістэма кіраўніцкай дзейнасці, якая забяспечвае высокі ўзровень прафесійнага майстэрства. Педагагічныя работнікі цэнтра з’яўляюцца арганізатарамі раённых, гарадскіх і міжнародных мерапрыемст­ваў: семінараў, майстар-класаў, круг­лых сталоў.

У прыватнасці, на базе гімназіі былі праведзены вучэбны вэбінар для кіраўнікоў па ліцэнзаванні суб’ектаў гаспадарання, якія рэалізуюць праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, семінар для намеснікаў дырэктара  “Кіраванне новаўвядзеннямі. Удасканаленне прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў пачатковых класаў”, гарадскі семінар для выхавальнікаў “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне малодшых школьнікаў у рэжыме групы прадоўжанага дня”, гарадскі бацькоўскі сход “Узаемадзеянне органаў, арганізацый і ведамстваў, законных прадстаўнікоў вучняў па пытаннях папярэджання негатыўных з’яў у дзіцячым і маладзёжным асяроддзі”.

Аналізуючы статыстычныя даныя аб мерапрыемствах, якія праводзяцца на базе рэсурснага цэнтра, можна зра­біць выснову, што рэсурсныя магчымасці гімназіі выкарыстоўваюцца ў поўнай меры, прадстаўленыя формы работы запатрабаваны педагагічнымі работнікамі Мінска і не толькі. Правядзенне арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў паспрыяла распаўсюджванню вопыту работы гімназіі, пошуку партнёраў для супрацоўніцтва, павышэнню прафесійнага майстэрства класных кіраўнікоў і настаўнікаў гімназіі.

Але мы не спыняемся на дасягнутым. Навучаючы калег, мы самі не перастаём вучыцца. “Вектар развіцця — якасць!” —  формула работы педагогаў Ленінскага раёна сталіцы. У рамках жнівеньскага форуму “Адукацыя Ленінскага: місія стварэння — чаму вучыць і як вучыць” было праведзена каля 20 педагагічных майстар-класаў ад лепшых з лепшых.

— Сярод іх, канечне ж, былі і вашы педагогі?

— Так. Увогуле ў нашай навучальнай установе склалася выразная сістэма метадычнай работы, якая забяспечвае неабходную падтрымку і суправаджэнне педагагічных работнікаў усіх катэгорый і дазваляе кожнаму настаўніку рэаліза­ваць свой патэнцыял. Павышэнне якасці ведаў вучняў знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

Імя нашай гімназіі складаецца з імёнаў педагогаў-прафесіяналаў. Сярод іх Юлія Дзмітрыеўна Сташкевіч, старшыня раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі, уладальніца прэміі Мінгарвыканкама, майстар сваёй справы: яе навучэнцы рэгулярна становяцца пераможцамі трэцяга і заключнага этапаў Рэс­публіканскай алімпіяды па хіміі, пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў даследчага характару. Гэта і Алена Мікалаеўна Лагун, настаўніца англійскай мовы, уладальніца дыплома II ступені гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Настаўнік”, дыплома I ступені міжнароднага прафесійна-даследчага конкурсу “Выкладчык года — 2020”, дыплома I ступені міжнароднага прафесійна-даследчага конкурсу “Педагагічны прыярытэт — 2022”, дыплома I ступені міжнароднага прафесійна-метадычнага конкурсу “Перспектыўныя педагагічныя распрацоўкі”, дыплома III ступені інтэрнэт-праекта “Адукацыя і інтэрнэт: вектары бяспекі, на­дзейнасці, якасці”.

Якасна вырашаюць няпростыя задачы выхаваўчай работы класныя кіраўнікі Т.А.Вінярская, Н.М.Саўрас, І.А.Марчонак, А.У.Шабалінская, А.В.Тарлопава, Т.Л.Пабойкіна, Н.В.Шамаль, В.П.Тымуль.

Сёння гімназія — гэта стабільная, сучасная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, у якой працуе калектыў аднадумцаў, матываваных на высокія дасягненні. Са 103 педагогаў гімназіі 83 маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Настаўнікі актыўна прадстаўляюць свой вопыт работы на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях.

— Напэўна, такое ўважлівае стаўленне дырэктара да развіцця прафесійных кампетэнцый педагогаў прыно­сіць адпаведныя вынікі?

— Канечне. Вынікам сістэмнай работы па павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў з’яўляюцца поспехі нашых гімназістаў. Нашы хлопцы і дзяўчаты вынікова ўдзельнічаюць у гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах, канферэнцыях. За апошнія 3 гады 204 гімназісты сталі дыпламантамі другога этапу прадметнай алімпіяды, 29 — дыпламантамі трэцяга, 3 — пераможцамі заключнага этапу.

Гімназія з’яўляецца паспяховай па выніках цэнтралізаваных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Так, у 2023 го­дзе 90 і больш балаў набраў 61 выпускнік. У 10 чалавек па ЦЭ 100-бальныя сертыфікаты, у аднаго навучэнца 100 балаў як у пераможцы трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Яшчэ ў нас было 5 выпускнікоў з залатым медалём.

Стабільнасць вынікаў работы нашай установы адукацыі на працягу многіх гадоў звязана з удасканаленнем адукацыйнага працэсу ў напрамку задавальнення запытаў і патрэб гімназістаў, павышэння матывацыі педагогаў да развіцця прафесійнай кампетэнцыі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інтэ­лектуальных і творчых здольнасцей гімназістаў, фарміраванню ў іх здаровага ладу жыцця, культуры, актыўнай грамадзянскай пазіцыі. З верасня 2023 года ў сценах гімназіі стартаваў праект “Шляхамі Перамогі. Нам жыць і памятаць!”. І ўжо 23 верасня ўдзельнікі патрыятычнага атрада “Памяць” здзейснілі першую паездку ў Ветку Гомельскай вобласці. Наведалі музей баявой і працоўнай славы сярэдняй школы № 1 Веткі імя А.А.Грамыкі, усклалі кветкі да помніка невядомаму салдату і ўшанавалі хвілінай маўчання воінаў, якія загінулі ў барацьбе за вызваленне Беларусі. А дадому прывезлі незабыўныя ўражанні.

Гордасць гімназіі:

Марыя Чырвоная, навучэнка 11 “У” класа, уладальніца дыплома I ступені трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, дыплома III ступені рэспуб­ліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў, пераможца рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”;

Ангеліна Коршак, навучэнка 11 “Б” класа, кіраўнік патрыятычнага атрада “Памяць”, уладальніца дыплома II ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні (абслуговай працы);

Цімафей Волчак, навучэнец 11 “А” класа, пераможца раённага і гарадскога этапаў рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт.by” па распрацоўцы камп‘ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці;

Кацярына Пятроўская, навучэнка 11 “У” класа групы педагагічнай накіраванасці, удзельніца III навукова-практычнай канферэнцыі “Актуальныя напрамкі і перспектывы педагагічнай адукацыі”, IV адкрытага злёту навучэнцаў педагагічных класаў, пераможца раённага конкурсу сярод навучэнцаў профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці “Мая прафесійная буду­чыня”.

— Ігар Анатольевіч, а што можа дапамагчы пачынаючаму кіраўніку зра­біць першы правільны крок, прыму­сіць сябе дзейнічаць, расці, увесь час дасягаць большага?

— Па-першае, кіраўнік павінен лю­біць сваю справу. Па-другое, ён павінен ра­зумець, што ў нашай рабоце няма дробязей — з іх усё пачынаецца, і нам ніколі не варта ісці на здзелку са сваім сумленнем. І трэцяя важная рэч — дырэктара не павінны раздражняць праблемы, якія ўзніка­юць практычна штодня. Бо школа, вобразна кажучы, — гэта пастаянна дзеючы вулкан, у жарале якога ўсё рухаецца, кіпіць, бурліць. А калі дырэктар раздражняецца, ён абавязкова ў нечым памыляецца. Акрамя таго, такія паводзіны няправільныя з педагагічнага пункту гледжання. Ды і рэнамэ кіраўніка складаецца з дробязей. Таму калі пачаўся аўрал, напрыклад, ідзе рамонт, дырэктару не трэба баяцца ўзяцца за работу разам з тэхнічнымі работнікамі і пафарбаваць памяшканне. Кіраўнік, які хоча здавацца велічным і недасягальным, сваімі паводзінамі імкнецца схаваць або ўласную няўпэўненасць, або некампетэнт­насць у нейкіх пытаннях, або проста недахоп розуму. Тут дарэчы ўспомніць і залатое правіла педагогікі: “Хвалі на людзях, сварыся сам-насам”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва гімназіі